Турарбекава расказала, чым Назарбаеў падобны да Лукашэнкі

«Яны ж адзін у аднаго вучацца».

13.08.2024 / 20:07

Аляксандр Лукашэнка і Нурсултан Назарбаеў на саміце АДКБ. 30 лістапада 2017 года. Фота: Tatyana Zenkovich, Pool Photo via AP

Як Назарбаеў змяніў Канстытуцыю

У новым выпуску ТОКу палітолаг Роза Турарбекава згадала час кіравання былога прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева. У 1995 годзе ён ініцыяваў змену Канстытуцыі краіны, якая была прынятая ў 1993-м.

«У гэтай Канстытуцыі быў дастаткова моцны інстытут парламентарызму. Гэта не зусім была парламенцкая рэспубліка, але дастаткова збалансаванай была палітычная сістэма. Канстытуцыя была напісана лёгка і проста»,

— расказвае палітолаг.

Але Назарбаеў з мэтай узмацнення прэзідэнцкай улады ініцыяваў рэферэндум. Што вельмі нагадвае падзеі, што адбываліся ў Беларусі.

«Знаёмая гісторыя, ці не так? Яны ж адзін у аднаго вучацца насамрэч»,

— заўважае Турарбекава.

«Ён ініцыяваў рэферэндум, каб напісаць свой любімы артыкул нумар 40. Ён называецца «Прэзідэнт». Там вельмі шырока без практычна нейкіх абмежаванняў апісваюцца паўнамоцтвы прэзідэнта.

Мне гэта Канстытуцыя і гэты артыкул нагадваюць плакаты, што віселі ў 1990-я гады. «Пункт першы. Бос заўсёды мае рацыю. Пункт другі. Калі бос не мае рацыі, глядзі пункт першы».

Акрамя гэтага, пасля рэферэндуму 1995 года руская мова атрымала статус мовы афіцыйнай дакументацыі.

«Гэта была саступка рускім, большая частка якіх да таго часу ўжо з'ехала», — заўважае Турарбекава, якая ў той час была выкладчыцай Казахскага дзяржаўнага ўніверсітэта.

У далейшым у Канстытуцыю ўнеслі шэраг змен, якія былі накіраваныя на яшчэ большае ўзмацненне ўлады прэзідэнта, працягненне яго паўнамоцтваў.

Казахстан і Расія

Па словах Розы Турарбекавай, «адносіны Казахстана і Расіі заўсёды насілі гарманічны характар, хаця Назарбаеў заўжды разумеў, наколькі Расія небяспечная».

Нурсултан Назарбаеў (злева) і Уладзімір Пуцін на парадзе 9 мая 2019 года ў Маскве. Фота: AP Photo / Alexander Zemlianichenko

Палітолаг адзначае, што палітыка Казахстана ў адносінах да Расіі прадугледжвала разумны баланс у адносінах і «пастаянную дэманстрацыю не тое што лаяльнасці, але пэўнай прыхільнасці».

Як тлумачыць Турарбекава, гэта было абумоўлена тым, што вялізная мяжа паміж дзвюма краінамі — самая вялікая сухапутная мяжа ў свеце — «увогуле ніяк не была абсталявана», пераходы былі праз сто кіламетраў.

«Таму Назарбаеў заўсёды выступаў як ініцыятар усялякага кшталту еўразійскіх інтэграцыйных праектаў. Пры гэтым выбудоўваў зусім іншыя сувязі», — расказвае палітолаг і адзначае, што знешнюю палітыку Назарбаева можна назваць сапраўды шматвектарнай.

«Ён выбудоўваў выдатныя адносіны з Захадам. Усімі праўдамі і няпраўдамі дабіваўся, каб быць прынятым і развіваў адносіны. Ён зрабіў Казахстан прывабнай, адкрытай для замежных інвестыцый краінай»,

— гаворыць Турарбекава.

Па словах палітолага, «там дзе інвестыцыі, там і інтарэсы». Замежныя краіны, такія, як ЗША ці Кітай, уклаўшы сур'ёзныя інвестыцыі ў краіну, былі зацікаўлены ў абароне сваіх інвестыцый у «выпадку чаго».

Глядзіце цалкам:

Турарбекава: На свабодных выбарах я б прагаласавала за Бабарыку. Ён даказаў, што немагчымае — магчыма

Роза Турарбекава расказала, як яе сын перайшоў на беларускую мову. А цяпер пачала вучыць і яна

У Казахстане прыбралі чарговы помнік Нурсултану Назарбаеву

Nashaniva.com