«Галоўнае — не перахітрыць самога сябе». МЗС Беларусі адказала на заклік Украіны адвесці войскі ад мяжы
Прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз адказаў украінскаму боку ва ўласцівай сабе манеры: абвінаваціў Украіну ва ўсіх грахах.
МЗС Беларусі адрэагаваў на заклік Украіны адвесці беларускія войскі ад мяжы.
Прэс-сакратар ведамства Анатоль Глаз заявіў, што афіцыйных зваротаў ад украінскага боку, маўляў, не было.
«Афіцыйна такія звароты ад украінскага боку ні ў якім выглядзе да нас не паступалі. Мы толькі бачылі гэтае паведамленне на прасторах інтэрнэту. Ведаеце, там хапае ўсялякага. Так што мы самі былі б удзячныя, калі б хто-небудзь змог нам растлумачыць логіку падобных заяў. Як на нашу думку, вельмі мудрагелістую», — адзначыў Глаз ва ўласцівай яму манеры.
Ён чарговы раз абвінаваціў Украіну ў правакацыях, нібыта беспрычыннай канцэнтрацыі войскаў на мяжы з Беларуссю і тэрарызме.
«Атрымліваецца, што кіраўніцтва Украіны запускае праз тэрыторыю Беларусі баявыя дроны, а праз тыдзень на сайце свайго МЗС здзіўляецца дзеянням нашых узброеных сіл, якія выконваюць задачы па гарантаванні бяспекі тэрыторыі Беларусі і нашых грамадзян.
У нашым разуменні тут усё лагічна. Асабліва, калі ўлічыць пастаянныя правакацыі на мяжы з украінскага боку, дыслакацыю групоўкі войскаў больш за 100 тысяч чалавек, закіданне ў Беларусь тэрарыстаў, іх забеспячэнне і фінансаванне, татальнае мініраванне прымежнай тэрыторыі і многія іншыя рэчы. Але вы ж разумееце, што гэта ў рамках класічнай логікі. А якой логікай кіруецца ўкраінскі бок, мы не ведаем», — заявіў Глаз.
Ён выказаў здагадку, што «тут прысутнічае нейкая хітрая гульня, разлічаная на ўнутранае спажыванне альбо на атрыманне авацый з Захаду».
«Аднак галоўнае ў такой гульні — не перахітрыць саміх сябе», — рэзюмаваў чыноўнік.
Напярэдадні МЗС Украіны заявіла, што Беларусь канцэнтруе войскі і тэхніку на паўднёвай мяжы. Украіна заклікала афіцыйны Мінск «не рабіць трагічных для ўласнай краіны памылак пад ціскам Масквы», а беларускую армію — «спыніць недружалюбныя дзеянні і адвесці войскі ад дзяржаўнай мяжы Украіны на адлегласць, якая перавышае далёкасць паражэння наяўных у Рэспубліцы Беларусь сістэм агню».
Беларусь канцэнтруе войскі каля паўднёвай мяжы — МЗС Украіны
«Дразды-3». Як у пасёлку пад Мінскам пасяліліся Галоўчанка, Глаз, Янчэўскі, Кавальчук і іншая лукашэнкаўская эліта
Украінцы спрабавалі прарвацца ў Клімаўскі раён Бранскай вобласці — ён мяжуе з Беларуссю
Лукашэнка апраўдваўся на расійскім ТБ за адвод войскаў ад украінскай мяжы
Каментары