«Адвакатка проста ашалела». Беларусы па-за шэнген-зонай, у якіх хутка скончыцца пашпарт — пра свой план дзеянняў
Мінуў год з падпісання сумнавядомага ўказа Лукашэнкі, які абрубіў беларусам магчымасць памяняць пашпарт за мяжой і тым самым паставіў у складаную сітуацыю тысячы грамадзян, што не могуць прыехаць на радзіму для абнаўлення дакументаў.
23.09.2024 / 07:00
Ілюстрацыйнае фота.
І калі ў некаторых краінах Еўрасаюза ёсць наладжаныя механізмы легалізацыі беларусаў без пашпартоў (той жа праязны дакумент у Польшчы, пашпарт замежніка ў Літве), то па-за яго межамі паўстае шмат пытанняў.
Пагутарылі з некалькімі беларусамі з Грузіі і Арменіі пра іх план дзеянняў на момант, калі беларускі пашпарт ператворыцца ў гарбуз.
Усе імёны герояў змененыя ў мэтах бяспекі
«Беларусаў нібыта пераводзяць у «людзей трэцяга гатунку»»
Толькі за апошні час у Грузіі адбылося некалькі гучных юрыдычных кейсаў, звязаных з беларусамі: адмова ў міжнароднай абароне беларускай спартоўцы Марыне Зялёнай (Калінінай) і забарона на ўезд у краіну журналісту Андрэю Мялешку. Таксама Грузія сёлета адмовіла ў прытулку юрысту Раману Кісляку, намесніку старшыні Беларускай дыяспары Аджарыі.
Марына Зялёная, якая таксама з'яўляецца членам Каардынацыйнай рады, адзначае, што беларусаў нібыта пераводзяць у людзей трэцяга гатунку:
«У Грузіі жыве каля 10 тысяч беларусаў, частка з якіх мае праблемы з дакументамі праз указ аб немагчымасці замены пашпартоў за мяжой. Цяпер мы агулам знаходзімся ў шэрай зоне нявызначанасці. Кожнага беларуса могуць не пусціць у краіну жыцця пасля штогадовага візарану без тлумачэння прычын. Ёсць праблемы з дакументамі і ў народжаных дзяцей».
Гэта толькі частка складанасцяў, пад цяжарам якіх многія здаюцца і рашаюцца на пераезд у іншыя краіны.
«Да вайны здавалася, што Грузія — прыдатнае месца для беларусаў»
Міхаіл пражыў у Грузіі два з паловай гады, але быў вымушаны з’ехаць, бо хутка скончыцца яго пашпарт.
«Да вайны здавалася, што Грузія — прыдатнае месца для беларусаў, якія не могуць вярнуцца дахаты. Але Грузія-2021, калі я прыехаў, і Грузія-2024 — нібыта дзве розныя краіны. Амаль усё, што мне падабалася ў Батумі — не заслуга самой дзяржавы. Дружная супольнасць беларусаў, мора, горы, субтрапічны клімат.
У 2021-м я прыехаў у краіну, якая здавалася, хай і не без хібаў, свабоднай, а ў 2024-м тут збіваюць палітычных канкурэнтаў, прымаюць закон пра «замежных агентаў» і з трыбун расказваюць канспіралагічныя тэорыі пра «партыю вайны на Захадзе». «Як дома» мне больш не хацелася, гэта проста дзікасць».
Міхаіл задумаўся пра пераезд у 2023-м, адразу пасля з'яўлення ўказа пра немагчымасць замены пашпартоў за мяжой. Сітуацыя ўскладнілася тым, што пасля пачатку вайны ён згубіў працу праз санкцыі і жыў на зберажэнні.
«Магчыма, калі б я мог бяспечна вярнуцца ў Беларусь па новы пашпарт, застаўся б жыць у Грузіі… Але пры ўсіх сённяшніх складніках апынуцца ў 2026-м годзе нелегалам мне не хацелася».
Праз год спроб Міхаілу ўдалося патрапіць у польскую амбасаду і атрымаць гуманітарную візу. Гэтая краіна падалася яму самым надзейным варыянтам з улікам сённяшняй палітыкі ў дачыненні да беларусаў і беспраблемным шляхам атрымання праязнога дакумента на замену пашпарту. Пры пераездзе ён прадаў большасць рэчаў, а самае каштоўнае перавёз у багажы самалётам.
«Такое адчуванне, што ідэальны для ўлад выбаршчык і ў Беларусі, і ў сённяшняй Грузіі — цалкам залежны ад дзяржавы, недалёкі, пажадана бедны грамадзянін, мары якога зводзяцца да выжывання (скажам, да чачы і мчадзі). А свабодныя, грамадска актыўныя грамадзяне незалежна ад нацыянальнасці ўспрымаюцца як пагроза», — дзеліцца думкамі Міхаіл.
«Планую дачакацца парламенцкіх выбараў і потым прымаць рашэнне пра пераезд»
У яшчэ адной беларускі Ганны пашпарт сканчаецца ў верасні 2025 года. Дзяўчына жыве ў Грузіі з 2018 года. Плануе дачакацца восеньскіх выбараў у парламент, і ўжо па іх выніках прымаць рашэнне, ці заставацца ў краіне.
«Я жыву тут ужо шэсць гадоў, Грузія стала мне другім домам. У мяне тут праца, котка, сябры. Я хачу застацца і думаю паспрабаваць падацца на міжнародную абарону, калі пашпарт скончыцца. Але, канечне, бачу вакол прыклады, што беларусам адмаўляюць. Таму запасны варыянт — перабірацца ў Еўрасаюз, там у мяне сваякі».
Грузія. Фота з архіва гераіні.
Дзяўчына верыць, што, калі большасць будзе за апазіцыяй, то сітуацыя можа палепшыцца, а надзеі на кіруючую «Грузінскую мару» ў справе падтрымкі беларусаў амаль ніякай.
«Тое, што адбываецца, напрыклад, з журналістам Андрэем Мялешкам і агулам — спроба зменшыць колькасць любых актывістаў перад выбарамі», — разважае Ганна.
Грузія. Фота з архіва гераіні.
«У армян нібыта поўнае неразуменне, што рабіць з нашай сітуацыяй»
Людміла эмігравала з Беларусі пасля настойлівых званкоў і лістоў з Дэпартамента фінансавых расследаванняў. З улікам яе актыўнасці пасля выбараў-2020 і двух адміністратывак за плячыма яна вырашыла не рызыкаваць і з’ехаць з Беларусі.
«Мы спачатку думалі пра Грузію (таму што там бязвіз, аддаваць жа пашпарт у консульства па візу было неяк страшна), але майму мужу прапанавалі файную працу ў Арменіі. Таму мы выбралі гэтую сонечную краіну», — расказвае Людміла.
Ерэван. Фота з архіва гераіні
Агулам іх сям’ю ў краіне ўсё задавальняла. Па словах дзяўчыны, іх прынялі вельмі ветліва, ва ўсім дапамагалі. Легалізоўваліся яны на падставе працы мужа, сама дзяўчына адкрыла ІП усяго за пяць хвілін.
Ерэван. Фота з архіва гераіні
Але чым менш месяцаў заставалася да сканчэння пашпарта (ён дзейсны да снежня 2025 года), тым Людміла больш перажывала за сваю будучыню.
«У армян нібыта поўнае неразуменне, што рабіць з нашай сітуацыяй, гатовых схем дзеяння ў іх няма (можа, у тым ліку таму што беларуская дыяспара не такая вялікая). Я звярталася да мясцовага адваката, яна мне прапанавала памяняць пашпарт у Беларусі. Я сказала, што не магу, тады яна прапанавала амбасаду. Я патлумачыла, чаму і туды не хачу ісці — яна проста ашалела і не ведала, што мне яшчэ параіць.
Рабочы варыянт — падавацца на ўцякацтва, можна таксама спрабаваць атрымліваць армянскі пашпарт праз тры гады жыцця тут, але, на жаль, я ўсё роўна не адчуваю сябе ў гэтай краіне ў поўнай бяспецы. Па-першае, перажываеш праз верагоднасць вайны з Азербайджанам. А па-другое, тут заўсёды існуе верагоднасць затрымання па палітычна матываваным вышуку з боку Беларусі. Арменія затрымлівае беларусаў і, здаецца, пакуль нікога не выдала, таму што яны на баку беларускага народа, але сама верагоднасць на нейкі час апынуцца за кратамі мяне пужае. Я таму нікуды дагэтуль не выязджала з краіны з моманту нашага пераезду сюды».
Ерэван. Фота з архіва гераіні
Для падстрахоўкі Людміла вырашыла рабіць шэнгенскую візу, што стала сапраўдным чэленджам.
«Я спрабавала зрабіць візу самастойна, але не змагла запісацца праз сайт, бо форма не працуе, шукала турыстычныя агенцтвы, пачала грукацца ва ўсе магчымыя арганізацыі, што дапамагаюць беларусам. Але адны нават не адказвалі, іншыя не маглі нічога зрабіць менавіта таму, што я ў Арменіі.
У выніку мне дапамог праект «Зямля» Беларускай асацыяцыі палітвязняў «Да волі», ім я вельмі ўдзячная. Праз больш чым паўгода чакання яны змаглі запісаць мяне да консула, і ў выніку я атрымала гуманітарную візу ў Польшчу».
Беларускія прадукты ў армянскай краме. Фота з архіва гераіні.
У некаторых беларусаў пашпарты робяцца непрыдатнымі раней за тэрмін па прычыне таго, што там сканчваюцца старонкі для віз. «Плануем проста дачакацца пашпарту краіны, дзе жывем цяпер», — пракаментавала нам некалькі чалавек з краіны па-за шэнгенскай зоны.
Гайд па легалізацыі і «пашпартах замежнікаў» у Літве і Польшчы
Падлічылі, колькі беларусаў жыве ў Польшчы і Літве
Замена пашпарта ў Беларусі: што трэба ведаць і як хутка выдаюць дакумент