Як хто адрэагаваў на арышт Дурава?
Больш за ўсіх захваляваліся прапаганда і афіцыёз Расіі, якія асцерагаюцца пераходу Telegram пад кантроль Еўрасаюза. А лукашысты прапанавалі вызваліць Дурава шляхам абмену, хоць яшчэ нядаўна пагражалі таму пакаянным відэа.
25.08.2024 / 09:57
Павел Дураў. Скрын відэа: TuckerCarlson / YouTube
Стваральніка Telegram Паўла Дурава затрымалі ў Францыі, калі той прыляцеў у Парыж з Азербайджана на сваім прыватным самалёце.
Як тлумачаць французскія медыя, прычына затрымання ў тым, што Дураў не супрацоўнічаў з праваахоўнымі органамі Францыі пры расследаванні злачынстваў, звязаных з выкарыстаннем Telegram, а ў самім месенджары няма мадэрацыі. Гэта ў вачах французскіх праваахоўнікаў робіць мільярдэра саўдзельнікам тэрарызму, гандлю наркотыкамі, злачынстваў, звязаных з педафіліяй, і махлярства.
Гэта падзея імгненна стала каментавацца паўсюль, асабліва ў Расіі і Беларусі. Прапагандысты пішуць, што арышт Дурава абяцае велізарныя непрыемнасці Крамлю і яго саюзнікам.
«Яго трэба вызваляць, нават калі французы супраць. Страта тэлеграма для нас недапушчальная»
Навіна пра арышт Паўла Дурава выклікала неадкладную і негатыўную рэакцыю ледзь не ўсяго Z-сегменту, дзяржпрапаганды і ўладаў Расіі. І гэта нягледзячы на ноч і ўсю мінулую крытыку Крамля ў адрас Дурава за яго нязгоду супрацоўнічаць з расійскімі спецслужбамі.
Адной з першых забіла трывогу Дзярждума Расіі, якая звярнулася ў МЗС краіны, каб тыя спрыялі неадкладнаму вызваленню Дурава з-пад варты ў Францыі. Дурава прапанавалі вярнуць у Расію «любымі высілкамі».
«Цяпер яго трэба выцягваць. МЗС Расіі павінна выступіць з заклікам да французскіх улад вызваліць Паўла Дурава з пад варты. Яго арышт можа мець пад сабой палітычныя падставы і быць нагодай для атрымання доступу да асабістай інфармацыі карыстальнікаў Telegram. Гэтага дапусціць нельга.
Пры адмове французскіх уладаў вызваліць з пад варты Паўла Дурава прапаную прыкласці ўсе высілкі для яго перамяшчэння на тэрыторыю ААЭ ці Расійскай Федэрацыі. Пры згодзе Паўла, вядома», — напісаў віцэ-спікер Дзярждумы Уладзіслаў Даванкоў праз гадзіну пасля затрымання Дурава.
На фоне гэтага афіцыйная прадстаўніца расійскага МЗС Марыя Захарава паведаміла, што адразу ўмяшалася ў сітуацыю з арыштам прадпрымальніка і звярнулася да заходніх структур з пытаннем, «ці будуць тыя патрабаваць вызвалення Дурава».
Не скупіліся на каментары прапагандысты і ваенкары. Іх агульная рэакцыя на падзею — вельмі негатыўная, бо яны, як і Дзярждума РФ, асцерагаюцца перадачы Telegram пад поўны кантроль Еўрасаюза, што, на іх думку, ставіць пад удар усе канфідэнцыйныя перапіскі расійскіх вайскоўцаў, для якіх Telegram стаў асноўным сродкам сувязі.
Некаторыя Z-каналы спадзяюцца, што Паўла Дурава ўдасца абмяняць.
Вядомая прапагандыстка Кацярына Мізуліна ў сваю чаргу выказала ўпэўненасць, што арышт Дурава быў арганізаваны ЗША, каб перашкодзіць расійскім бізнэсменам абыходзіць санкцыі праз TON — афіцыйную крыптавалюту Telegram.
А прарасійскі калабарацыяніст з Украіны Алег Цароў і журналістка Ксенія Сабчак здзівіліся, што ўсе прапагандысты, нягледзячы на мінулую крытыку ў адрас Дурава, цяпер адзіныя ў сваім намеры пашкадаваць ці абараніць прадпрымальніка.
Лукашысты: Абмен Дурава — найлепшы крок
Большасць прапагандыстаў рэжыму Лукашэнкі праспалі навіну пра затрыманне Дурава, але некаторыя ўсё ж адрэагавалі на падзею сінхронна з расіянамі.
Так, арыентаваны на Расію канал «Белорусскій сіловік», які ў сакавіку 2022 года гразіў Паўлу Дураву «пакаянным відэа каля дзвярэй» за блакаванне чалавеканенавісніцікіх каналаў ГУБАЗіКа, падтрымаў расійскі наратыў пра магчымасць абмену Дурава, назваўшы гэта «найлепшым і вельмі крутым крокам».
Асобна канал звярнуў увагу на той факт, што Расія і Беларусь выкарыстоўвае Telegram у ваенных мэтах і паіранізаваў над тым, наколькі важны гэты месенджар для абедзвюх краін.
У той жа час прапагандыст Рыгор Азаронак выступіў катэгарычна супраць любых абменаў і пачаў злараднічаць з арышту прадпрымальніка.
Але гэта не перашкодзіла яму неўзабаве запосціць фатаграфію наступнага зместу.
Хвалю злараднасці працягнуў прапагандыст Аляксандр Шпакоўскі, які параўнаў эміграцыю Дурава з Расіі з пераездам па палітычных матывах з Беларусі журналіста Паўла Шарамета.
Параўноўваючы выпадкі Дурава і Шарамета, лукашэнкаўскі прапагандыст параіў «не пакідаць сваёй радзімы, бо яе не абіраюць».
А як адрэагавалі на Захадзе?
Афіцыйныя асобы краін Захаду, як і ўлады Францыі, на момант ночы не каментавалі арышт Паўла Дурава.
З вядомых асоб падзею паспелі пракаментаваць мільярдэр Ілан Маск і журналіст Такер Карлсан. Абодва асудзілі затрыманне прадпрымальніка і прадракалі Захаду з-за гэтага «цёмную будучыню».
Вядомы журналіст-расследавальнік Хрыста Грозеў напісаў, што падтрымлівае дзеянні французскіх уладаў у дачыненні да Паўла Дурава, аргументаваўшы гэта тым, што нават несупрацоўніцтва з расійскімі спецслужбамі не адмяняе патрабавання мадэраваць кантэнт, ачышчаць яго ад прапаганды агрэсіі, фэйкаў, заклікаў да тэрарызму і інш.
Гэты пункт гледжання падзяліў расійскую апазіцыйную супольнасць на Захадзе.
Адны лічаць, што арыштоўваць Дурава — няправільна, бо гэта «палітычны пераслед», «атака на свабоду слова і грамадзянскую супольнасць Расіі», якая «выгадная толькі Пуціну», які даўно хацеў заблакаваць Telegram з-за яго непадпарадкавання расійскім спецслужбам.
Другія лічаць, што Telegram цяпер стаў адным з асноўных інструментаў Крамля для прапаганды і ўплыву як унутры, так і за межамі Расіі, і «што Дураў падазрона з гэтым ніяк не змагаецца».