Прылады з беларускага Паазер'я — найстаражытнейшыя ва Усходняй Еўропе сведчанні апрацоўкі воўны
Эксперыменты з артэфактамі пяцітысячагадовай даўніны, выяўленымі на тэрыторыі Беларусі, дазволілі зразумець іхняе прызначэнне.
21.08.2024 / 23:29
Рэканструяваная прылада апрацоўкі воўны, выяўленая ў беларускім Асаўцы. Фота: Anna Malyutina and Maxim Charniauski / Journal of Archaeological Science: Reports, 2024
Археолагі даследавалі 24 невялікія артэфакты з касцей і зубоў жывёл, выяўленых на паселішчах паўночнабеларускай культуры. Эксперыменты і трасалагічны аналіз паказалі, што, імаверна, 13 з іх былі элементамі складовых прылад для апрацоўкі воўны, а яшчэ сем — для апрацоўкі раслінных валокнаў.
Як паведамляецца ў артыкуле, апублікаваным у Journal of Archaeological Science: Reports, знаходкі датуюцца III тысячагоддзем да нашай эры. Пра гэта піша партал «N+1».
У познім неаліце — раннім бронзавым веку на тэрыторыі беларускага Паазер'я, поўдні Пскоўскай вобласці, паўночным захадзе Смаленскай вобласці і на паўднёвым усходзе Латвіі існавала паўночнабеларуская археалагічная культура.
Артэфакты, выяўленыя ў Асаўцы. Фота: Anna Malyutina and Maxim Charniauski / Journal of Archaeological Science: Reports, 2024
Шэраг важных помнікаў, звязаных з гэтай супольнасцю, даследчыкі выявілі на тэрыторыі Крывінскага тарфяніка, у якім добра захаваліся старажытныя артэфакты, вырабленыя з арганічных матэрыялаў, прычым у некаторых выпадках навукоўцам нават удаецца вызначыць, для якіх задач выкарыстоўваліся тыя ці іншыя рэчы.
Яркі прыклад — гэта набор касцяных прылад у арнаментаваным футарале, які археолагі выявілі ў 2010 годзе на помніку Асавец-2 недалёка ад аднайменнай вёскі Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласці.
Эксперыментальна-трасалагічны аналіз паказаў, што ў другой палове III ці на мяжы III—II тысячагоддзяў да нашай эры гэты набор, відаць, выкарыстоўваўся для вязання ці пляцення вырабаў з раслінных валокнаў.
Рэканструяваная прылада апрацоўкі раслінных валокнаў, выяўленая ў беларускім Асаўцы. Anna Malyutina and Maxim Charniauski / Journal of Archaeological Science: Reports, 2024
Гэтым разам Ганна Малюціна з Інстытута гісторыі матэрыяльнай культуры РАН і Максім Чарняўскі з Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі спыніліся на даследаванні 24 артэфактаў, знойдзеных у розныя гады на двух помніках Крывінскага тарфяніка — Асавец-2 і Асавец-7.
Гэта невялікія завостраныя прадметы, вырабленыя з касцей і зубоў жывёл. У прыватнасці, у адным выпадку навукоўцы вызначылі, што матэрыялам для гэтага вырабу паслужыў ікол вепра.
Даследчыкі адзначылі, што даўжыня вывучаных прадметаў складала ад 19 да 51 міліметра (у сярэднім — каля 35 міліметраў), а шырыня — ад трох да васьмі міліметраў. Форма, памер і рэшткі клеючага рэчыва (верагодна, бярозавага вару), захаваныя на 18 артэфактах, падказалі археолагам, што яны, відаць, першапачаткова былі элементамі састаўных прылад.
Паводле слоў навукоўцаў, на паверхні артэфактаў добра захаваліся сляды зносу, таму яны звярнуліся да эксперыментальна-трасалагічнага аналізу, каб вызначыць іх функцыю.
Рэканструяваная прылада апрацоўкі воўны, выяўленая ў беларускім Асаўцы. Фота: Anna Malyutina and Maxim Charniauski / Journal of Archaeological Science: Reports, 2024
Археолагі выказалі здагадку, што знаходкі былі элементамі прылад, з дапамогай якіх старажытныя жыхары беларускага Паазер'я апрацоўвалі раслінныя валокны і поўсць.
Яны вырабілі некалькі састаўных прылад з драўлянай асновай ці ручкай (грэбень і часальную дошку) з аналагічнымі зубцамі з ласінай косткі. Пасля эксперыментальнай апрацоўкі валокнаў крапівы і воўны навукоўцы параўналі сляды зносу на старажытных прыладах і на тых, што яны зрабілі для гэтага даследавання.
Паводле іх даных, 13 з 24 старажытных артэфактаў, верагодна, выкарыстоўваліся для апрацоўкі воўны, у той час як сем прадметаў былі элементамі прылад для апрацоўкі раслінных валокнаў. Астатнія тры завостраныя прадметы, паводле меркавання даследчыкаў, магчыма, былі элементамі рыбалоўных кручкоў.
Калі высновы аўтараў новага артыкула дакладныя, то знаходкі з'яўляюцца найстаражытнымі вядомымі сведчаннямі апрацоўкі воўны ў лясной зоне Усходняй Еўропы. Яны датуюцца III тысячагоддзем да нашай эры.
Нядаўна іншы даследчы калектыў вывучыў невялікія каменныя артэфакты, знойдзеныя ў Грэцыі на помніках эпохі неаліту. Навукоўцы прыйшлі да высновы, што яны з'яўляюцца элементамі найстаражытных у Еўропе малацільных дошак, якімі карысталіся яшчэ ў VII тысячагоддзі да нашай эры.
На гарадзішчы на Менцы разбіраюць фантастычнай захаванасці гіганцкія дубовыя зрубы X стагоддзя
У Шумілінскім раёне падчас раскопак знайшлі паясную накладку часоў вікінгаў
Археолагі кажуць, што знайшлі самыя старажытныя могілкі каменнага веку ў Беларусі