Новы лайфхак ад беларусаў, як не стаяць суткамі ў чарзе на мяжы з Еўрасаюзам

Велізарныя чэргі з аўтобусаў на беларуска-польскай мяжы прымушаюць людзей прыдумляць новыя схемы, як не сядзець па 30 і болей гадзін у аўтобусе. 

27.08.2024 / 23:10

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Калі не звяртацца да рознага кшталту хітрыкаў, праходжанне беларуска-польскай мяжы займае ад 1 да 2 сутак. 

Даволі папулярны спосаб не стаяць суткамі на спёцы — перасесці ў аўтобусы, якія стаяць бліжэй да заезду за шлагбаум. Калі пашчасціць, можна падсесці ў трэці-пяты аўтобус, а калі чэргі вельмі вялікія, то ў сёмы-дзясяты ад шлагбаума. 

Звычайна кіроўцы бяруць па 40-50 еўра з чалавека. Але такія лайфхакі працуюць не заўжды, бо часам з рэйдамі на мяжу наведваюцца супрацоўнікі транспартнай інспекцыі. Падчас праверак кіроўцы не бяруць новых пасажыраў, нават калі ёсць шмат вольных месцаў, і адпраўляюць усіх ахвотных на вакзал.

Новы варыянт — з цягніком

Мінчукі, якія днямі ехалі з беларускай сталіцы ў Варшаву, дзейнічалі наступным чынам.

Людзі прыязджалі на мінскі вакзал перад адпраўленнем аўтобуса, адзначаліся ў кіроўцы, але ў аўтобус не сядалі. Вярталіся дадому, наступным днём выязджалі на цягніку з Мінска ў Брэст, і ў Брэсце падсаджваліся ў аўтобус. 

Пасажыры, якія ехалі адразу з Мінска, правялі 30 гадзін у чарзе перад тым, як даехаць да мытнага кантролю на беларускім баку. Праходжанне мяжы агулам заняло 34 гадзіны.

Але, як кажуць відавочцы, каля паловы пасажыраў не сядзелі ўвесь час у аўтобусе, а прыехалі цягніком з Мінска значна пазней, дзякуючы чаму правялі папярэднія суткі дома, а не ў дарозе.

Хуткі варыянт выехаць у ЕС. Колькі бяруць за перавозку праз мяжу на аўто і матацыклах

Лайфхак не спрацаваў. Беларусы думалі трапіць у Літву правераным і хітрым спосабам, а іх не пусцілі

«Іх дэпартуюць, візы анулююць». Каля 40 беларускіх турыстаў, што ехалі ў Іспанію, затрымалі ў Германіі

 

Nashaniva.com