«Адна памылка — і ўсё пад знос». Мінчук будуе самы вялікі катэдж з саломы ў Беларусі
У другой палове лета на палях з'яўляюцца бясконцыя рулоны саломы. Большасць людзей проста праязджае міма, некаторыя лічаць гэтыя цюкі выдатным фонам для фота, а нехта бачыць у іх свой будучы дом. Адзін з такіх рамантыкаў вырашыў пабудаваць пад Мінскам самы вялікі саламяны катэдж у Беларусі і даказаць насуперак стэрэатыпам, што гэта тэхналогія не толькі далёкага мінулага, але і будучыні, піша «Анлайнер».
26.07.2024 / 23:23
Чароўны куток
Павел Саковіч — прадпрымальнік з Мінска. Дзесяць гадоў таму ён задаўся мэтай вырвацца з палону раёнаў і кварталаў сталіцы на ўлонне прыроды, дзе афіцыйны дазвол парушаць ранішнюю цішыню ёсць толькі ў птушак. У той жа час з-за працы ён не мог дазволіць сабе адарвацца ад горада, а таму разглядаў толькі ўчасткі не далей за 10 кіламетраў ад МКАД.
«Хацелася знайсці залатую сярэдзіну паміж горадам і вёскай. Каб да працы ехаць было не моцна даўжэй, чым з гарадской кватэры. Каб не было праблем з дарогамі і камунікацыямі, але ў той жа час каб быў кантакт з прыродай, цішыня і адзінота. Па цяперашніх часах знайсці ўчастак з такімі ўводнымі практычна нерэальна, альбо ён будзе каштаваць казачных грошай, але тады, у 2014-м, пасля доўгіх пошукаў мне вельмі пашанцавала знайсці гэты чароўны куток», — успамінае мужчына.
Паўлу трапіўся ўчастак у Ратамцы памерам 12 сотак, размешчаны на ўскрайку лесу ў канцы тупіковай вуліцы. За яго ён тады аддаў 60 тысяч даляраў у эквіваленце. З ходу робіцца зразумела, чаму гаспадар лічыць гэтае месца чароўным: вось ты стаіш у корку на МКАД, як раптам праз літаральна 8 хвілін ужо знаходзішся ў атачэнні маляўнічага лесу, у поўнай цішыні, дзе, здаецца, нават мясцовыя жыхары гавораць паўшэптам, каб не парушыць гэтую ідылію. Быццам бы і няма пад бокам ніякай шумнай сталіцы. Па мерках прыгарада месца сапраўды чароўнае, а таму тут лёгка пусціцца па хвалях філасофскіх разваг.
«Надышоў такі момант у жыцці, калі хочацца асесці, пусціць карані ў месцы, да якога ляжыць душа. Дзе табе ніхто не перашкаджае і ты нікому не перашкаджаеш, як гэта часта бывае ў горадзе. Трошкі прытармазіць і зразумець, чаго сапраўды хочаш ад жыцця. Адпачыць ад бетонных гарадскіх каробак і знайсці кантакт з прыродай. У нейкім сэнсе гэтым таксама абумоўлены выбар саломы як матэрыялу для будаўніцтва дома, таму што не хацелася, прыязджаючы сюды, зноў дыхаць бетонам. Які матэрыял можа быць больш прыродным і натуральным, чым салома і гліна?»
Зрэшты, па словах гаспадара, саламяны дом не быў для яго нейкай дакучлівай ідэяй, якая не давала яму спаць па начах. «Схапіўся за саломінку» ён хутчэй выпадкова. Першапачаткова разглядаў варыянт будаўніцтва па каркаснай тэхналогіі або з суцэльных бярвенняў. Першы ў выніку не задаволіў яго патрабаванням да экалагічнасці і тэхнічных параметраў накшталт шумаізаляцыі, цеплаправоднасці і трываласці, а для другога быў вельмі непрыдатны час, бо ў той момант шалёна падскочылі цэны на драўніну.
«Ідэю саламянага дома падказаў мне сябар. І нешта мяне ў ёй адразу зачапіла, я пачаў старанна вывучаць тэму і наяўныя праекты. Даведаўся, што ў ЗША маюцца падобныя дамы, якія стаяць больш за стагоддзе. Падобныя прыклады ёсць і ў Еўропе, а ў Расіі існуюць цэлыя камерцыйныя забудоўшчыкі, якія займаюцца саламяным домабудаваннем. У Беларусі гэтая сфера развітая даволі слаба. Перыядычна здараюцца нясмелыя спробы нешта наладзіць, часам на будаўнічых выставах паказваюць падобныя экспанаты, але далей нейкіх эксперыментальных дамоў або праектаў асобных энтузіястаў справа не ідзе».
Па словах Паўла, яго захапіў такі азарт першапраходца, з'явілася жаданне з галавой акунуцца ў гэтае мора новага досведу. Пры гэтым мужчыну па жыцці ўласцівая педантычнасць і грунтоўны падыход да любой справы, за якое ён бярэцца, а таму ніхто з наскоку за малаток не хапаўся.
Спачатку Павел вывучыў уздоўж і ўпоперак усё, што знайшоў па гэтай тэме ў інтэрнэце, наведваў будаўнічыя выставы і толькі пасля таго, як узважыў усе за і супраць, узяўся за справу.
Палац з саломы
Для пачатку ўладальнік знайшоў архітэктара, які спраектаваў дом з улікам усіх пажаданняў заказчыка. І хоць спецыяліст раней не працаваў ні з чым падобным, ён гэтак жа сама сур'ёзна заглыбіўся ў тэму і не толькі стварыў эскізы і планіроўку, пралічыў крок і колькасць панэляў, праёмы, але і правёў разлік усіх нагрузак, каб пераканацца ў надзейнасці канструкцыі. Гэта асабліва важна з улікам таго, што Павел задумаў не проста нейкі мілы дачны дамок з саломы, а ледзь не цэлы асабняк плошчай звыш 600 «квадратаў».
«Звярнуцца па дапамогу архітэктара было найлепшым рашэннем, таму што на адным энтузіязме, хоць яго і вельмі шмат, можна нарабіць нямала глупстваў: не разлічыць нагрузку, не дадумаць дэталі ці ўвогуле няправільна закласці падмурак. Часам дастаткова адной памылкі, і ў выніку ўсё пойдзе пад знос. А так дзякуючы нашаму супрацоўніцтву ў мяне канчаткова склалася бачанне будучага дома», — дзеліцца Павел.
У наш час, калі ў прыватным будаўніцтве зададзены трэнд на кампактнасць, дамы такіх памераў рэдка будуюць нават са звыклага газасілікату ці цэглы, не кажучы ўжо пра салому. Але гэтыя плошчы — не нейкая даніна гігантаманіі 90-х, ніякія вежачкі збоку ўладальнік прыбудоўваць не збіраецца — кожнаму метру ёсць рацыянальнае тлумачэнне.
«З усяго метражу пад жылую плошчу адведзена не так ужо і шмат, усяго каля 150 «квадратаў». Але абавязкова хацелася мець у доме прасторны гаспадарчы блок і гараж-майстэрню, якія пры неабходнасці можна было б прыстасаваць пад патрэбы бізнэсу. Я займаюся прадпрымальніцтвам усё жыццё, і спрабаваць новыя кірункі для мяне абсалютна нармальна. Часам нават не ведаеш, якая ідэя прыйдзе ў галаву заўтра. І ў кожным разе неабходнае месца, дзе можна займацца чымсьці спакойна з запасам прасторы. Таму ў «квадратах» я сябе не абмяжоўваў».
Аднак называць увесь гэты велізарны дом на 600 «квадратаў» выключна саламяным было б не зусім сумленна. Рэч у тым, што цокальны паверх узведзены па класічнай тэхналогіі зборнага стужачнага падмурка з блокаў ФБС, з жалезабетоннымі плітамі перакрыцця.
Здавалася б, прычым тут падмурак, але з-за рэзкага перападу вышынь на ўчастку цокальны паверх адначасова лічыцца як першы і ўключаны ў агульную плошчу, а першы, які, уласна, будуецца з саламяных панэляў, адначасова лічыцца як другі. Вышыня столяў на кожным паверсе складае ўражлівыя 3 метры.
Цокальны паверх плануецца такім жа заселеным і функцыянальным, як першы (ці ўсё ж такі другі?). Пры гэтым запраектавана велізарнае гаражнае памяшканне, уезд у якое будзе з адваротнага боку дома па дзікаму серпантыну. Але гараж таксама будзе і на другім паверсе, вось толькі заезд у яго прадугледжаны ўжо з вуліцы.
Калі мозг пасля пачутага пайшоў на тэхналагічны перапынак, гэта нармальна. Нават сам гаспадар блытаецца ў нумарацыі паверхаў. Узнікае іншае пытанне: атрымліваецца, што палова дома ўсё адно складаецца з бетону, а саламяная частка не такая ўжо і вялікая? Вакол падман? Аднак плошча кожнага паверха — больш за 300 квадратных метраў, і нават калі адкінуць цокальны паверх, то астатняя плошча саламянай часткі ўсё адно ўражвае і відавочна цягне на рэкорд як мінімум у Беларусі.
Слабое месца
Павел гатовы гадзінамі расказваць пра тонкасці тэхналогіі — настолькі ён гарыць сваім праектам. А вось салома, у адрозненне ад Паўла, не гарыць. Гэта значыць, насуперак папулярнай думцы пра пажаранебяспечнасць такіх дамоў, у лабараторных умовах пацверджана, што абтынкаваныя глінай саламяныя панэлі увогуле не падтрымліваюць гарэнне. Выпрабаванні засведчылі, што нават газасілікат рассыпаецца ад тэмпературы хутчэй. Так што гэты стэрэатып гаспадар разбурае адразу.
«Акрамя пажарабяспечнасці, такія дамы вылучаюцца высокім узроўнем шумаізаляцыі. Да таго ж сцены не абшываюцца матэрыяламі накшталт OSB-пліт, у якіх утрымліваюцца не самыя карысныя для здароўя рэчывы, ім зусім не патрабуецца дадатковае ўцяпленне з мінеральнай ваты ці пеноплексу. Яны маюць вельмі нізкую цеплаправоднасць, і гэта велізарная эканомія на ацяпленні.
У той жа час матэрыял практычна не награецца, што з'яўляецца бясспрэчным плюсам пры такой спякоце, як цяпер. А яшчэ ў гэтых дамах выдатны мікраклімат, бо яны, што называецца, дыхаюць. Усё гэта выгадна адрознівае такі дом ад тых жа каркаснікаў, хоць агульныя прынцыпы будаўніцтва ў іх падобныя», — сцвярджае Павел.
Аргументы ўладальніка на карысць саламянага дома гучаць настолькі пераканаўча, што з імі цяжка паспрачацца. Але павінна ж быць нейкае слабое месца. Можа, хоць бы ў спрытных мышэй атрымаецца яго адшукаць? Грызуны ж відавочна таксама з цікавасцю сочаць за ходам будаўніцтва, каб хутчэй уладкаваць сабе ўтульную будку ў экадоме сярод духмянай саломы. А такое суседства ў тэорыі можа перакрэсліць усе вартасці пабудовы. Але на практыцы і тут даводзіцца запісаць дадатковы бал на карысць саламяных дамоў.
«Многія сапраўды баяцца, што такі дом мышы ледзь не з'ядуць за некалькі гадоў. Аднак ад гэтай праблемы ёсць элементарная абарона, якая выпрацаваная ўжо стагоддзямі.
Салома ў абавязковым парадку павінна быць з жыта. Не дапускаецца выкарыстанне пшанічных сцёблаў або чагосьці падобнага.
Менавіта ў жыце ўтрымліваюцца асаблівыя рэчывы, якія адпужваюць грызуноў і нават насякомых-шкоднікаў. Вось гэтыя панэлі ляжалі проста на вуліцы аж два гады. І за гэты час не з'явілася ані найменшых прыкмет, што там былі ўладкаваныя нейкія гнёзды мышэй. Хіба што пару разоў гнёзды ладзілі восы, але яны могуць зрабіць гэта дзе заўгодна».
Але слабое месца ў саламяных панэляў усё ж знайшлося, прычым там, дзе, здавалася б, павінна хавацца яшчэ адна іхняя перавага. Як прызнаецца Павел, першапачаткова сярод іншых плюсаў ён разлічваў на эканамічнасць. Але калі ён перавёў аб'ём адной панэлі на аб'ём газасілікату, то атрымалася, што яна каштуе ў пяць разоў даражэй.
«Раней я не займаўся будаўніцтвам, а таму па неспрактыкаванасці разважыў, што гэтыя панэлі павінны абыходзіцца танней любых іншых матэрыялаў. Бо сама салома каштуе капейкі. Але я не ўлічыў самае затратнае — лагістыку. Перавозка і захоўванне адабралі найбольшую долю фінансаў ад кошту панэляў. Зрэшты, самі сцены — гэта вельмі невялікі адсотак ад агульнага каштарысу, а таму значна на кошце аб'екта гэта не адбілася».
Зрабі сам
Гаворачы пра эканамічнасць, Павел згадвае, мабыць, ключавы нюанс усёй будоўлі. Аказваецца, гэтыя саламяныя панэлі ён не заказваў дзесьці ў кагосьці і не супрацоўнічаў з якой-небудзь профільнай кампаніяй. Кожную з панэляў ён зрабіў сам. Усё — ад закупкі цюкоў да кладкі апошняй саломінкі ў каркас — ягоных рук справа. Для гэтага на вёсцы ў бацькоў мужчына нават з нуля вырабіў спецыяльны прэс.
«Доўга давялося пакорпацца з наладамі рухавіка, ціску і іншых параметраў, перш чым стала атрымлівацца. Першыя панэлі выходзілі недастаткова шчыльнымі, а цяпер па іх можна ўдарыць, можна скакаць, бегаць і нічога не будзе.
Важна ўлічваць, што ў панэляў ёсць пэўны дыяпазон шчыльнасці, за які нельга выходзіць. Калі яе набіць занадта шчыльна, да ўзроўню цвёрдасці газасілікату, скажам, то павялічыцца цеплаправоднасць і панэль стане значна хутчэй прапускаць холад. Калі акажацца недастаткова шчыльнай, то не будзе неабходнай цвёрдасці і шумаізаляцыі», — адзначае гаспадар дома.
Уся праца пачалася з закупкі драўніны для каркаса. Па словах Паўла, ён якраз трапіў на той момант, калі адбыўся рэзкі скачок цэнаў на яе. Калі б купляў цяпер, сабекошт панэлі быў бы прыкметна ніжэйшы.
Таксама вельмі шмат грошай пайшло на транспартаванне, таму што першапачаткова ён слаба прадумаў гэты момант. Пры гэтым на фоне іншых выдаткаў салома каштавала сапраўды капейкі. Двух рулонаў, падобных тым, што мы бачым на палях пасля жніва, хапае на тры панэлі, а кожны такі рулон абышоўся мінчуку ўсяго ў 15 рублёў. Усяго на 60 панэляў, якія плануецца ўсталяваць у доме, пайшло саломы на 600 рублёў. Не дзіўна, што нават паліва для транспарту абышлося даражэй.
«Салому можна здабыць у любых колькасцях, а вось колькі выдаткавана на лагістыку, захоўванне, драўніну, выраб прэса, я нават баюся палічыць. Але ўсё гэта нішто на фоне рызыкі паспрабаваць нешта новае, даведацца, што з усяго гэтага выйдзе. Мне быў цікавы сам працэс пабудовы, пачынаючы з уласнай вытворчасці матэрыялу. Гэта зусім іншае адчуванне, чым проста паехаў усё купіў, дах накрыў і сядзіш роўна. Хай гэта і значна павялічвае выдаткі на будоўлю».
Пасля расказу пра ўласны прэс раптам разумееш, адкуль растуць ногі ў кранаў, якія звяртаюць на сябе ўвагу яшчэ на пад'ездзе. Добра яшчэ маленькія пад'ёмнікі, але ці жарты — на будаўніцтве якога яшчэ прыватнага дома можна ўбачыць уласны казлавы кран? Які дакладна гэтак жа сама перасоўваецца па ўласных рэйках, хай і драўляных, і спраўна выконвае функцыю транспартавання панэляў з кузава грузавікоў проста да месца ўстаноўкі.
«Я не ведаю, колькі важыць панэль, дакладна не вылічваў, не было неабходнасці. Але прыблізна 150-200 кілаграмаў. Я магу яе падняць набок адзін і нават кудысьці перакаціць. Але, зразумела, пры вялікіх аб'ёмах ніхто ўручную гэта цягаць не стаў бы. Вось і ўзнікла неабходнасць у пад'ёмнай тэхніцы. Аўтакран пастаянна выклікаць не будзеш, таму пасля некаторых роздумаў вырашыў зрабіць уласны казлавы кран, які дапамагае нам пры разгрузцы панэляў з транспарту, і два дадатковыя міні-краны, пры дапамозе якіх мы гэтыя панэлі і ўсталёўваем ўжо на месца. Прыйшлося выдаткаваць на гэта дадатковых дзён з дзесяць, але затое цяпер мы ацанілі перавагі і дапамогу».
Галоўнае правіла
Па словах Паўла, мантаж атрымліваецца пакуль што не такім хуткім, як хацелася б. З іншага боку, нават з такой хуткасцю ў планах скончыць работы за пару тыдняў і паволі перайсці да падрыхтоўкі пад дах. Магло б быць яшчэ хутчэй, калі б не даводзілася дапрацоўваць панэлі на месцы.
«У кожную трэцюю панэль мы ставім дадаткова ўкосіны, гэта такія нахільныя распоркі. Яны адказваюць за шчыльнасць і трымаюць усе нагрузкі. Таксама мы дадаткова забіваем тарцы саломай для максімальнага ўшчыльнення пры мантажы. Правяраем панэлі і дзесьці ўносім яшчэ нейкія дапрацоўкі. Таму выходзіць не вельмі хутка. У выпадку з замежнымі прыкладамі, калі катэджы з падобных панэляў узводзяць за 3-4 дні, усё загадзя падрыхтавана ўжо ў фабрычных умовах і застаецца толькі прывезці і змантаваць», — дзеліцца вопытам гаспадар.
Усяго на ўзвядзенні працуюць тры чалавекі. Паўлу дапамагаюць будаўнікі Мікіта і Яраслаў. Як прызнае Мікіта, такая тэхналогія будаўніцтва для яго зусім у навінку, бо ягоны асноўны профіль — гэта кладка газасілікату. Аднак ён з задавальненнем адгукнуўся на запрашэнне Паўла, таму што падзяляе яго імкненне да новага досведу.
«У гэтай тэхналогіі адназначна ёсць перспектывы, аднак тут трэба прапрацаваць менавіта вытворчы момант, каб панэлі не даводзілася дарабляць на месцы. Таму што пакуль атрымліваецца нават павольней, чым кладка газасілікату пры супастаўных аб'ёмах. Аднак мы набіваем не толькі панэлі, але і гузы. Гэта і называецца досвед. Калі ў першыя дні мы маглі ледзь-ледзь паставіць дзве панэлі, то цяпер выходзіць па пяць. Можа здацца, што гэта не вельмі хутка, але трэба ўлічыць маштаб аб'екта. Калі б гэта быў дом на 100 «квадратаў», справіліся б за некалькі дзён», — разважае Мікіта.
Павел дэманструе асноўны мацавальны элемент, на якім усё трымаецца. І гэта не чэснае слова, а адмысловая канструкцыйная шруба, якая закручваецца спецыяльным ударным шрубакрутам. Такім чынам панэлі памерам 3000×1200×40 мацуюцца да асновы і паміж сабой. Акрамя таго, паміж імі закладаюць джутавы міжвянцовы ўшчыльняльнік, які выкарыстоўваюць пры будаўніцтве дамоў са зруба. Ён дае не толькі максімальнае ўшчыльненне пры мантажы, але і абарону ад прамярзання ў мастках холаду, а таксама прыбірае ўсе магчымыя рыпенні, напрыклад, ад усаджвання будынка.
Пры будаўніцтве саламянага дома існуе галоўнае правіла — заўсёды пазіраць на неба і сачыць за прагнозам, бо надвор'е найважней за ўсё. Таму што адзінае, што можа нашкодзіць будоўлі, — гэта заспелая знянацку моцная залева. Калі з пярэдніх бакоў вільгаць панэлям не страшная, то пранікненне вады з тарцоў на значную глыбіню можа прывесці да праблем.
«Калі мы змантавалі панэль, я перш за ўсё залажу на яе і закрываю тарцы пры дапамозе плёнкі і стэплера. Таму што калі салома прамакае ў глыбіню, то гэта месца давядзецца рамантаваць, забіваючы нанова. У найгоршым выпадку панэль адбракоўваецца цалкам. Аднак за ўвесь перыяд будаўніцтва такая бяда здарылася толькі з адной панэллю. Ды і тое з яе можна зрабіць аконную перамычку», — робіць выснову Павел.
Па словах гаспадара, асноўная задача цяпер — да канца сезона зрабіць дах. У такім стане дом ужо можа цалкам спакойна перажыць зіму, а там можна будзе брацца за знешняе і ўнутранае аздабленне. Першапачаткова ва ўладальніка была думка працягнуць прыродную тэму і зрабіць дах таксама з саломы. Аднак пры такой плошчы дома гэта аказалася вельмі складана тэхнічна, таму было вырашана спыніцца на больш звыклай металадахоўцы.
Забаўка для дзяцей
У саламяным доме гліна з'яўляецца не менш важным кампанентам, чым сама салома. Гэтыя матэрыялы працуюць у пары. Гліна рэгулюе вільготнасць, сцягваючы лішкі на сябе, а калі занадта суха — аддаючы іх. Такім чынам, дом не закаркаваны быццам тэрмас, а нібы дыхае, і менавіта гэта стварае той самы асаблівы мікраклімат.
Акрамя таго, зробленая па правілах тынкоўка з гліны — зарука надзейнасці і даўгавечнасці будынка. Яна абавязкова павінна быць з двух бакоў і складацца з трох пластоў.
«Абмазачны пласт сцягвае паверхню. Унутраны пласт таўшчынёй 3-5 сантыметраў — асноўны рэгулятар вільготнасці ў сцяне. І знешні пласт, які ўжо значна танчэйшы. У яго ўжо трэба дадаваць цэмент, каб гліна не размакала. У іншыя пласты дадаваць яго нельга, таму што цэмент — даволі агрэсіўны матэрыял і раз'ядае салому, з-за чаго тынкоўка проста не будзе трымацца», — дзеліцца мудрагелісцямі гаспадар.
Знешняе аздабленне хаты можа быць зусім любым, ад фасадных панэляў да клінкернай цэглы. Уласна, нават трэці пласт гліны ўжо можа выступаць як аздобны матэрыял альбо як аснова пад нешта яшчэ. Пры гэтым ніякае дадатковае ўцяпленне або тэрмашуба зусім не патрэбныя.
«Чуў меркаванне ад некаторых замежных спецыялістаў, што такім дамам, па сутнасці, нават не патрэбная ўнутраная вентыляцыя. І гэта зноў жа пра адчуванне сябе ў гэтай прасторы, пра прыроду і натуральнасць. Ну а абмазваць сцены глінай — асобная забаўка для дзяцей. Яны з такім задавальненнем і азартам пэцкаюцца з гэтым, што не адцягнуць», — усміхаецца Павел.
Уладальнік будоўлі пасля паспяховага заканчэння праекта нават падумвае працягнуць узвядзенне падобных дамоў ужо на замову, паколькі бачыць у гэтым пэўную перспектыву, улічваючы павышаную цікавасць да загараднага будаўніцтва і сучасныя экатрэнды.
«Найлепшы бізнэс — калі ўсё выпрабавана на сабе. Але не магу адмаўляць, што ў нас у краіне пакуль яшчэ ёсць нейкі скепсіс у адносінах да гэтай тэхналогіі. Як ні загавары, адразу Ніф-Ніф, Наф-Наф і вось гэта вось усё. Гэта нейкая ўстаноўка, якая цягнецца чырвонай ніткай з дзяцінства. Аднак гэта пакуль у масах не разумеюць пераваг гэтай тэхналогіі, на гэта трэба час».
Хоць, па словах Паўла, у цэлым нейкай крытыкі або негатыву ад каго-небудзь, хоць бы суседзяў, знаёмых або сяброў, ніколі не было. Наадварот, сярод рэакцый толькі здзіўленне і жывая цікавасць.
Так ці інакш мужчына робіць выснову, што праз увесь гэты час і шматлікія цяжкасці можна смела сказаць, што ўсё складваецца выдатна і ён вельмі задаволены, што ўхапіўся за гэтую ідэю.
Муляж у натуральную велічыню. У Клімавічах цалкам з новых матэрыялаў адбудоўваюць гістарычны помнік
«Бунт» з-за раёна, чаўнакі на паўзе і лёс старога парку. Чым жыве самы заходні горад Беларусі?