У Сербіі скасавалі пастанову аб экстрадыцыі ў Беларусь рэжысёра Андрэя Гнёта

Апеляцыйны суд адмяніў рашэнне суда першай інстанцыі аб экстрадыцыі беларускага рэжысёра Андрэя Гнёта, паведаміў ягоны адвакат Філіп Сафіяніч, піша «Люстэрка» са спасылкай на сербскае выданне N1.

11.09.2024 / 19:40

Андрэй Гнёт. Фота з асабістага архіва

«Рашэнне аб адмене рашэння апублікавана на сайце Апеляцыйнага суда, і яно адмяняе рашэнне суда першай інстанцыі ў Бялградзе аб экстрадыцыі Андрэя Гнёта ў Беларусь», — сказаў адвакат.

Ён заявіў, што рашэнне не было апублікавана ў поўным аб'ёме, але, па ягоных словах, усе апеляцыі былі прынятыя.

«Я лічу, што рашэнне заснаванае на законе, справядлівае, і што Апеляцыйны суд трэці раз прыняў такое рашэнне, якое мы чакалі», — сказаў Сафіяніч.

Рашэнне Апеляцыйнага суда для Андрэя Гнёта і ягонага адваката азначае, што справа ў трэці раз вяртаецца ў Высокі суд Бялграда для паўторнага рашэння. Са слоў Сафіяніча, Высокі суд можа вырашыць у рамках новай працэдуры, ці былі выкананыя ўмовы экстрадыцыі.

«Калі суд зноў вырашыць, што ўмовы былі выкананыя, мы зноў абскардзім гэтае рашэнне», — сказаў Сафіяніч N1.

Беларускі актывіст знаходзіцца пад хатнім арыштам да 30 кастрычніка, пасля чаго мера павінна быць адменена.

41-гадовы Андрэй Гнёт — рэжысёр тэлерэкламы і музычных кліпаў, журналіст. Займаўся вытворчасцю відэапрадукцыі для аб'яднання SOS.by, якое ў Беларусі прызнана «экстрэмісцкім фарміраваннем».

Мужчына быў затрыманы 30 кастрычніка 2023 года памежнай службай Сербіі, калі прыляцеў у Бялград, пасля чаго перададзены паліцыі. Прычына затрымання — знаходжанне ў міжнародным вышуку на запыт беларускага бюро Інтэрпала ад 21 верасня 2023 года. Ведамства прасіла экстрадзіраваць Гнёта ў Беларусь для крымінальнага пераследу.

Спачатку мужчыну было вырашана выдаць Беларусі, але 12 сакавіка 2024 года Апеляцыйны суд у Белградзе адмяніў гэтую пастанову. Пасля гэтага справа аб экстрадыцыі Андрэя Гнёта пераглядалася яшчэ некалькі разоў.

«Давялі пазіцыю». Урсула фон дэр Ляен напісала Ціханоўскай ліст па справе Андрэя Гнёта

ЕСПЧ адмовіў Андрэю Гнёту ў абароне ад экстрадыцыі напярэдадні разгляду яго скаргі ў Бялградзе

Прызначылі дату разгляду апеляцыі Андрэя Гнёта на рашэнне сербскага суда

Звесткі беларускага рэжысёра Андрэя Гнёта выдалілі з сістэмы Інтэрпала

Інтэрпал выключыў са свайго «чырвонага спісу» рэжысёра Андрэя Гнёта. Але гэта яшчэ не канец справы

Рэжысёр Андрэй Гнёт: У сербскай турме самае жахлівае — гэта медычная дапамога. Яе там амаль не існуе

Nashaniva.com