«У некаторых кватэрах праблемы з вокнамі ёсць да гэтага часу». Як жывецца ў адзіным у Беларусі спіральным доме
Незвычайны гмах на вуліцы Куляшова, 1а, фасад якога закручваецца вакол сваёй восі, вырасла на ўскраіне Магілёва летам 2020 года. Дагэтуль будынак застаецца адзіным такім на ўсю краіну, піша Onliner.
Усяго ў доме 17 паверхаў. Кожны з іх зрушаны адносна папярэдняга на некалькі градусаў. Сам фасад будынка разгорнуты на 34 градусы. З-за асаблівасцяў планіроўкі ў кватэрах атрымаліся нестандартнымі. Уладальнікі некаторых з іх гавораць: дызайнерам прыйшлося паламаць галаву над тым, як арганізаваць прастору. У кватэрах перагародкамі аддзелены толькі санвузлы.
Праект гэтага дома распрацавалі ў інстытуце «Магілёўграмадзянпраект». У 2017 годзе яго нават ацанілі дыпломам другой ступені на ХІІ Нацыянальным фестывалі архітэктуры.
Па словах галоўнага архітэктара праектуа ААТ «Інстытут «Магілёўграмадзянпраект» Вольгі Дольнікавай, яны сапраўды цікавіліся хмарачосам Калатравы ў шведскім Мальмё, іншымі закручанымі будынкамі, перш чым сесці за праектаванне магілёўскай новабудоўлі. Яна гаворыць, што канчатковая абʼёмна-планіровачная форма зʼявілася не адразу. Адной са складаных задач, па словах галоўнага архітэктара, было ўвязаць лесвічныя маршы са спіралепадобнай формай будынка.
Вольга прызнавалася: куды прасцей было б спраектаваць у тым жа абʼёме офісны будынак з вялікімі оўпэн-спейсамі на кожным паверсе — тут жа прыйшлося нарэзаць прастору на асобныя кватэры і працаваць з іх планіроўкамі, каб кожны варыянт быў зручным для жыцця. У выніку атрымалася так, што двух абсалютна аднолькавых планіровачных рашэнняў у доме няма.
«Планіроўкі ў нашых кватэрах — страшны сон для дызайнераў»
Але, нягледзячы на прарыўныя архітэктурныя ідэі, многія жыхары пасля ўсялення сутыкнуліся з шэрагам праблем. Навасёлы скардзіліся на панарамнае шкленне, якое прапускае зімовы вецер, а таксама на холад у кватэрах. Зрэшты, забудоўшчык — Магілёўскі домабудаўнічы камбінат — ад праблем не адхрышчваўся, а аператыўна іх ліквідаваў.
— Мы ўступілі ў долевае будаўніцтва, калі дом быў узведзены на ўзроўні пятага паверха. Ацанілі з жонкай незвычайную архітэктуру і вырашылі пераехаць. Ключы атрымалі летам 2020-га, а заехаць змаглі толькі праз год, у лістападзе 2021-га, — распавядае адзін з жыхароў, Антон. — Літаральна адразу выявілася праблема з акном у дзіцячым пакоі: з яго моцна дзьмула. Падчас экспертызы будаўнікі прасвідравалі адтуліну ў раме і заўважылі, што ўнутры няма пены: падрадчык няякасна ўстанавіў раму. Пасля таго як гэты нюанс устаранілі, тэмпература ў пакоі паднялася на 2 градусы. Гумкі і завесы таксама былі заменены. У цэлым зараз ніякіх праблем у кватэры няма.
Па словах мужчыны, у некаторых кватэрах забудоўшчык да гэтага часу ліквідуе праблемы такога кшталту. Гаворыць, прычына ў тым, што некаторыя кватэры пуставалі і перапрадаваліся па некалькі разоў. Сам Антон таксама вырашыў прадаць сваю двушку: сямʼі з трох чалавек не хапае месца на 70 «квадратах».
— Планіроўкі ў нашых кватэрах — як страшны сон для дызайнераў. Усе яны нестандартнай планіроўкі, з якой атрымоўваецца выціснуць адзін невялікі асобны пакой. Нам стала цесна. Выставілі на продаж за $96 тыс. па курсе. Яе сабекошт, зразумела, ніжэй, але дом здадзены, рамонт у кватэры зроблены — засяляйся і жыві. Дарэчы, з-за яго ўсаджвання дзе-нідзе на сценах зʼявіліся расколіны. У нас нават трэснула адна шырокафарматная плітка.
Людміла і Зміцер таксама сутыкнуліся з непрыемнымі сюрпрызамі.
— У некаторых кватэрах праблемы з вокнамі ёсць да гэтага часу. У нас гумкі мянялі тры разы. Да гэтага зімой і восенню было вельмі холадна, — кажа Людміла. — Часткова праблема вырашылася, але з вокнаў да гэтага часу месцамі дзьме, але не крытычна. Трэба мяняць завесы, якія каштуюць 700 рублёў. Зрабіць гэта можна за свае грошы. Я ведаю, тыя, хто жыве ў кватэрах з першага па пяты паверх, з такімі праблемамі не сутыкнуліся, таму што вятры не такія моцныя, як на ўзроўнях вышэй. У цэлым кажуць, што ў доме ў адных вокны стаяць ідэальна, у іншых — наперакос. Наколькі я ведаю, падрадчыкі былі розныя.
Людміла лічыць, яшчэ адна асаблівасць кватэр у гэтых дамах — нестандартная планіроўка, якая не дазваляе разгуляцца.
— Многія куплялі кватэры і планавалі падзяліць прастору на пакоі, але зрабіць гэта не так проста. У мяне была чатырохпакаёвая кватэра ў хрушчоўцы на 70 «квадратаў». Кухня была кампактная, але астатнія памяшканні і калідор — цалкам прасторныя. Калі я купляла тут кватэру плошчай 52 «квадраты», думала, іх будзе дастаткова. У выніку нам удалося вылучыць толькі невялікую спальню.
Яшчэ адзін уладальнік жылля ў новабудоўлі — Сяргей. Ён пераехаў са звычайнай панэлькі, як толькі даведаўся, што ДСК плануе ўзвесці ў «спальніку» спіральны дом. Гаворыць, адразу вырашыў уступіць у долевае будаўніцтва. Упэўнівае, што ніякіх праблем з вокнамі ў яго асабліва не было, але забудоўшчык замяніў гумкі па гарантыі. Ад пераезду бачыць адны плюсы.
— Усе праблемы ў новабудоўлі ляжаць на плячах таварыства — яны вырашаюцца даволі хутка. Я жыву на 13-м паверсе, у мяне з вокнаў адкрываецца цудоўны далягляд. Ведаю, многія суседзі дадаткова ўцяплялі сцены, бо ў кватэры было холадна. У нас такіх праблем не было, — падсумоўвае Сяргей.
Вольга (імя зменена па яе просьбе) жыве на 17-м паверсе і сцвярджае, што ёй пашанцавала крыху менш: у яе ў кватэры зімой халаднавата, а летам горача. Праблемы з вокнамі забудоўшчык вырашыў даволі аператыўна, таму прэтэнзій да яго няма.
— У мяне не самая вялікая плошча — 58 «квадратаў». Але цяпла ад батарэй у халодны перыяд часу мне ўсё роўна не хапае. Прыйшлося пакласці цёплыя падлогі. На этапе ўладкавання быў нюанс з планіроўкай: нам прыйшлося прыцягнуць дызайнера, каб закрыць паўкруглыя калоны, якія размяшчаюцца пасярод кватэры. Але ў цэлым мне падабаецца гэты дом па частцы архітэктуры. Праўда, сваю кватэру я ўжо прадаю: планую пераязджаць у Менск. Ацанілі яе ў $64 тыс.
Каментары