Міграцыйнае агенцтва Швецыі перагледзіць справы аб наданні прытулку беларусам
Пра гэтую ініцыятыву паведамляюць Народныя амбасады Беларусі.
29.08.2024 / 15:53
Учора на сайце Шведскага радыё была апублікаваная інфармацыя, што міграцыйнае агенцтва Швецыі гэтай восенню правядзе перагляд спраў аб прытулку з Беларусі. Раней установу ўжо крытыкавалі за выкарыстанне састарэлай інфармацыі пра краіну, якая не адлюстроўвае масавыя рэпрэсіі.
«Мы ўсведамляем гэтую інфармацыю і крытыку, якая была выказаная ў наш адрас», — заявіла Анна Ліндблад, намесніца юрыдычнага кіраўніка Міграцыйнай рады, у інтэрв'ю выданню Ekot.
Прадстаўнік Народнай амбасады Беларусі ў Швецыі Зміцер Васэрман так пракаментаваў гэту навіну:
«Мы, Народная амбасада Беларусі ў Швецыі, аднавілі дыялог з міграцыйным агенцтвам пасля таго, як у ліпені аператару Сяргея Ціханоўскага, Канстанціну Сярогіну, зноў адмовілі ў наданні прытулку, гэтым разам у міграцыйным судзе.
Гэты выпадак падкрэсліў, што, нягледзячы на абнаўленне інфармацыі аб Беларусі міграцыйным агенцтвам у лютым гэтага года, якая больш дакладна адлюстроўвае рэальнасць масавага тэрору ў краіне, агенцтва працягвае падтрымліваць свае папярэднія рашэнні ў судзе.
У сувязі з гэтым мы зноў звярнуліся да міграцыйнага агенцтва, каб звярнуць увагу на неадпаведнасць паміж абноўленай інфармацыяй па краіне і дзеяннямі агенцтва ў судах.
Рашэнне міграцыйнага агенцтва Швецыі аб пераглядзе спраў беларусаў было прынята на пачатку тыдня, яшчэ да таго, як апошні выпадак аб дэпартацыі стаў вядомы публічна, і не звязанае з ім.
Мы вітаем абнаўленне інфармацыі, аднак лічым крытычна важным, каб перагляд спраў беларусаў і беларусак аб наданні прытулку праводзіўся на фоне мараторыя на іх дэпартацыю. Гэта перашкодзіць высылцы тых беларусаў, па якіх ужо былі прынятыя рашэнні.
Мы будзем працягваць дыялог з міграцыйным агенцтвам, каб забяспечыць прыняцце рашэння аб мараторыі на дэпартацыі».
Франак Вячорка пракаментаваў справу дэпартаваных са Швецыі беларусаў
Ці сапраўды ў турме ў Жодзіне ў жніўні 2023 памёр палітвязень? Не, сям'я хлусіць
Швецыя дэпартавала ў Беларусь палітычнага ўцекача? Што вядома на гэты момант
Беларуса, якому Швецыя адмовіла ў прытулку, затрымалі на радзіме