Гомельцу за даўгі забаранілі выязджаць з Беларусі. Ён паскардзіўся Лукашэнку на «прыніжэнне мужчынскай годнасці»
Жыхар Гомеля, які завінаваціўся 45 тысяч рублёў, патрабуе ад Лукашэнкі, каб яму дазволілі выязджаць за межы краіны і кіраваць аўтамабілем.
31.07.2024 / 19:58
Гамяльчук назапасіў вялікую суму доўгу па крэдытах і штрафах ДАІ — каля 45 тысяч рублёў. Мужчына абраў цікавую тактыку: ён вырашыў плаціць «па меры сілаў» па адным рублі на месяц.
З такімі тэмпамі разлічыцца з доўгам у яго атрымаецца ў глыбокай старасці, а магчыма, ён разлічвае перадаць яго ў спадчыну, адзначаюць ва ўпраўленні юстыцыі Гомельскага аблвыканкама.
Гісторыя з даўжніком цягнецца некалькі гадоў, яму забаранілі выязджаць з краіны і кіраваць аўтамабілем. Рэгулярна да яго прыходзяць судовыя выканаўцы і патрабуюць плаціць па даўгах.
Мужчына нідзе не працуе, затое засвоіў ролю «прафесійнага скаржніка». Паводле яго слоў, візіты судовых выканаўцаў зневажаюць яго добрае імя перад суседзямі і дзецьмі, а абмежаванне ў праве кіравання аўтамабілем і выезду за мяжу і зусім перайшло ўсялякія межы.
З гэтай праблемай гомелец вырашыў звярнуцца са скаргай да Лукашэнкі. Ён сцвярджае, што дзеянні дзяржорганаў «зневажаюць яго гонар і мужчынскую годнасць». Ці атрымаў мужчына адказ на сваю скаргу, не паведамляецца.
Жыхарка Салігорска выкінула сабаку з акна дзявятага паверха
У Слоніме хлопцы самастойна затрымалі мужчыну, які страляў у іх з пнеўматычнай вінтоўкі