Як часта бывае ў такіх выпадках, смерць знакамітага рэпарцёра ахутаная таямніцамі і версіямі. Кропка ў гучнай справе не пастаўленая дагэтуль, але 20 ліпеня назаўсёды ўвойдзе ў гісторыю беларускай журналістыкі, як ганебны замах на сумленне.

Выбух аўтамабіля адбыўся за 15 хвілін да пачатку радыёэфіру

Раніцай 20 ліпеня 2016 года Павел Шарамет спяшаўся на чарговы радыёэфір. Ён вёў перадачу, якая так і называлася — «Раніца Паўла Шарамета».

Была дамова з госцем — кіраўніком федэрацыі лёгкай атлетыкі Ігарам Гацулам. Аднак вядоўцы ўсё не было. Калегі суцяшалі слухачоў: журналіст спазняецца.

Амаль адначасова з’явілася паведамленне пра выбух аўтамабіля на перакрыжаванні вуліц Багдана Хмяльніцкага і Івана Франко. Гэта адбылося літаральна ў некалькіх сотнях метраў ад дома, дзе жыў журналіст.

Наступны выхад у радыёэфір атрымаўся занадта драматычным. Вядоўца паведаміла пра тое, што за 15 хвілін да пачатку праграмы выбухнуў Subaru Паўла Шарамета. Яму спрабавалі аказаць меддапамогу, але шанцаў выратаваць жыццё журналіста не было…

Месца гібелі Паўла Шарамета. Фота: ukrafoto/vostock-photo

Месца гібелі Паўла Шарамета. Фота: ukrafoto/vostock-photo

Ён убачыў сутнасць рэжыму нашмат раней за нас

Як кажуць яго калегі, сваёй энергіяй Павел Шарамет зараджаў усіх навокал. Талент журналіста вельмі часта адгукаўся поспехам. У спалучэнні з бескампраміснасцю да дыктату і цэнзуры ён аўтаматычна аказваўся ў апанентах да аўтакратычных рэжымаў.

Як згадвала журналістка Ірына Халіп, менавіта Павел Шарамет стаў першым журналістам у незалежнай Беларусі, які быў арыштаваны за рэпарцёрскую дзейнасць і адзіным чалавекам, праз якога Лукашэнку аднойчы не пусцілі ў Расею. А пасля — першым беларусам, якога пазбавілі грамадзянства з фармулёўкай «у сувязі з атрыманнем расейскага грамадзянства».

Гаворка пра знакаміты рэпартаж з беларуска-літоўскай мяжы. У 1997 годзе журналіст з тэлеаператарам Дзмітрыем Завадскім прадэманстраваў недахопы ў працы дзяржорганаў. Аднак быў арыштаваны нібыта за парушэнне, пра якое сам расказаў у сюжэце для расейскага тэлеканала ОРТ.

Пасля Шарамет правёў некалькі месяцаў у СІЗА, пра што падрабязна расказаў у кнізе «Выпадковы прэзідэнт». Вызвалілі рэпарцёра толькі пасля таго, як Лукашэнку фактычна быў закрыты паветраны калідор у Расею. Некалькі гадзін той вымушаны быў правесці ў чаканні, пакуль тагачасны прэзідэнт РФ Барыс Ельцын не назваў рэальнай прычыны забароны: «Хай Шарамета выпускае».

Цяпер, калі ў месцах несвабоды за прафесійную дзейнасць знаходзяцца больш за 30 журналістаў, а ўлада разважае, як будзе пазбаўляць грамадзянства беларусаў, добра разумееш, што цяперашнія метады не новыя. Змяніўся толькі маштаб, аднак не прыёмы.

Тады ацэнкі і каментары ў дачыненні да рэжыму Паўла Шарамета многім здаваліся занадта катэгарычнымі і жорсткімі. Але праўда ў тым, што ён зразумеў усё нашмат раней за іншых. Журналіст убачыў за намерам «навесці парадак» сапраўдны матыў — падначаліць сабе народ і зрабіць Беларусь прыватнай уласнасцю. На жаль, тады мы яго не пачулі…

Негатыўны прафесійны вопыт і крывавая авантура расейскай палітыкі

Расейскі перыяд прафесійнай дзейнасці журналіста быў часта звязаны з вялікімі расчараваннямі. Спадзяванні на дэмакратычныя змены ў РФ не спраўдзіліся. У медыйным асяроддзі назіраліся негатыўныя тэндэнцыі, асабліва пасля прыходу да ўлады Пуціна.

Так, сваю працу ў якасці вядоўцы штотыднёвай аналітычнай праграмы «Время» (у 1999-м годзе) Павел Шарамет ацэньваў як «негатыўны прафесійны вопыт» і называў гэта сорамам. На пачатку 2000-га, за два тыдні да прэзідэнцкіх выбараў, ён сышоў з праекту ў сувязі з канфліктам, які склаўся з кіраўніцтвам.

На «Першым тэлеканале» (Расея) ён працаваў больш за дваццаць гадоў і канчаткова сышоў з яго ў 2008-м. Характэрна, што прычынай стала публікацыя ў газеце «Ведомости», у якой аўтар сцвярджаў, што Расея ідзе шляхам Беларусі. Чарговы раз застаецца здзіўляцца празорлівасці журналіста. Аднак зноў яго не захацелі пачуць.

Пасля была праца ў часопісе «Огонёк», на тэлеканале РЭН-ТВ, але было зразумела, што ціск павялічваецца і рэпарцёру, які не збіраўся ісці на кампрамісы і пагаджацца з цэнзураю, у Расеі станавілася цесна. Ён усё часцей паглядаў у бок Украіны — пачаў весці блог у газеце «Украинская правда», працаваў над школай для журналістаў, створанай пры гэтым выданні.

Канчаткова сувязь з Расеяй Павел Шарамет разарваў пасля анексіі Крыму і падзей на Данбасе. Ён публічна заявіў, што гэта «крывавая авантура і пагібельная памылка расейскай палітыкі». У сучасным кантэксце цытата гучыць вельмі актуальна, не лічыце?

Апошні публічны выступ журналіста ў Расеі адбыўся з нагоды гібелі палітыка Барыса Нямцова. Тады ніхто не мог уявіць, што праз некалькі гадоў будзе забіты сам рэпарцёр.

Ці будзе калісьці пастаўлена кропка?

Здавалася, што праца ва Украіне зноў натхніла Паўла Шарамета. Ён энергічна ўліўся ў медыясферу. Займаўся шматлікімі праектамі, праводзіў майстар-класы, выступаў аўтарам праграм на некалькіх тэлеканалах. Апошнім часам вёў радыёэфір, на які, дарэчы, спяшаўся ў дзень гібелі.

Нягледзячы на вымушанаю рэлакацыю, ён ніколі не забываўся пра Беларусь. У 2005 годзе стаў ініцыятарам стварэння сайта «Белорусский партизан», на якім часцяком з'яўляліся інсайды з калідораў улады. Вядома, што рэсурс вельмі ўважліва чыталі на самым версе і яго публікацыі выклікалі нервовую дрыготку ў чыноўнікаў.

У журналіста было, сапраўды, шмат ворагаў. Адразу ж узнікла версія, і яна застаецца асноўнай, што забойства было звязана з прафесійнай дзейнасцю. За Паўлам Шараметам сачылі. Неўзабаве з'явіўся відэазапіс падазроных людзей, якія знаходзіліся ноччу каля Subaru, пад якім была закладзена выбухоўка.

Прыкладна праз год журналісты выпусцілі ўласнае расследаванне. Яны высветлілі, што адзін з тых, хто быў зафіксаваны ў роліку, гэта былы супрацоўнік СБУ Ігар Усціменка. А пасля забойства спецслужбісты выдалілі запісы з сервера, на якім знаходзіліся відэа з камераў назірання.

У канцы 2019 года былі затрыманы трое падазраваных — лекарка і валанцёрка Юлія Кузьменка, музыка Андрэй Антоненка, вайсковая медсястра Яна Дугар. Следства было завершана ў траўні 2020-га, а праз некалькі месяцаў пачаўся суд. Усе затрыманыя адмаўлялі сваё дачыненне да злачынства і называюць пераслед палітычным. Верагодныя заказчыкі забойства названыя не былі. Расследаванне адносна іх выдзелена ў іншую справу і працягваецца.

Юлія Кузьменка ў судзе, 3 лютага 2020 года. Фота: Стас Юрчанка, Ґрати

Юлія Кузьменка ў судзе, 3 лютага 2020 года. Фота: Стас Юрчанка, Ґрати

Вайна паўплывала на разгляд гучнай справы. Некаторыя прысяжныя не змаглі ўзяць удзел праз мабілізацыю і выезд за мяжу. А на апошняе пасяджэнне з'явілася толькі адна з абвінавачаных. Другая знаходзіцца на вучэннях, а з якой прычыны не прыйшоў Антоненка, публічна не агучвалася.

Наступнае пасяджэнне прызначана на 21 жніўня 2023 года. Аднак пакуль не здаецца, што кропка ў гучнай справе калісьці будзе пастаўлена.

Фота: Радыё Свабода

Фота: Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
12
Абуральна
9