Аднаго з былых галоўных турэмшчыкаў Беларусі будуць судзіць разам з жонкай за ўдзел у пратэстах
У Мінску за ўдзел у пратэстах будуць судзіць Сяргея Сандалюка — былога намесніка начальніка Дэпартамента выканання пакаранняў (ДВП) МУС, піша «Люстэрка». Гэтае ведамства кіруе ўсёй пенітэнцыярнай сістэмай Беларусі — турмамі, калоніямі, СІЗА і іншымі папраўчымі ўстановамі. Разам з мужчынам судзяць і яго жонку.
02.08.2024 / 19:25
Сяргей Сандалюк справа. Фота: УУС Гродзенскага аблвыканкама
Імёны Сяргея і Анжэлы Сандалюкоў з'явіліся ў раскладзе суда Кастрычніцкага раёна Мінска. Працэс над імі пачнецца 6 жніўня ў 10.30 і будзе адкрытым.
Мужа і жонку судзяць па адной крымінальнай справе. Ім выстаўленае абвінавачванне ў «актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Гэта ч. 1 арт. 342 КК — так званы народны артыкул, паводле якога рэпрэсуюць большасць шараговых удзельнікаў мірных пратэсных маршаў 2020 года.
Даведаўшыся пра будучы суд, «Люстэрка» праверыла асобы абвінавачаных з дапамогай Belpol і пераканалася, што гаворка ідзе менавіта пра былога намесніка начальніка ДВП.
Шмат гадоў ва ўнутраных войсках
Палкоўнік унутранай службы Сяргей Сандалюк нарадзіўся ў Мазыры ў 1971 годзе, цяпер яму 53 гады. Ён шмат гадоў служыў у вайсковай часці 7404 у Баранавічах — гэта 4-я спецыяльная міліцэйская брыгада ўнутраных войскаў МУС. У 1996 годзе Сандалюк, па яго словах, камандаваў там ротай, а ў 2000-х даслужыўся да камандзіра часці. Прынамсі, у канцы 2012 года ён, мяркуючы з публікацый у СМІ, яшчэ займаў гэтую пасаду.
У склад в/ч 7404 уваходзяць тры стралковыя батальёны ў Баранавічах, Івацэвічах і Ваўкавыску і спецбатальёны міліцыі ў Гродне і Брэсце. Як і іншыя часці ўнутраных войскаў, гэтая спецыялізуецца на ахове калоній, канваіраванні асуджаных, ахове грамадскага парадку і розных аб'ектаў. У выпадку пратэстаў унутраныя войскі часта прыцягваюць да іх разгону.
Нейкі час Сандалюк таксама служыў у буйной 5-й брыгадзе ўнутраных войскаў МУС у Магілёве (в/ч 6713). Яна сёння ўключае міліцэйскую в/ч 5527 у Бабруйску, стралковыя батальёны ў Магілёве, Бабруйску, Горках і Шклове, патрульны батальён у абласным цэнтры. Палкоўнік быў там начальнікам штаба — першым намеснікам камандзіра часці.
Сяргей Сандалюк. Фота атрыманае ад Belpol
Турэмны начальнік
Ужо ў 2013 годзе Сяргей Сандалюк пайшоў на павышэнне і стаў намеснікам начальніка Дэпартамента выканання пакаранняў. На гэтай пасадзе ён адказваў за ідэалагічную работу і кадравае забеспячэнне.
Палкоўнік некалькі разоў адзначыўся ў СМІ: ён праводзіў экскурсіі па калоніях для журналістаў дзяржвыданняў, супрацоўнічаў з Экзархатам Беларускай праваслаўнай царквы, абмяркоўваў узаемадзеянне ДВП і Царквы з мітрапалітам Паўлам.
Сяргей Сандалюк (у цэнтры) на сустрэчы з мітрапалітам Паўлам у 2018 годзе. Фота: «Вестник тюремного служения»
«Для некаторых зняволеных турэмны лад жыцця сапраўды становіцца рамантыкай. За доўгія гады адседкі яны адвыкаюць ад волі і ў звычайным жыцці губляюцца. Калі за калючым дротам ён герой, аўтарытэт, з ім лічацца, то на волі ён «ніхто» і зваць яго «ніяк». Такому прасцей здзейсніць новае злачынства і зноў апынуцца на нарах», — казаў міліцыянер дзяржвыданню «СБ» у 2013 годзе.
Пры Сандалюку ДВП арганізоўваў спартыўныя спаборніцтвы з запрашэннем замежных гасцей. Напрыклад, як мінімум у 2017 і 2018 гадах у Гродне праходзіў адкрыты чэмпіянат Дэпартамента выканання пакаранняў МУС па валейболе. У ім удзельнічалі каманды супрацоўнікаў ДВП з усіх рэгіёнаў Беларусі, а таксама зборная акруговай турэмнай службы Беластоцкага ваяводства Польшчы.
Дарэчы, абодва гады пераможцамі турніру станавіліся менавіта прадстаўнікі заходняй суседкі. Пасля чаго чэмпіянат, падобна, праводзіць перасталі: інфармацыі пра матчы пачынаючы з 2019 года няма.
Сяргей Сандалюк з польскімі калегамі на адкрытым чэмпіянаце ДВП па валейболе ў 2018 годзе. Фота: УУС Гродзенскага аблвыканкама
Выхад на пенсію?
На мяжы 2018-2019 гадоў Сяргей Сандалюк пайшоў у адстаўку з пасады намесніка кіраўніка ДВП. Пра гэта ў пачатку студзеня 2019-га пісаў блог Nexta, намякаючы на нейкі скандал у ведамстве, а крыніцы «Нашай Нівы» тады гаварылі, што Сандалюк няўдала паспрабаваў прыкрыць ад адказнасці свайго кіроўцу, які «трапіў у непрыемную сітуацыю, звязаную з ужываннем сілы». Сам жа палкоўнік у каментары нам сказаў, што не варта верыць чуткам, ён проста выйшаў на міліцэйскую пенсію і мае намер знайсці сабе новую працу.
У тым жа студзені 2019 года Сандалюк зарэгістраваўся ў Ленінскім раёне Мінска ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка, каб аказваць паслугі па здачы жылля ў пасутачную арэнду. Ягоны ІП застаецца дзейным дагэтуль.
Сяргей Сандалюк (другі справа) з польскімі калегамі на адкрытым чэмпіянаце ДВП па валейболе ў 2018 годзе. Фота: УУС Гродзенскага аблвыканкама
З жонкай Анжэлай мужчына знаходзіцца ў шлюбе з 1999 года. Інфармацыі пра жанчыну ў інтэрнэце амаль няма — толькі тое, што ў пачатку 2000-х яна некалькі гадоў была аформленая прадпрымальніцай у Мінску, але пасля закрыла ІП.
Што пагражае былому функцыянеру МУС
Калі Сяргей і Анжэла Сандалюкі былі затрыманыя, невядома. Таксама няма інфармацыі пра тое, ці змяшчалі іх на час следства ў СІЗА або яны знаходзяцца на волі.
Былому намесніку кіраўніка беларускіх турмаў і ягонай жонцы паводле «народнага» артыкула пагражае пакаранне ў выглядзе арышту на тэрмін да 3 месяцаў, альбо абмежаванне волі на тэрмін ад 2 да 5 гадоў, альбо пазбаўленне волі на тэрмін да 4 гадоў.
Суддзёй па справе выступае Алена Жывіца. З 2020 года яна вынесла некалькі сотняў рэпрэсіўных прысудаў і адміністрацыйных рашэнняў па палітычна матываваных справах. У прыватнасці, менавіта Жывіца судзіла за пратэсты музыкаў гурта Nizkiz.
Колішняга пракурора Воранаўскага раёна судзяць за палітыку. Яму пагражае да 12 гадоў
У Гомелі будуць судзіць уладальнікаў адной з найбуйнейшых прыватных фірмаў горада
Былую жонку спевака Руслана Мусвідаса таксама судзілі за пратэсты