У Брытаніі завялася чайка-зладзюжка, якая крадзе з крамы адзін і той жа тавар ВІДЭА
З птушкай змагаліся рознымі спосабамі, але гэта не дапамагло. Маленькаму злодзею ўжо далі імя.
28.07.2024 / 14:17
Чайка-зладзюжка Стывен тэрарызуе адну з брытанскіх харчовых крам. Фоты: скрыншот відэа з брытанскіх сацсетак
У брытанскім горадзе Уэймут, што на поўдні краіны, папулярнасць набыла хітрая чайка, якая ўжо некалькі месяцаў крадзе чыпсы строга пэўнай маркі і смаку з мясцовай харчовай крамы.
Птушку-зладзюжку ў сацсетках празвалі «чайка Стывен» («Steven Seagull»), што на англійскай мове сугучна поўнаму імю вядомага амерыканскага акцёра Стывена Сігала, які цяпер жыве ў Расіі.
На адным з відэа бачна, як Стывен заходзіць у краму і крадзе адтуль чыпсы, а затым гучна рагоча.
«Стывен асабліва любіць чыпсы са смакам ялавічыны і барбекю. За апошнія два месяцы гэтая хітрая птушка, не саромеючыся, скрала каля 30 пакетаў чыпсаў. Я спрабаваў растлумачыць праблему ўладам, але яны ў адказ смяюцца», — паскардзіўся менеджар пацярпелай крамы Сцюарт Хамер, перадае агенцтва Бі-бі-сі.
Па словах Хамера, са Стывенам спрабавалі змагацца некалькімі спосабамі.
Спачатку супрацоўнікі магазіна падмянялі любімыя чыпсы чайкі на вострыя, аднак птушка заўважала падман і ўсё роўна дацягвалася да патрэбных ёй пакетаў.
Затым на ўваходзе ў краму было вывешана пісьмовае папярэджанне з выявай Стывена, каб кліенты зачынялі за сабой дзверы і тым самым «не прапускалі мясцовага зладзюжку ўнутр».
Пісьмовае папярэджанне кліентам харчовай крамы Уэймута, каб яны не прапускалі Стывена ўнутр. Фота з брытанскіх сацсетак
Аднак, напароўшыся на зачыненыя дзверы, чайка гучна стукае па іх дзюбай, каб ёй адкрылі, і потым усё роўна крадзе чыпсы, каб паесці іх разам са сваімі сябрамі, распавядае менеджар крамы.
Дагэтуль так і не было знойдзена эфектыўных спосабаў спыніць птушку.
«Акела прамахнуўся». У сеціве завірусілася пацешнае ВІДЭА, як брэсцкі кот паляваў на бусла
Высветлілася сапраўдная прычына анамальных нападаў зграй касатак на раскошныя яхты ў еўрапейскіх водах