Ва Украіне міністрам моладзі і спорту прызначылі бодзібілдара

У новага міністра не толькі перамогі на спартыўных спаборніцтвах, але і чатыры вышэйшыя адукацыі.

05.09.2024 / 21:04

Мацвей Бедны. Фота: Wikimedia Commons, my.ua

У Кабінеце міністраў Украіны шэраг міністэрскіх партфеляў атрымалі новыя людзі. Сярод іх і 44-гадовы Мацвей Бедны, які заняў пасаду міністра спорту і моладзі. Кар'ера гэтага чалавека дастаткова адметная.

У канцы 1990-х — пачатку 2000-х Бедны ўваходзіў у склад зборнай Украіны па бодзібілдынгу. У той час ён тройчы (2000, 2001 і 2002 гады) станавіўся чэмпіёнам Украіны, а ў 2000 годзе выйграў чэмпіянат свету сярод юніёраў у Дубаі.

Паралельна са спартыўнымі поспехамі Бедны скончыў два ўніверсітэты, атрымаўшы дыплом трэнера-выкладчыка (2000 год) і фінансавага менеджара (2004 год).

Шырокую вядомасць мужчыну прынёс удзел у 2005 гадах у спартыўна-забаўляльным шоу «Гульні патрыётаў», якое выходзіла на тэлеканале «Інтэр».

Паралельна з набыццём папулярнасці Бедны займаўся бізнэсам, працаваў трэнерам і менеджарам фітнэс-клуба. А таксама паспрабаваў сябе ў палітыцы, стаўшы (праўда, толькі на адзін год) памочнікам народнага дэпутата. Акрамя гэтага, у 2008-м Бедны атрымаў дыплом юрыста і праз некаторы час стаў працаваць менеджарам па продажах.

Першую пасаду ў дзяржаўнай адміністрацыі, галоўнага спецыяліста ў Міністэрстве моладзі і спорту, Бедны атрымаў у 2016 годзе. У наступным годзе ён паступіў у Акадэмію дзяржкіравання. У 2020 годзе Бедны атрымаў чацвёрты дыплом аб вышэйшай адукацыі і пасаду намесніка міністра. З восені 2023-га ён выконваў абавязкі міністра.

Ужо як выканаўца абавязкаў міністра спорту Бедны пачаў актыўна прасоўваць ідэю поўнага адхілення расіян ад Алімпійскіх гульняў, якую, праўда, рэалізаваць удалося толькі часткова. 

Мацвей Бедны другі раз жанаты. Цяпер ягонай жонкай з'яўляецца дачка палітыка ад колішняй Партыі рэгіёнаў і ўладальніка машынабудаўнічага канцэрну «Нікмас» Рыгора Дашуціна Вікторыя. Разам яны выхоўваюць траіх дзяцей.

Цесць Беднага ў 2023 годзе быў арыштаваны і абвінавачаны ў пастаўках прадукцыі ваенна-прамысловаму комплексу Расіі пасля пачатку ваеннай агрэсіі.

Стала вядома, хто ўзначаліць МЗС Украіны

Новым прэм'ер-міністрам Францыі стаў дасведчаны кансерватар

Экс-прэзідэнт Украіны Юшчанка зняўся ў кліпе дзеля збору на УСУ

Nashaniva.com