Расказваем, як магчыма ўзнаўляць чаты ў Telegram і як ад гэтага абараніцца

«Наша Ніва» расказвала пра тое, што менавіта пісаў у розных апазіцыйных чатах прапагандыст Ігар Тур. Мы здолелі аднавіць ягоныя паведамленні, нават выдаленыя. Тлумачым, як працуе механізм узнаўлення паведамленняў у чатах і перапісках і як ад гэтага абараніцца.

14.09.2024 / 07:00

Калаж «Нашай Нівы»

Telegram працуе па тых жа прынцыпах, што і любая сацсетка. Частка кода тэлеграма, напрыклад, датычная стварэння паведамленняў або суполак, наўпрост узятая з Укантакце. Для гэтага частку кода сацсеткі адкрылі, калі Павел Дураў яшчэ быў у праекце, каб у будучыні скарыстаць яго для Telegram.

Адкрытыя суполкі

Калі вы ствараеце адкрытую суполку, то яна існуе ў адкрытым інтэрнэце, гэтак жа, як і ў любой іншай сацсетцы. То-бок фактычна вы ствараеце вэб-рэсурс на паддамене t.me.

Калі вы нешта пішаце ў адкрыты чат, то, калі там ёсць бот-сканер, паведамленне будзе захаванае, нават калі вы адразу яго выдалілі. Хутчэй за ўсё, сілавікі маюць такіх ботаў ва ўсіх адкрытых чатах, але ёсць і платныя боты, даступныя ўсім ахвотным.

Платныя боты можна знайсці, але мы не раім імі карыстацца без вялікай патрэбы — невядома, ці захоўваюць яны вашы запыты і як абыходзяцца з вашай інфармацыяй. Таксама вельмі складана аплаціць іх бяспечна, не пакінуўшы слядоў.

Закрытыя суполкі

Яны працуюць прыкладна так жа, як і адкрытыя, але не індэксуюцца ў інтэрнэце наўпрост. Але шмат якія боты індэксуюць іх так: вы дасылаеце спасылку боту, ён уступае ў суполку і адразу па ўступленні сканіруе ўсе паведамленні ад самага першага даступнага.

У шмат якіх большых каналах такія боты ёсць. У сяброўскіх каналах іх няма, але ў выпадку затрымання чалавека або ў выпадку, калі ён агент, яны могуць быць захаваныя або адноўленыя з памяці смартфона.

Асабістыя паведамленні

З асабістымі паведамленнямі ўсё складаней. Яны прыватныя і захоўваюцца толькі на серверах платформы.

Але насамрэч гэта тыя ж закрытыя чаты, але між двума людзьмі. То-бок у выпадку, калі чалавек затрыманы, перахапіць іх можна. У некаторых выпадках — нават выдаленыя. Сакрэтныя чаты могуць не ўратаваць ад магчымасцяў узнаўлення з памяці. Падрабязней пра гэта можна прачытаць у нашым артыкуле пра ўзнаўленне інфармацыі ў тэлеграме.

Дык як абараніцца?

Абсалютнай абароны ад гэтага не існуе. Але базавае правіла — не пішыце ў адкрытых і вялікіх закрытых чатах, куды людзі ўваходзяць без асаблівай праверкі, нічога такога, што нельга чытаць спецслужбам Беларусі.

Рэгулярна чысціце з двух бакоў небяспечныя перапіскі з людзьмі знутры Беларусі і, калі вы знаходзіцеся ў Беларусі, то з людзьмі па-за Беларуссю прынамсі для сябе. Не забывайцеся чысціць кэш і базы даных тэлеграма.

Калі вы ў Беларусі, то пажадана мець тэлефон, які рэгулярна атрымлівае абнаўленні. Важна іх загружаць і інсталяваць.

Kotatogram: губазікаўцы паказалі, як яны аналізуюць пратэсныя чаты. Вось што варта ведаць

Тлумачым, якім чынам сілавікі знаходзяць карыстальнікаў Telegram і як гэтага пазбегнуць

Распавядаем, як сілавікі знаходзяць стваральнікаў стыкераў у Telegram

Nashaniva.com