У пасольства Германіі ў Беларусі прызначылі вельмі дасведчанага кіраўніка

Часовай паверанай у справах Германіі ў Беларусі прызначаная Андрэа Віктарын.

06.09.2024 / 16:32

Андрэа Віктарын. Фота: facebook.com/posolstvogermaniiminsk

«Для яе як дасведчанага дыпламата Беларусь — вядомая краіна. Яна ўжо двойчы пабывала ў Мінску на афіцыйных пасадах: як кіраўнік дэлегацыі ЕС у Мінску з 2015 па 2019 год і як пастаянны прадстаўнік Пасольства Германіі ў Мінску з 2000 па 2003», — гаворыцца ў паведамленні пасольства.

Андрэа Віктарын таксама працавала амбасадаркай Германіі ў Латвіі, Нідэрландах і Арменіі, апошняе перад прызначэннем у Беларусь месца працы — кіраўніца дэлегацыі ЕС у Арменіі.

Андрэа Віктарын. Фота: facebook.com/posolstvogermaniiminsk

«Андрэа Віктарын пачала сваю кар’еру на дыпламатычнай службе падчас падзення Берлінскай сцяны і ўз’яднання Германіі. Раней яна вывучала гісторыю і нямецкую мову на педагагічным факультэце ў Боне.

Як гісторыку ёй важна прызнаваць гістарычную адказнасць немцаў перад беларускім народам і выступаць за прымірэнне і разуменне.

Мы рады адзначыць, што ў асобе спадарыні Віктарын атрымалі дасведчанага дыпламата і кіраўніка, які вельмі любіць краіну Беларусь і яе народ. Як і яе папярэднік Міхаэль Новак, яна будзе працаваць над далейшым развіццём і паглыбленнем сяброўства паміж беларускім і нямецкім народамі», — заяўляе пасольства Германіі.

Да спадарыні Віктарын на гэтай пасадзе працаваў Міхаэль Новак. Ён быў часовым павераным пасля таго, як Беларусь пакінуў у 2023 годзе амбасадар Манфрэд Хутэрэр.

«Іх дэпартуюць, візы анулююць». Каля 40 беларускіх турыстаў, што ехалі ў Іспанію, затрымалі ў Германіі

Дэмсілы зладзілі прыём у Празе з нагоды 9 жніўня. Быў незвычайны госць — дыпламат саюзнай Лукашэнку краіны

Венгрыя? Італія? Ці Грэцыя? Дзе можна хутка і лёгка аформіць шэнгенскую візу

Nashaniva.com