Латушка пракаментаваў прапанову рэжыму выдаць яго ў абмен на Пачобута

«Я вярнуся ў Беларусь, Лукашэнка няхай не перажывае».

03.08.2024 / 19:43

Былы міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марыюш Каміньскі расказаў у інтэрв’ю, што калі Польшча патрабавала вызваліць Пачобута, рэжым Лукашэнкі выступіў з сустрэчнай прапановай:

«З іх боку была зразумелая толькі ўмова — «вы аддайце нам [Паўла] Латушку», аднаго з дзеячаў беларускай апазіцыі, які стала жыве ў Польшчы, якога рэжым завочна асудзіў на некалькі дзясяткаў гадоў турмы, «на наступны дзень мы вам перадамо Пачобута». Відавочна, што не маглі праводзіць такія перамовы», — заявіў Марыюш Каміньскі.

«Наша Ніва» папрасіла пракаментаваць гэта самога Паўла Латушку. 

«Я чуў такія прапановы, сам Лукашэнка агучваў гэта публічна. Але, канечне, я не ведаў пра тое, што гэтае пытанне — прапанова абмяняць мяне на Анджэя Пачобута — абмяркоўвалася падчас непасрэдна перамоваў. Зразумела, што Польшча — краіна, якая выконвае міжнародныя нормы, у тым ліку ў галіне абароны людзей, якія маюць міжнародную абарону. 

Але я вярнуся ў Беларусь, Лукашэнка няхай не перажывае. Абвязкова вярнуся. І яшчэ, думаю, шмат з кім з беларусаў будзем разам глядзець, як ён будзе сядзець на лаве падсудных».

Палітык дадаў, што ўжо не раз атрымліваў пагрозы. І цяпер у Польшчы заведзеная крымінальная справа па адным з выпадкаў. «Усталяваная асоба падбухторвала да рэалізацыі забойства», — коратка пракаментаваў яе сутнасць Латушка.

Ён адзначыў, што такія пагрозы не пакідаюць яго абыякавым, але яны не паўплываюць на яго актыўнасць.

«Ці ўплывае гэта на маю актыўнасць? Не. Ці ўплывае гэта на маю матывацыю змагацца? Не. Наадварот, яшчэ больш я буду весці барацьбу з гэтым жудасным рэжымам, які пануе ў Беларусі».

Лукашысты прапаноўвалі палякам у абмен на вызваленне Пачобута выдаць ім Латушку — былы міністр

«Чаму не спытае ў сябе: калі я езджу ў Германію і забіраю ўсе ўзнагароды, чаму не выйшаў на кантакт з немцамі?» Да каго звярнуўся Латушка?

Латушка: Мы выступаем за тое, каб на выбарах галасаваць супраць усіх

Абменены расійскі шпіён як мінімум два разы прыходзіў у офіс да Латушкі

Nashaniva.com