Свет1010

Расія спрабуе дэстабілізаваць Нігерыю. Упадзе яна — упадзе ўся Заходняя Афрыка

Па ўсёй Нігерыі, адной з наймацнейшых краін Афрыкі, выбухнулі масавыя пратэсты супраць эканамічнай палітыкі ўрада. У часткі дэманстрантаў заўважаныя расійскія сцягі, як гэта ўжо было падчас пратэстаў у суседніх з Нігерыяй краінах, дзе потым адбыліся пракрамлёўскія перавароты. Тлумачым, у чым выключнасць Нігерыі і чаму яе магчымы пераход пад расійскі ўплыў стане катастрофай для Захаду.

Нігерыйскія вайскоўцы глядзяць на антыўрадавых пратэстоўцаў з расійскімі сцягамі і наймітаў ПВК «Вагнер». Усё гэта адлюстравана на карце Афрыкі, дзе таксама пазначана сама Нігерыя са сваім зялёна-бела-зялёным сцягам. Фоты: Contributor Getty Images / French Army via AP / Chronicle.ng / vecteezy. Калаж: «Наша Ніва»

У шматлікіх гарадах і рэгіёнах Нігерыі з 1 жніўня пачаліся масавыя антыўрадавыя пратэсты з-за праблем з карупцыяй, высокай інфляцыі і голаду. У дэманстрацыях і беспарадках удзельнічаюць сотні тысяч нігерыйцаў, частка з якіх перакрывае аўтамагістралі, захоплівае адміністратыўныя будынкі і змагаецца з паліцыяй.

Сярод пратэстоўцаў таксама былі заўважаныя людзі з расійскімі сцягамі, якія заклікаюць да вайсковага перавароту ў Нігерыі і звяртаюцца да Уладзіміра Пуціна, «каб той іх выратаваў», паведамляюць агенцтва Reuters і нігерыйскія медыя са спасылкай на ўлады краіны.

Агульнанацыянальны пратэст, які ладзіцца пад лозунгам «End Bad Governance» («Далоў дрэннае дзяржкіраванне»), быў выкліканы незадаволенасцю эканамічнымі рэформамі ўрада Нігерыі на чале з прэзідэнтам краіны Болай Цінубу, якія прывялі да істотнага скарачэння субсідый на бензін і электраэнергію, дэвальвацыі валюты і рэкорднай за трыццаць гадоў інфляцыі. З-за гэтага пратэстоўцы патрабуюць адмены скандальных рэформаў і адстаўкі ўрада разам з прэзідэнтам.

Падчас дэманстрацый і беспарадкаў загінулі як мінімум 22 чалавекі (сярод іх ёсць адзін непаўнагадовы), больш за 700 пратэстоўцаў былі арыштаваныя. У некаторых рэгіёнах дзейнічае каменданцкая гадзіна.

Частка нігерыйскіх пратэстоўцаў выходзіць з расійскімі сцягамі і заклікае да вайсковага перавароту на карысць Расіі. Некаторыя дэманстранты топчуць і псуюць свае дзяржаўныя сцягі на фоне расійскіх (фота 1). Крыніца: нігерыйскія медыя і сацсеткі
Нігерыйскія паліцыянты насупраць антыўрадавых пратэстоўцаў. Фота: Sunday Alamba / AP Photo

Факт наяўнасці расійскіх сцягоў у часткі пратэстоўцаў выклікаў рэзкую рэакцыю з боку нігерыйскіх уладаў. Так, прэзідэнт краіны Бола Цінубу склікаў тэрміновую нараду з кіраўнікамі дзяржаўных спецслужб і арміі, на якой абмяркоўваліся контрмеры супраць прарасійскіх агентаў уплыву.

«Мы дакладна і адназначна папярэджваем, што не дазволім нікому падымаць замежны сцяг у Нігерыі. Гэта дзяржаўная здрада, і яна будзе разглядацца намі менавіта так», — прыгразіў начальнік Генштаба нігерыйскай арміі Крыстафер Муса адразу пасля нарады з прэзідэнтам, перадае Reuters.

На фоне гэтага пасольства Расіі ў Нігерыі паспяшалася заявіць мясцовай прэсе, што не мае ніякага дачынення да з'яўлення расійскіх сцягоў у нігерыйскіх пратэстоўцаў, але пры гэтым дадало, што «расійскія сцягі — гэта асабісты выбар асобных нігерыйцаў». 

Дзейны прэзідэнт Нігерыі Бола Цінубу (у цэнтры), які прыйшоў да ўлады пасля выбараў 2023 года. Цінубу ў сваёй палітыцы арыентаваны на Захад і ў пачатку свайго тэрміна памяняў усіх генералаў і кіраўнікоў спецслужбаў былога ўрада краіны, які падтрымліваў адносна сяброўскія адносіны з Расіяй. Фота: Olamikan Gbemiga / AP Photo
Уладзімір Пуцін усміхаецца былому прэзідэнту Нігерыі Мухамаду Бухары, які прыехаў на саміт Афрыка-Расія ў Сочы ў 2023 годзе. Фота: Mikhail Svetlov / Contributor Getty Images

Як паведамляюць мясцовыя СМІ, рэакцыя нігерыйскага ўрада на расійскія сцягі ў пратэстоўцаў адразу ператварылася ў дзеянні. Так, паліцыя і спецслужбы Нігерыі на гэты момант арыштавалі больш за 90 чалавек, заўважаных на пратэстах з расійскімі сцягамі. 

Сярод арыштаваных было сем грамадзян Польшчы і шэсць грамадзян Іспаніі, якія некалькі дзён размахвалі сцягамі Расіі падчас маніфестацый, пішуць буйныя афрыканскія парталы Sahara Reporters і The Spectacles са спасылкай на прадстаўнікоў нігерыйскіх уладаў.

Апроч іх, былі таксама затрыманыя краўцы, якія выраблялі і распаўсюджвалі расійскія сцягі ў натоўпах пратэстоўцаў. Адзін з краўцоў прыехаў з суседняга Нігера, дзе нядаўна да ўлады шляхам вайсковага перавароту прыйшла прарасійская хунта, паведамілі ў нігерыйскай паліцыі.

Прадстаўнікі паліцыі таксама дадалі, што ў Нігерыю прабраліся замежныя найміты, каб дэстабілізаваць сітуацыю. Пры гэтым у паліцыі змаўчалі колькасць і нацыянальнасць наймітаў.

У дадатак да гэтага спецслужбы Нігерыі распачалі расследаванне ў адносінах да чатырох топ-чыноўнікаў, якія маглі арганізоўваць прарасійскія пратэсты ў краіне, паведамляе нігерыйская штодзённая газета The Punch.

«Ёсць доказы знешняга ўплыву з удзелам чатырох нашых палітыкаў, якія ўступілі ў змову з адной з заходнеафрыканскіх краін і адной з краін Еўропы, каб зладзіць беспарадкі і прапагандаваць выкарыстанне сцягоў, якія мы бачым. Яны хочуць зрабіць тут тое ж самае, што адбылося ў некаторых іншых краінах», — распавёў газеце The Punch прадстаўнік нігерыйскіх спецслужб.

Іншыя крыніцы ў спецслужбах краіны таксама паведамілі, што ў арганізацыі пратэстаў былі заўважаныя шыіцкія ісламісцкія групоўкі, традыцыйна звязаныя з Іранам.

Чаму прарасійскія пратэсты ўспыхнулі менавіта цяпер і чаму Расіі і Захаду настолькі важная Нігерыя?

Нігерыя — самая густанаселеная краіна Афрыкі (крыху больш за 230 мільёнаў чалавек), якая займае чацвёртае месца на кантыненце па ўзроўні ВУП. Такое ж месца займае і па ўзроўні ваеннай моцы (саступаючы толькі Егіпту, Алжыру і Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы), маючы 280 тысяч салдат рэгулярнай арміі з магчымасцю прыцягнуць на выпадак ваеннага становішча больш за 100 мільёнаў прызыўнікоў.

Нігерыя з'яўляецца вядучым саюзнікам ЗША ў Афрыцы, жыве па дэмакратычных прынцыпах, а таксама мае велізарныя запасы нафты, прыроднага газу і рэдказямельных металаў.

Але самае важнае: Нігерыя з'яўляецца вайсковым і эканамічным ядром празаходняга блоку заходнеафрыканскіх краін ECOWAS — моцнага рэгіянальнага аб'яднання з уласным мытным і валютным саюзам, агульным рынкам і органамі ўлады, калектыўнымі ўзброенымі сіламі і гэтак далей, якое існуе ўжо амаль 50 гадоў і ў склад якога ўваходзіць большасць краін Заходняй Афрыкі.

Члены ECOWAS у апошнія гады рэгулярна церпяць ад спробаў Расіі зладзіць перавароты і паставіць у рэгіёне лаяльныя вайсковыя хунты. У трох краінах у Крамля гэта атрымалася —Малі, Нігер і Буркіна-Фасо на працягу многіх гадоў уваходзілі ў склад ECOWAS, а затым пасля прарасійскіх пратэстаў і пераваротаў цалкам трапілі пад расійскі ўплыў, выйшлі з ECOWAS і выгналі са сваёй тэрыторыі заходнія войскі і кампаніі.

Замест іх хунты запрасілі да сябе расійскія энергетычныя карпарацыі і наймітаў ПВК «Вагнер», каб здабываць крытычна важныя для Расіі літый, уран і іншыя рэдказямельныя рэсурсы, паралельна ваюючы з ворагамі мясцовых прарасійскіх рэжымаў і ахоўваючы ад іх месцы здабычы сыравіны.

Цяперашнія суадносіны сіл у Заходняй Афрыцы: чырвоным колерам пазначаны прарасійскія Малі, Нігер і Буркіна-Фасо (усе яны раней былі чальцамі ECOWAS, пакуль у іх не адбыліся вайсковыя перавароты), а шэрым — усе астатнія 12 краін ECOWAS (разам з Нігерыяй), якія выступаюць супраць прарасійскіх хунтаў у рэгіёне. Фота: Pavan Kulkarni / Peoples Dispatch
Армія Нігерыі — адной з самых моцных у вайсковым плане краін празаходняга блока ECOWAS і ўсёй Афрыкі ўвогуле. Фота: Contributor Getty Images

Пасля выхаду з ECOWAS усе тры прарасійскія хунты Малі, Нігера і Буркіна-Фасо аб'ядналіся ў так званую «Канфедэрацыю Сахеля» — вайскова-палітычны і эканамічны альянс, які капіюе ECOWAS, але ў цяперашнім сваім складзе вельмі слабы і ізаляваны ў пустыні без выхаду да мора (значыць, без зручнай транспарціроўкі здабытых Расіяй рэсурсаў да сябе ці на сусветныя рынкі).

Чытайце таксама. Прарасійскі рэгіён Афрыкі, дзе забілі вагнераўцаў, аб'яднаўся ў канфедэрацыю. Дзеля чаго?

Каб вырашыць гэтую праблему, канфедэрацыі Сахеля неабходна пашырацца, а найбліжэйшымі краінамі з каштоўнымі заходнімі актывамі, вялікімі запасамі прыродных рэсурсаў і выхадам да мора з'яўляюцца менавіта члены ECOWAS, якіх прарасійскія хунты пакуль не здольныя перамагчы ў адкрытым баі.

Рэгулярныя арміі Малі, Нігера і Буркіна-Фасо (агулам 32 тысячы салдат пераважна са старым савецкім узбраеннем) нашмат саступаюць калектыўным узброеным сілам краін ECOWAS (246 тысяч вайскоўцаў з доступам да заходняй зброі).

Аднак гэтая перавага ECOWAS збольшага забяспечваецца толькі адным яго членам — Нігерыяй, якая з'яўляецца асноўным фундатарам арганізацыі (30% бюджэту ECOWAS на Нігерыі), а больш за палову салдат у калектыўных узброеных сілах ECOWAS — нігерыйскія (143 тысячы).

Нескладана прадбачыць, што будзе, калі ў Нігерыі адбудзецца паспяховы прарасійскі вайсковы пераварот. Без Нігерыі ўвесь блок ECOWAS сутыкнецца з вялікім крызісам фінансавання і бяспекі з перспектывай распасціся цалкам, што зробіць краіны Заходняй Афрыкі лёгкай здабычай для Расіі і ператворыць цэлы рэгіён у расійскую вотчыну.

А гэта, у сваю чаргу, за кошт манапалісцкага доступу да багатых прыродных рэсурсаў рэгіёну дазволіць Крамлю амаль цалкам пазбавіцца сваёй сыравіннай і тэхналагічнай залежнасці ад Захаду для падтрымлівання сваёй эканомікі і арміі, што можа зрабіць заходнія эканамічныя санкцыі супраць Расіі бессэнсоўнымі.

Больш за тое, гэта можа зрабіць Расію дамінуючым гульцом на сусветных рынках рэдказямельных металаў, энерганосьбітаў і паліва, што дазволіць Крамлю дыктаваць умовы Захаду, які сам крытычна залежыць ад рэсурсаў Заходняй Афрыкі. Адной з такіх умоваў можа быць якраз дазвол заходнім кампаніям працягваць здабываць рэсурсы ў рэгіёне ў абмен на бесперабойную пастаўку пэўных заходніх тэхналогій і кампанентаў у Расію.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары10

  • Ноўнэйм
    08.08.2024
    Добра напісаны артыкул (адразу пачынаеш шмат разумець). Але ў канцы нейкі нелагічны вывад:
    "А гэта .. за кошт манапалісцкага доступу да багатых прыродных рэсурсаў рэгіёну дазволіць Крамлю амаль цалкам пазбавіцца ад сваёй тэхналагічнай залежнасці ад Захаду".
    Якім бокам доступ да рэсурсаў (=сыравіны) адносіцца да тэхналагічнай залежнасці? Думаю, ніякім. Расея проста будзе кантраляваць міравы рынак па тым рэсурсам, якія дабываюцца і ў самой расеі, і ў Нігерыі.
  • Имя
    08.08.2024
    Ноўнэйм , в последнем абзаце объясняется связь (ее виденье автором статьи) между ресурсами и преодолением технологической зависимости:

    "Адной з такіх умоваў можа быць якраз дазвол заходнім кампаніям працягваць здабываць рэсурсы ў рэгіёне ў абмен на бесперабойную пастаўку пэўных заходніх тэхналогій і кампанентаў у Расію."
  • Адправіць 100 мільёнаў нігерыйцаў у Расею
    08.08.2024
    Нігерыя мае 280 тысяч салдат рэгулярнай арміі з магчымасцю прыцягнуць на выпадак ваеннага становішча больш за 100 мільёнаў прызыўнікоў./
    Прапаную адправіць 100 мільёнаў нігерыйскіх прызыўнікоў у Расею абараняць правы Афрыканцаў у Расеі. Іх там моцна абіжаюць маскалі. Трэба навесці парадак.

Яны пайшлі ад нас у 2024 годзе. Згадваем беларусаў, якіх мы страцілі3

Яны пайшлі ад нас у 2024 годзе. Згадваем беларусаў, якіх мы страцілі

Усе навіны →
Усе навіны

Беларуска вельмі хацела ў Парыж. Ёй давялося падаваць дакументы на візу пяць разоў за год2

Торт «Селядзец пад шубай» за 16,99 апынуўся ў цэнтры гарачых спрэчак6

У Смаленскай вобласці гарыць нафтабаза пасля атакі беспілотнікаў2

Вяселле і драма кахання года, самы гучны зліў і нечаканае вяртанне — асноўныя людзі і падзеі 2024 года6

Гардон заявіў, што гістарычная сустрэча Трампа і Пуціна па Украіне сарвалася30

Ці трэба мыць цытрусавыя? Адказ здзівіць9

Ціханоўская пачне сваю віншавальную прамову за 12 хвілін да Новага года32

За «экстрэмізм» судзяць героя публікацыі «СБ» тыднёвай даўніны1

Аб'явілі «экстрэмісцкім» сайт «Першы»4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Яны пайшлі ад нас у 2024 годзе. Згадваем беларусаў, якіх мы страцілі3

Яны пайшлі ад нас у 2024 годзе. Згадваем беларусаў, якіх мы страцілі

Галоўнае
Усе навіны →