«Калі будзе Пуцін, то беларусам давядзецца ваяваць за сваю свабоду»
У новым выпуску ток-шоу «Жыццё-маліна» ўкраінскі журналіст Мацвей Ганапольскі расказаў, якім ён бачыць шлях Беларусі да свабоды і як адродзіцца беларуская мова.
17.08.2024 / 15:36
Мацвей Ганапольскі. Скрын відэа: malina_by / YouTube
Мацвей Ганапольскі ў адным са сваіх ранейшых інтэрв'ю заўважыў: калі беларусы хочуць свабоды, ім трэба мець на ўвазе, што давядзецца ваяваць з Расіяй. У новым выпуску ток-шоу «Жыццё-маліна» ён адзначыў, што гэтая яго думка не страціла актуальнасці.
«Калі Пуцін будзе, а не будзе Лукашэнкі, то давядзецца ваяваць. Таму што ў пуцінскай канфігурацыі Беларусь — частка імперыі. Навошта ён мусіць вас аддаваць?» — тлумачыць Ганапольскі.
Па словах журналіста, калі сыходзіць Пуцін, то аўтаматычна «заканчваецца Лукашэнка».
Разважаючы пра перспектывы Беларусі, Ганапольскі заўважыў, што краіна можа быць другім Кітаем ва ўсходняй Еўропе, калі браць пад увагу цесныя сувязі паміж Мінскам і Пекінам.
Як адродзіцца беларуская мова
На погляд Ганапольскага, сітуацыя з беларускай мовай зменіцца падобна да таго, як гэта адбылося ва Украіне.
«У вас адбудзецца тое, што адбылося ў нас. У нас украінская мова стала моднай. Дома ты размаўляеш на любой мове, але ў грамадскіх месцах стала модна размаўляць па-ўкраінску».
«У вас усе пажылыя людзі ходзяць у магазін, гавораць на рускай мове. Вы нават не ўяўляеце, што ў вас адбудзецца за год. У вас за год стане модна гаварыць па-беларуску. Потым у вас выйдзе закон, як выйшаў ва Украіне, аб мове ў грамадскіх месцах. Спачатку будзе незадаволенасць, «нас абмяжоўваюць». А потым да гэтага прызвычаяцца, і гэта стане фан», — прадказвае Ганапольскі.
Сам журналіст расказаў, што ў грамадскіх месцах размаўляе на ўкраінскай мове, бо «гэта модная мова, яна падкрэслівае маё адрозненне ад іншых, ад расійскіх».
Ці праўда, што ў Расіі сталі менш піць?
У Расіі YouTube перастаў працаваць у высокай якасці амаль ва ўсіх браўзэрах