З'явіліся новыя падрабязнасці дэпартацыі са Швецыі беларускай сям'і

Расійскі тэлеграм-канал Astra паразмаўляў з расіянкай Вольгай Рагачэўскіх, якая сядзела ў шведскай дэпартацыйнай турме разам з беларускай, якую прымусова адправілі на радзіму.

02.09.2024 / 21:08

Стакгольм, Швецыя. Ілюстрацыйнае фота

Паводле слоў Рагачэўскіх, беларуску і яе сына (у навіне не называецца іх прозвішча) пасадзілі ў шведскую дэпартацыйную турму ў маі 2024 года.

«Яна падобная да СІЗА. Тут ты жывеш у пакоі з суседзямі, у вас агульны прыём ежы, адна гадзіна ў дзень прагулка, табе нельга нікуды выходзіць, ты знаходзішся пад камерамі, на сустрэчу ходзіш пад канвоем — два чалавекі мінімум», — расказала яна пра ўмовы ўтрымання.

Рагачэўскіх расказала, што 21 жніўня 2024 года беларуску разам з сынам закавалі ў кайданкі, пасадзілі ў самалёт і выкінулі ў нейтральнай зоне на мяжы Літвы і Беларусі.

«Хтосьці міма праязджаў, узяў іх, і на мяжы сына адразу затрымалі», — расказала расіянка. Адкуль гэта ёй стала вядома, у матэрыяле Astra не ўдакладняецца. Можна было б падумаць, што пра гэта ёй расказала сама беларуска, аднак жа, паводле слоў той жа Рагачэўскіх, «сувязі з жанчынай цяпер няма, што з ёй — невядома».

Варта адзначыць, што ў матэрыяле Astra некрытычна пераказваюцца тыя ж дэталі, у праўдзівасці якіх сям'я Цітарэнкаў ад пачатку спрабавала пераканаць беларускае грамадства. У тым ліку безапеляцыйна сцвярджаецца, што галава гэтай сям'і быў палітвязнем і год таму «загінуў у беларускай турме».

Між тым, пры бліжэйшым разглядзе высветлілася, што 55-гадовы мінчук Васіль Цітарэнка, фальсіфікаваную даведку аб смерці якога беларусы падавалі ў шведскія міграцыйныя органы, хоць і сапраўды памёр, але не ў турме. Таму і да гэтай новай інфармацыі варта ставіцца надзвычай асцярожна і крытычна.

Міграцыйнае агенцтва Швецыі перагледзіць справы аб наданні прытулку беларусам

Франак Вячорка пракаментаваў справу дэпартаваных са Швецыі беларусаў

Ці сапраўды ў турме ў Жодзіне ў жніўні 2023 памёр палітвязень? Не, сям'я хлусіць

Швецыя дэпартавала ў Беларусь палітычнага ўцекача? Што вядома на гэты момант

Nashaniva.com