Беларусаў пачалі караць за тое, што яны не паведамляюць МУС пра здачу кватэры іншаземцам

Толькі ў Барысаве аштрафавалі ўжо чатырох чалавек.

27.08.2024 / 17:44

У Беларусі пачалі караць грамадзян, якія не паведамляюць у МУС пра здачу кватэр іншаземцам.

Новы закон уступіў у сілу ў ліпені. Ён абавязвае арэндадаўцаў паведамляць у МУС пра іншаземцаў, якім яны здаюць жылплошчу. Прычым зрабіць гэта трэба цягам трох гадзін пасля засялення, адзначае «Мінская праўда».

Паведаміць можна трыма спосабамі: праз Адзіны партал электронных паслуг, паведамленнем па форме, зацверджанай пастановай МУС, якое трэба прынесці асабіста ў орган унутраных спраў па месцы размяшчэння жылога і іншага памяшкання, альбо праз інфармацыйны рэсурс МУС. За парушэнне правіл прадугледжаны штраф да 20 базавых — 800 беларускіх рублёў.

І арэндадаўцаў ўжо актыўна караюць. Толькі ў Барысаве аштрафавалі чатырох мясцовых жыхароў. Пра адзін з выпадкаў расказаў начальнік аддзела грамадзянства і міграцыі Барысаўскага РУУС Максім Гур'янаў:

«Грамадзянін Узбекістана прыбыў у наш горад, каб уладкавацца на працу кіроўцам у адну з гандлёвых арганізацый. Адпаведна, падаў дакументы да нас. У гэтым пераліку — і дамова найму жылля. Гэта было ў канцы ліпеня.

Мы праверылі — паведамлення ад уладальніка не паступала. Запрасілі гаспадыню кватэры да нас. Інфармацыя, што яна парушыла закон, пацвердзілася. У выніку ўласніца заплаціла штраф».

У Беларусі затрымалі літоўца, які абвінавачваецца на радзіме ў забойстве

Мінчанка здала кватэру і сышла ў мінус на 1000 рублёў

Янкі: Маю кватэру дзяржава выставіла на аўкцыён разам з прабабуляй, якая там жыла

Nashaniva.com