Зірніце, як схуднеў былы дзяржсакратар ЗША Майк Пампеа. Вось як гэта было

Паплечніка Трампа, які наведваў з візітам і Мінск, цяпер цяжка пазнаць. Што з ім здарылася?

14.09.2024 / 15:05

Майк Пампеа ў 2018 (злева) і 2024 гадах. Фота: Wikimedia Commons, скрын відэа V_Zelenskiy_official / YouTube

Пасля выходу ў адстаўку Майк Пампеа не так часта паяўляецца на публіцы. Але на днях ён сустрэўся з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Адпаведнае відэа з'явілася ў афіцыйным тэлеграм-канале апошняга.

Каб не каментарый Зяленскага, то мала хто змог бы пазнаць у мужчыне, на якім трохі мешкавата сядзіць гарнітур, былога «важкага» як у літаральным, так і ў пераносным сэнсе слова палітыка.

Што здарылася?

Як расказваў сам палітык выданню The New York Post, вагу ён стаў набіраць у 2010 годзе, калі быў абраны ў Кангрэс ЗША. За наступныя 10-11 гадоў, па словах мужчыны, ён набраў амаль сто фунтаў (каля 45 кілаграмаў). На сітуацыю паўплывала і траўма нагі.

Рашэнне аб змаганні з лішняй вагою Пампеа прыняў у чэрвені 2021 года, калі ўбачыў стаўшы на вагі, што яму засталося вельмі мала да 300 фунтаў (прыкладна 136 кілаграмаў).

«Я пачаў займацца спортам, не кожны дзень, але амаль што кожны і правільна есці, і вага проста пачала спадаць», — расказваў Пампеа.

Па словах былога дырэктара ЦРУ і дзяржсакратара ЗША, ён купіў дамоў трэнажоры і імкнуўся займацца пяць-шэсць разоў на тыдзень па паўгадзіны. Пампеа таксама рэзка зменшыў колькасць вугляводаў у рацыёне і ўвогуле стаў есці менш.

Пры гэтым ён не звяртаўся за кансультацыямі ні да трэнера, ні да дыетолага. Галоўнай у працэсе пахудання, па словах Пампеа, была сіла волі.

У прэсе, праўда, выказвалася меркаванне, што матывам да змагання з лішняй вагою магло стаць рашэнне палітыка выставіць сваю кандыдатуру на прэзідэнцкіх выбарах 2024 года. Аб такіх планах ён заяўляў тэлеканалу Fox News у сакавіку 2021 года, але ў красавіку 2023 года перадумаў.

У пачатку 2022 года Пампеа пахваліўся, што змог скінуць 90 фунтаў (41 кг) за шэсць месяцаў толькі дзякуючы самастойным заняткам і зменай харчавання. Аднак некаторыя дыетолагі і спецыялісты па фітнэсе скептычна аднесліся да такіх заяў мужчыны.

Выданне The Guardian выказала сумневы ў праўдзівасці гісторыі аб пахудзенні. Журналісты звярталі ўвагу, што Пампеа парою рабіў палітычныя заявы, якія ўводзілі ў зман, таму не варта давяраць і яго расказам аб барацьбе з лішняй вагою.

Майк Пампеа, нагадаем, быў адным з нешматлікіх заходніх палітыкаў, якія сустракаліся з Аляксандрам Лукашэнкам. Ён прылятаў у Мінск — у пачатку 2020 года.

Тады ён заявіў, што ЗША не патрабуюць ад Беларусі выбіраць між Расіяй і Захадам. Ён таксама сказаў, што прагрэс Беларусі ў пытаннях правоў чалавека, свабоды прэсы і ўзмацнення ролі грамадзянскай супольнасці — адзіны варыянт для поўнага зняцця санкцый. У Мінску ён сустрэўся не толькі з Лукашэнкам, але і з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, сярод якіх быў будучы нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі, і наведаў Парк высокіх тэхналогій, пра які вельмі высока адгукнуўся.

Да пасады кіраўніка дыпламатычнага ведамства ЗША Пампеа ўзначальваў Цэнтральнае разведвальнае ўпраўленне — на абедзве пасады яго прызначыў Дональд Трамп у час свайго прэзідэнцтва. Цяпер 60-гадовы Пампеа лічыцца адным з галоўным замежнапалітычных дарадцаў Трампа. 

Чаму алімпійскія чэмпіёны масава сядзяць на звычайнай харчовай содзе

Ці можна піць безалкагольнае піва штодзень і колькі

Павольныя трэніроўкі з нізкай інтэнсіўнасцю — досвед спартоўцаў-чэмпіёнаў паказаў, што гэта працуе найлепш

Экадашы і аскеза. Дыетолаг тлумачыць, які з модных трэндаў у харчаванні насамрэч дапаможа скінуць лішнюю вагу

Nashaniva.com