Аляксандр Лукашэнка памілаваў Рыка Крыгера
Раней Мінскі абласны суд прызнаў яго вінаватым паводле шасці артыкулаў Крымінальнага кодэкса і прысудзіў да смяротнага пакарання.
30.07.2024 / 19:41
Пра тое, што Крыгер напісаў прашэнне аб памілаванні, прапагандысты паведамілі толькі сёння. Інтрыга, ці зробіць гэта Лукашэнка, пратрымалася толькі некалькі гадзін.
Перад гэтым, як паведамляла сёння БелТА, Лукашэнка «запрасіў людзей, пагружаных у працэс, пачуць падрабязнасці, меркаванні, «параіцца».
Пры гэтым ён так пракаментаваў сітуацыю:
«Найгоршае пытанне ў лёсе і жыцці прэзідэнта, якое атрымала вельмі сур'ёзнае гучанне. Рыка Крыгер — грамадзянін Германіі. Аказваецца, толькі ў 1993 годзе нарадзіўся. Судом прыгавораны ў Беларусі да выключнай меры пакарання. Паводле нашай Канстытуцыі і законаў, апошняе слова заўсёды за прэзідэнтам. Звяртаецца, не звяртаецца (за памілаваннем)… Я ўжо неяк гаварыў, што самае цяжкае ў лёсе кіраўніка краіны — гэта такія справы, звязаныя з выключнай мерай пакарання. Можа, і параіцца. Але пачуць вашае меркаванне», — сказаў ён.
Рашэнне было прынята вельмі хутка, цягам некалькіх гадзін. Прытым не паведамляецца, на што Лукашэнка замяніў смяротнае пакаранне. Увогуле, паводле заканадаўства, яно мусіць мяняцца на пажыццёвае зняволенне.
Суддзя Мінскага абласнога суда Алег Лапека вынес Крыгеру смяротны прысуд 24 чэрвеня, але вядома пра гэта стала толькі 19 ліпеня. Грамадзяніна Германіі прызналі вінаватым паводле ч. 4 арт. 295 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў), ч. 4 арт. 309 (наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў зносін), ч. 3 арт. 3611 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім), ч. 3 арт. 289 (акт тэрарызму), арт. 3581 (агентурная дзейнасць) і арт. 133 (найміцтва) Крымінальнага кодэкса Беларусі.
Крыгеру закідалі ажыццяўленне выбуху на чыгуначнай станцыі Азярышча пад Мінскам 6 кастрычніка 2023 года. У выніку гэтага выбуху не было ніводнага пацярпелага, а нанесеныя матэрыяльныя страты нязначныя.
Лукашэнка хацеў размовы з Шольцам?
У Расіі з калоній зніклі некалькі статусных палітвязняў. Рыхтуецца вялікі абмен?
У Лукашэнкі абмеркавалі справу Рыка Крыгера, асуджанага на смерць
Гладкая абвінаваціла адваката Крыгера ў вынясенні смяротнага прысуду
Асуджанага да смяротнага пакарання Рыка Крыгера спаткала яшчэ адна непрыемнасць