«Мы не ведалі, што Дзіяна ў вышуку». Сябар беларускі, затрыманай у Арменіі, расказаў, як гэта было
«Радыё Свабода» паразмаўляла з сябрам Дзіяны Маісеенкі, якую 2 верасня затрымалі на грузінска-армянскай мяжы па палітычна матываваным вышуку з боку Беларусі. Ён расказаў некаторыя падрабязнасці пра яе справу.
02.09.2024 / 17:35
Дзіяна Маісеенка. Фота з яе асабістага архіва
Беларуска Дзіяна Маісеенка жыве ў Грузіі ўжо два гады. Яе сябар Уладзімір расказаў «Радыё Свабода», што яны з Дзіянай хацелі з'ездзіць у падарожжа ў суседнюю Арменію, паглядзець Ерэван. Паехалі, прайшлі без праблем грузінскі памежны кантроль.
«Армянскія памежнікі, калі ўзялі беларускі пашпарт Дзіяны, кажуць: «Хвіліначку». Потым яшчэ: «20 хвіліначак», «30 хвіліначак». У выніку: «Вы ў вышуку». І павезлі ў раённы аддзел паліцыі ў горад Наемберан. Там Дзіяне патлумачылі, што з 23 ліпеня 2023 года яна знаходзіцца ў Беларусі ў вышуку.
Мы былі ў шоку, бо не ведалі, што Дзіяна ў вышуку. Я не люблю палітычныя тэмы, не ўздымаю іх. Пра свой удзел у пратэстах Дзіяна мне не расказвала. Хоць пра беларускія пратэсты, натуральна, я ведаю», — кажа Уладзімір. Сам ён не грамадзянін Беларусі.
Яму дазволілі перадаць для Дзіяны ваду, ежу і асабістыя рэчы.
«Умовы ўтрымання нармальныя, там не спякотна, нават прахалодна — наколькі гэта можна казаць пра паліцэйскі пастарунак. Яна не ў СІЗА, а менавіта ў аддзяленні паліцыі. Усё неабходнае ў мяне прынялі», — расказаў Уладзімір.
Па ягоных словах, пара і раней вандравала, ездзілі разам у Турцыю. «Праўда, у Арменію ніколі не ездзілі раней. Ну, вось і прыехалі», — наракае суразмоўца.
Пакуль Дзіяну змясцілі пад варту на 72 гадзіны.
Адвакат Алесь Міхалевіч, які займаецца справай дзяўчыны і ўжо выйшаў на армянскіх адвакатаў, гаворыць:
«Спадзяюся, разам са СМІ мы ўздымем хвалю салідарнасці. Думаю, што нам удасца адстаяць правы Дзіяны і дамагчыся адмовы ў яе экстрадыцыі з Арменіі, паколькі міжнароднае права забараняе экстрадыцыю асоб, якія пераследуюцца з палітычных матываў».
Адвакат просіць нагадаць беларусам, якія знаходзяцца ў Грузіі, што так званы «візаран» лепш рабіць у Турцыю. У Арменію ездзіць рызыкоўна.
У Арменіі затрымалі беларуску за ўдзел у пратэстах-2020
Пашынян заявіў пра замарозку Арменіяй удзелу ў АДКБ
МЗС Беларусі выклікала армянскага дыпламата і паскардзілася на кідальнікаў гародніны і яек