МЗС Расіі: Беларусь выконвае саюзніцкія абавязкі, засяроджваючы войскі на мяжы з Украінай

Прадстаўніца расійскага МЗС Марыя Захарава вырашыла заступіцца за афіцыйны Мінск перад Украінай.

28.08.2024 / 18:04

Скрыншот відэа

Захарава адрэагавала на заяву МЗС Украіны ад 25 жніўня, у якой Кіеў заклікаў Мінск адвесці войскі ад паўднёвай мяжы.

Прадстаўніца расійскага замежнапалітычнага ведамства назвала такія патрабаванні непрымальнымі. Яна заявіла, што Беларусь выконвае абавязацельствы перад Расеяй, калі засяроджвае войскі на мяжы з Украінай.

«Сваімі крокамі па ўзмацненні абароны мяжы з Украінай беларускія саюзнікі добрасумленна выконваюць узятыя на сябе абавязацельствы па недапушчэнні ўдараў у спіну Расіі», — заявіла Захарава.

Заяву МЗС Украіны яна назвала «хамскім дэмаршам з пагрозамі расцуглянага характару». Захарава таксама нагадала, што на тэрыторыі Беларусі базуецца расійская ядзерная зброя.

«У дакуменце (ваеннай дактрыне Саюзнай дзяржавы — заўв. НН) прапісаная цвёрдая рашучасць дзяржаў-удзельніц забяспечыць ваенную бяспеку Саюзнай дзяржавы ўсімі наяўнымі ў распараджэнні сіламі і сродкамі. Як вядома, на брацкай беларускай зямлі ў цяперашні час разгорнутая сумесная рэгіянальная групоўка войскаў, а таксама сучасныя расійскія абаронныя комплексы і тактычная ядзерная зброя», — заявіла Захарава.

Яна прыгразіла Украіне і краінам НАТА «згубнымі наступствамі».

Заявы Захаравай разыходзяцца з пазіцыяй, задэклараванай беларускім Міністэрствам замежных спраў. «Прысутнічае нейкая хітрая гульня, разлічаная на ўнутранае спажыванне альбо на атрыманне авацый з Захаду», — гаварылася ў адказе прэс-сакратара МЗС А.Глаза на пытанне СМІ пра рэакцыю беларускага боку на заяву МЗС Украіны з патрабаваннем адвесці беларускія войскі ад беларуска-ўкраінскай мяжы.

«Галоўнае — не перахітрыць самога сябе». МЗС Беларусі адказала на заклік Украіны адвесці войскі ад мяжы

Беларусь канцэнтруе войскі каля паўднёвай мяжы — МЗС Украіны

«Дразды-3». Як у пасёлку пад Мінскам пасяліліся Галоўчанка, Глаз, Янчэўскі, Кавальчук і іншая лукашэнкаўская эліта

Украінцы спрабавалі прарвацца ў Клімаўскі раён Бранскай вобласці — ён мяжуе з Беларуссю

Лукашэнка апраўдваўся на расійскім ТБ за адвод войскаў ад украінскай мяжы

Nashaniva.com