Дыетолагі рэкамендуюць, якія прадукты трэба есці ў кожнае дзесяцігоддзе свайго жыцця
З узростам у чалавека змяняецца патрэба ў вітамінах і мінералах, таму тое, што было карысна ў маладосці, можа быць шкодным у сталым узросце. На што трэба звярнуць увагу ў кожным дзесяцігоддзі жыцця?
01.09.2024 / 08:00
Пра гэта выданню Daily Mail расказала дыетолаг Федэрыка Амаці.
Узрост: да 12 гадоў. Вада і пашырэнне харчовага рэпертуару
У гэтым узросце неабходна заахвочваць дзяцей есці разнастайную ежу, багатую пажыўнымі рэчамі. Гэта дапамагае росквіту мікрабіёма, які працуе над стварэннем моцнай імуннай сістэмы.
Увядзенне ў рацыён дзяцей з ранняга ўзросту новых і разнастайных цэльных прадуктаў дазволіць знізіць выпадкі алергіі і палепшыць абарону ад інфекцый і хвароб на ўсё жыццё.
Дыетолаг рэкамендуе звесці да мінімуму спажыванне напояў з дадаткам цукру. Замест гэтага трэба заахвочваць дзяцей больш піць ваду. Гэта знізіць рызыку атлусцення, развіцця дыябету 2 тыпу і некаторых відаў раку ў будучым, а таксама захавае да старасці ўласныя зубы.
Узрост: 12-20 гадоў. Кальцый, амега-3 і жалеза для дзяўчатак
На гэты перыяд прыпадае падлеткавы ўзрост з хуткім ростам арганізму. Таму вельмі важна забяспечыць арганізм кальцыем для фарміравання моцных касцей, што закладзе добрую аснову для абароны ад астэапарозу ў будучым.
Дзяўчынкам, якія губляюць кроў падчас менструацый, пазбегнуць анеміі і пагаршэння імунітэту, узроўню энергіі і кагнітыўных функцыі дапамогуць прадукты, якія багатыя жалезам (яйкі, ласось, курыца, бабовыя).
Фота: Cattalin / Pixabay
У гэты перыяд важныя структурныя змены адбываюцца ў мозгу падлетка. «Нейрапластычнасці» на гэтым этапе развіцця, зніжэнню рызыкі ўзнікнення праблем з псіхічным здароўем у далейшым жыцці дапамогуць прадукты, багатыя амега-3 тлустымі кіслотамі.
Узрост: 20-30 гадоў. Раслінны бялок
У гэтым узросце могуць пачаць развівацца небяспечныя запаленчыя працэсы, якія суправаджаюцца павышэннем узроўню халестэрыну і трыгліцэрыдаў (тлушчаў у крыві).
Фота: vecteezy
Дыетолаг рэкамендуе замяніць тлустае перапрацаванае мяса (бургеры, сасіскі, вяндліну) расліннымі крыніцамі бялку, такімі, як грэчка, сачавіца, фасоль, арэхі і зярняты. Усе гэтыя прадукты дапамагаюць прафілактыцы сардэчна-сасудзістых захворванняў.
Узрост: 40-50 гадоў. Ферментаваныя прадукты
У гэтым узросце адбываюцца гарманальныя змены як у жанчын, так і мужчын, што можа аслабіць імунную сістэму. У выніку могуць з'явіцца новыя алергіі, больш працяглым стаць перыяд аднаўлення пасля прастуды ці грыпу, а арганізму складаней змагацца з ракавымі клеткамі.
Дыетолаг рэкамендуе з'ядаць кожны дзень дзве-тры порцыі ферментаваных прадуктаў (кефіру, ёгурту, квашанай капусты, сыру чэдар) і піць ферментаваны чай.
Клятчатка і прабіётыкі дапамагаюць падтрымліваць папуляцыю карысных бактэрый у кішэчніку. У выніку імунная сістэма будзе больш эфектыўна працаваць, што прывядзе да аслаблення запаленчай рэакцыі, якая з'яўляецца моцным папярэднікам сардэчных захворванняў.
Узрост: 60-70 гадоў. Бялок і пажыўныя рэчывы
У гэтым узросце шанцы на выздараўленне пачынаюць складвацца не на нашу карысць, бо даюць аб сабе знаць наступствы ладу жыцця ў папярэднія дзесяцігоддзі. У гэты час вялікая рызыка хвароб сэрца, дыябету 2 тыпу і інсультаў.
Дыетолаг заўважае, што 80% такіх выпадкаў можна было прадухіліць шляхам змены рацыёну харчавання і ладу жыцця.
У гэты перыяд арганізму патрэбны бялок (каля 1 грама на кілаграм вагі), клятчатка (не менш за 30 грамаў у дзень) і поўны набор пажыўных рэчываў. На талерцы павінна быць больш гародніны, арэхаў, зярнят, тлустай рыбы, яек і мяса добрай якасці. А вось ад тортаў, пячэння, крэкераў трэба адмовіцца.
Узрост: 80+. Больш вады і клятчаткі, увага на чарнасліў
Як адзначае дыетолаг, у гэтым узросце людзі, як правіла, п'юць мала вады і ў выніку атрымліваюць абязводжванне. І гэтага можа быць дастаткова для таго, каб свядомасць стала зблытанай і ўзрасла рызыка інсульту.
Спецыяліст рэкамендуе не чакаць адчування смагі, а рэгулярна піць ваду і чай на працягу дня, есці садавіну і гародніну, якая насычае арганізм вадою (памідоры, агуркі, грушы, дыні).
З узростам таксама запавольваецца праца стрававальнай сістэмы, што павялічвае рызыку запораў, якія не толькі не прыемныя, але і могуць прывесці да сур'ёзных праблем з кішэчнікам і нават да пагаршэння псіхікі.
Чарнасліў. Фота: Douglas Sacha / Getty Images
Таму добрай звычкай павінна стаць ужыванне кожны дзень чарнасліву. Ён не толькі дапамагае рэгуляваць працу кішэчніка, але і багаты поліфеноламі, якія прыносяць дадатковую карысць здароўю, а таксама кальцыем для здароўя касцей.
Дыетолаг упэўнена, што незалежна ад таго, колькі піцы і бургераў вы з'елі ў юнацтве, пераход на здаровае харчаванне ў любым узросце можа прынесці карысць і быць дастатковым, каб вывесці вас з групы рызыкі, радыкальна знізіўшы шанцы захварэць дэменцыяй у сталым узросце.
Даследаванне з бюджэтам 190 млн даляраў высветліць, што найлепш есці кожнаму асобнаму чалавеку
Яркія цукеркі, марожанае і салодкія ёгурты. Калі вы іх ясце, вазьміцеся за галаву