«Не балбачы і не панікуй, а то пасадзім». Прапаганда ў замяшанні пасля збіцця расійскіх шахедаў над Беларуссю

Упершыню з ліпеня, калі шахеды сталі анамальна часта залятаць у Беларусь, з’явіліся відэадоказы іх знішчэння ў беларускім небе. Ігнараваць гэтую з'яву стала немагчыма, таму лукашэнкаўскія і пуцінскія прапагандысты паспрабавалі даць усяму гэтаму тлумачэнне. Выйшла супярэчліва.

05.09.2024 / 20:36

Рэакцыі лукашэнкаўскіх прапагандыстаў на знішчэнне расійскіх шахедаў у паветранай прасторы Беларусі. Калаж: «Наша Ніва»

З сярэдзіны ліпеня на фоне адводу беларускага войска ад мяжы з Украінай расійскія беспілотнікі сталі анамальна часта ўрывацца ў паветраную прастору Беларусі. Няпланавасць такіх залётаў пацвярджаецца тым, што ўжо другі раз беларуская авіяцыя знішчае расійскія шахеды на поўдні краіны (першае такое збіццё, паводле «Беларускага Гаюна», адбылося 29 жніўня).

Гэтая ноч адметная тым, што адразу восем расійскіх шахедаў заляцелі ў Беларусь, два з якіх былі збітыя над Гомелем і Хойніцкім раёнам, што ўпершыню было зафіксавана на відэа. Беларускае Мінабароны потым пацвердзіла, што прыняло рашэнне знішчыць беспілотнікі.

@nashaniva У Гомельскай вобласці ўначы збілі два расійскія шахеды #гомель #гомельчане #шахеды #нашаніва #дроны #беларусь #всрб #армиябеларуси ♬ War Hammer - Noise Candy Music

Уначы ў Беларусь заляцелі як мінімум восем расійскіх шахедаў. Два з іх былі знішчаныя беларускай авіяцыяй і СПА на поўдні краіны. Інфаграфіка: маніторынгавы праект «Беларускі Гаюн»

Факт здымкі звычайнымі беларусамі момантаў збіцця шахедаў над Беларуссю выклікаў масавае абурэнне лукашэнкаўскіх прапагандыстаў і сілавікоў, якія пачалі пагражаць беларусам «доўгай і цяжкай турмой» за распаўсюд інфармацыі пра расійскія беспілотнікі.

Прапаганда стала заклікаць людзей маўчаць і не панікаваць, суправаджаючы свае допісы вядомым савецкім плакатам «Не балбачы, а то да дзяржздрады недалёка!».

Характэрна, што большая частка такіх допісаў прапаганды з'явілася толькі раніцай, праз 8-10 гадзін пасля непасрэднага збіцця шахедаў. У момант залёту беспілотнікаў у паветраную прастору Беларусі не было ніякага афіцыйнага апавяшчэння насельніцтва, людзі даведваліся пра небяспеку толькі з незалежных беларускіх і ўкраінскіх тэлеграм-каналаў.

Каментар Мінабароны Беларусі таксама з'явіўся толькі раніцай. У ім не была пазначаная краіна паходжання збітых беспілотнікаў.

Тое, што Мінабароны афіцыйна не назвала, якой краіне належалі знішчаныя ўначы беспілотнікі, не толькі ўнесла раз'яднанасць у стан лукашэнкаўскай прапаганды, але і кінула выклік версіі некаторых расійскіх Z-ваенкараў.

Так, нягледзячы на версію Мінабароны (якая дагэтуль не змянілася), прапагандыст Аляксандр Шпакоўскі ўжо паспеў абвінаваціць ва ўсім Украіну, назваўшы залёт беспілотнікаў «правакацыяй кіеўскага рэжыму напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі».

Разам са Шпакоўскім абвінавацілі Украіну і некаторыя расійскія Z-каналы. Напрыклад, вядомы прапагандыст Уладзіслаў Пазнякоў у момант збіцця шахедаў у беларускім паветры апублікаваў допіс з відэа аб тым, што УСУ атакуюць Беларусь.

А ваенкар Рыбар звязаў начныя падзеі з гісторыяй у жніўні, калі Лукашэнка справаздачыўся аб збіцці нібыта ўкраінскіх беспілотнікаў над Беларуссю. Прытрымліваючыся сваёй логікі, ваенкар заявіў, што Украіна працягвае выкарыстоўваць беларускае неба для нападаў на Расію.

У той жа момант адзін з лукашэнкаўскіх каналаў адзначыў, што збітыя над Беларуссю дроны маглі належаць любому з бакоў вайны ва Украіне, запэўніваючы, што беларускія органы заўсёды прытрымліваюцца прынцыпаў аб'ектыўнасці і не робяць паспешных галаслоўных заяў з абвінавачваннямі.

Гэтая ўпэўненасць прапагандыста рэзка кантрастуе як мінімум з тым, як у пачатку жніўня Лукашэнка адразу абвінаваціў Украіну пасля збіцця невядомых беспілотнікаў.

«Бл*дарусы — нацыя здраднікаў і паразітаў». Z-каналы ў шаленстве ад рашэння Лукашэнкі адвесці войскі ад Украіны

Ракета, якая забіла сям'ю ў Львове, праляцела раніцай праз паветраную прастору Гомельскай вобласці

«Беларусь наўрад ці разглядае наступальныя дзеянні супраць Украіны на даным этапе»

Марк Рыхтэр