На Гродзеншчыне дзве старыя воданапорныя вежы прыстасуюць пад хостэл і бар
Дзве старыя воданапорныя вежы ў Гродзенскай вобласці выкупілі прыватныя ўласнікі, піша Hrodna.life. Яны плануюць аднавіць іх і змяніць функцыі: вежа ў Мастах ператварыцца ў хостэл, а вежа ў Навагрудку стане барам.
03.09.2024 / 21:55
Былая воданапорная вежа ў Навагрудку. Фота: instagram.com/blisch
Ужо з’явіліся эскізы будучага хостэла ў Мастах. Ілюстрацыі публікуе тэлеграм-канал «Белорусская глубинка». Згодна з імі, пасля рэстаўрацыі ў вежы з’явяцца новыя вокны. Унутры будынак падзеляць на паверхі і памяшканні, у якіх прадугледзяць нумары для пастаяльцаў. У кожным нумары будзе ўласны санвузел. Да будынка прыбудуюць закрытую лесвіцу ў такім жа цагляным прамысловым стылі, як і ўвесь будынак.
Праект хостэла ў мастоўскай вежы. Фота: t.me/glubinka_by
Эскіз нумароў у хостэле. Фота: t.me/glubinka_by
Старую воданапорную вежу ў Навагрудку будуць рэстаўраваць уласнікі гатэля «Еўропа». Яны плануюць ператварыць яе ў бар. Пра гэта на сваёй інстаграм-старонцы паведаміў блогер Дзяніс Блішч. Вінтавая лесвіца ў вежы вядзе на самы верх, а праз акно відаць «эксклюзіўныя краявіды горада», дадае блогер.
Навагрудская вежа ўсярэдзіне. Фота: instagram.com/blisch
Вежа ў Навагрудку звонку. Фота: instagram.com/blisch
У інстаграме гатэля «Еўропа» ў апісанні можна прачытаць кароткую інфармацыю:
«Мы — сям’я Поткіных. Шукаем інвестараў. Рэстаўруем гатэль «Еўропа» 1900 года. Будуем падземны музей. Рэстаўруем воданапорную вежу».
Улады планавалі стварыць у навагрудскай вежы музей вады
У 2013 годзе ў навагрудскай вежы планавалі адкрыць аглядную пляцоўку. Пасля ад гэтай ідэі адмовіліся і вырашылі стварыць інтэрактыўны музей вады. «Навагрудскія ўлады з энтузіязмам падтрымалі ідэю стварэння такой установы», — паведамлялі дзяржаўныя медыі.
Нават сабралі спецыяльную камісію, якая павінна была даследаваць тэхнічны стан будынка — але музей у вежы так і не з’явіўся.
Якія праекты з воданапорнымі вежамі (не) рэалізавалі ў Гродне
Старадаўнюю воданапорную вежу ў лесапарку Румлёва хацелі выкарыстаць для бізнэсу. Паводле планаў прыватнага інвестара, на вежы мела з’явіцца назіральная пляцоўка і невялікі офіс. Але прапанова падвесці да вежы інжынерныя камунікацыі выклікала ў мясцовых эколагаў абурэнне. Ідэя не адпавядала статусу помніка прыроды, які мае парк — у выніку праект закрылі.
У былых гродзенскіх ваданапорных вежах «Кася» і «Бася» з 1987 года знаходзяцца мастацкія майстэрні. Гэта адна з турыстычных адметнасцяў горада. Праўда, не абыходзіцца без праблем: у 2022 годзе мастакам раптоўна выставілі рахунак за карыстанне зямлёй — 22 тысяч рублёў за шэсць гадоў. Тады творцам давялося шукаць спонсара, каб заплаціць пазыку.
Следам за Ружанамі. БНТУ перамалёўваюць у кіслотна-зялёныя колеры
У Асмалоўцы сапсавалі фасады гістарычнага дома. Усё па законе
У Магілёве перадумалі зносіць першую гарадскую электрастанцыю?