Грамадства11

«Дачка плакала». Журналіст Андрэй Мялешка пра тое, як іх з дачкой высылалі з Грузіі

Андрэй Мялешка расказаў «Радыё Свабода», як яны з дачкой правялі дзень у аэрапорце Кутаісі перад высылкай з Грузіі, чаму зь імі зьнікла сувязь і што яны плянуюць рабіць далей.

«Сказалі: «Вы надта многа гаворыце»

Андрэй Мялешка расказаў Свабодзе, што пасьля таго, як выйшла інтэрв'ю на Радыё Свабода да іх з дачкой падыйшлі супрацоўнікі аэрапорта і забралі ўсе іхнія дэвайсы, тэлефоны, а таксама ноўтбук.

«Сказалі: «Вы надта многа гаворыце»», — успамінае Мялешка.

Па словах суразмоўцы, ён прасіў скласьці акт, паводле якога забіраюць маёмасьць. «Мы ўсё напішам», — адказалі яму.

Гэта адбылося каля поўдня 16 верасьня. Рэшту дня да адлёту з Грузіі журналіст з дачкой заставаліся без сувязі.

Андрэй Мялешка ведае, што да яго прыяжджалі жонка з Батумі, сябры, праваабаронцы, адвакат. Аднак ён нікога зь іх ня бачыў, ня мог пагаварыць. Пакой, дзе трымалі бацьку з дачкой, знаходзіўся ў нэўтральнай зоне. Да іх нікога не пусьцілі. Да поўдня Андрэй Мялешка стараўся паведамляць навіны з памяшканьня, дзе іх утрымлівалі.

«На што нам ніхто нічога не адказваў. У чатыры гадзіны нас спрабавалі першы раз пасадзіць на самалёт. Мы павінныя былі вылятаць у 15:40. А ў 15:30 быў рэйс «Белавіі». Была імавернасьць, што нас на гэты рэйс пасадзяць. Мы бачылі самалёт з васільком з вакна. Ён зрабіў кола. Дачка кажа: «Дзякуй Богу, што нас на яго не пасадзілі», — расказвае суразмоўца.

Мялешкам ніхто не казаў і не намякаў, што іх могуць адправіць у Беларусь, але яны ўсё адно дапускалі такое разьвіцьцё падзей. Неўзабаве прыйшоў супрацоўнік і сказаў ім рыхтавацца на самалёт да Варшавы. Ён павінен быў паляцець у 15:40. Чаму рэйс затрымалі амаль на дзевяць гадзін, Мялешка ня ведае. Яму ніхто нічога не тлумачыў. Да поўначы яны проста чакалі вылету.

«Мы нічога ня думалі. Мы чакалі, што будзе далей адбывацца. А што рабіць? Я ж нічога ня ведаю, што адбываецца. Ніхто нічога ня кажа… Я ніколі такую сытуацыю не перажываў. Ты боўтаесься, прабачце, як гаўно ў палонцы, ня ведаеш, што з табой будзе адбывацца», — кажа Андрэй.

Ён ацэньвае складанасьць гэтай сытуацыі на 9 балаў зь 10.

«Плакала, бо з мамай ня можа сустрэцца»

З журналістам з краіны выслалі яго 11-гадовую дачку. Яна цяжка перажывала тое, што адбываецца.

«Плакала, бо з мамай ня можа ніяк сустрэцца, з мамай ня можа паразмаўляць. З мамай яны пагаварылі толькі ў самалёце (праз тэлефон — РС)», — кажа суразмоўца.

Каля дванаццаці гадзін дзяўчынка нічога ня ела. Запасаў ежы ў сям’і з сабой не было. Пасьля таго, як іх не пасадзілі на самалёт, каля 16 гадзін Андрэй «падняў бунт» і стаў прасіць, каб пакармілі дзіця. Спачатку ім прынесьлі піражкі і гарачую ваду. Пасьля просьбы прынесьці штосьці яшчэ, у бацькі папыталі, што будзе есьці дзіця.

«Я кажу, калі можна, то бульбу-фры. Праз гадзіны дзьве прынесьлі паднос бульбы-фры на кіляграмы паўтара. Больш да нас ніхто не заходзіў і нічога не прыносілі», — расказвае суразмоўца.

Адсутнасьць ежы дачка пераносіла спакойна, адзначае бацька. Раней Андрэй ужо вандраваў адзін з дачкой цягам пары тыдняў ці месяцу.

Пакуль ён мяркуе застацца жыць у Польшчы. Імаверна, паедзе ў Беласток, бо там шмат знаёмых. Дзе і як далей жыць, беларус пакуль ня ведае. У іх з сабой у вандроўцы была валізка на 10 кіляграмаў з рэчамі на тыдзень і два заплечнікі. Што будзе рабіць жонка з малодшай дачкой, пакуль ня вырашылі. Яны застаюцца ў Батумі. Нерухомасьці ў Грузіі ў Мялешкаў няма. Аднак сабраць усе рэчы і перавезьці ў Польшчу было б складана.

«Нам не паставілі дэпартацыю»

Мялешка ацэньвае сытуацыю як «дзіўную». «Нам жа не паставілі «дэпартацыю», нам не паставілі пячатак у пашпарце, што мы прыяжджалі ў Грузію. Хочаце — можаце да нас прыяжджаць», — разважае суразмоўца.

На Андрэя і на дачку выдалі дзьве асобныя паперы, на якіх пазначылі, што ім забаранілі ўезд у Грузію празь «іншыя прычыны». Што хаваецца за фразай «іншыя прычыны», ім не патлумачылі. Каб даведацца дэталі справы, ім прапанавалі пісаць у Міністэрства ўнутраных справаў Грузіі.

Спрабаваць ляцець празь іншы аэрапрот у Грузію Андрэй пакуль не плянуе, бо гэта надта вялікі стрэс. За рэйс, якім яны прымусова ляцелі ў Варшаву, Мялешкі не плацілі.

Андрэй думае, што яго маглі не ўпусьціць у Грузію перад парлямэнцкімі выбарамі ў краіне, якія адбудуцца сёлета ў кастрычніку. Ён адзначае, што ніколі не крытыкаваў грузінскія ўлады. Праводзіў хутчэй культурную, чым палітычную дзейнасьць у Грузіі.

Як журналіст, Мялешка асьвятляў акцыі салідарнасьці зь Беларусьсю. Некалькі разоў ладзіў сустрэчы, каб напісаць лісты палітзьняволеным беларусам. Займаўся арганізацыяй канцэртаў, ладзіў сустрэчы зь вядомымі людзьмі, праводзіў гістарычны беларускі клюб, меў маленькую крамку, у якой гандляваў таварамі зь беларускай нацыянальнай сымболікай.

Беларускі журналіст расказаў, што цяпер ягонай сытуацыяй займаюцца чатыры грузінскія арганізацыі, зьвязаныя з праваабаронай.

«Хай займаюцца, я ня супраць. Яны на тэрыторыі той краіны, на якой са мной гэта ўсё адбылося. Я ў Польшчы. Нам пакуль трэба неяк даехаць да Беластока і там плянаваць далейшае жыцьцё», — кажа Андрэй.

Каментары1

  • Acab
    17.09.2024
    Ў суседняй навіне (гэты артыкул я не марнавацьмуся чытаць) высьветлілі пра спадара Мялежку, што ён працуе на дзяраўнае мэдыя (польскае, але розьніцы няма) і часам піша там непрыемныя грузінскім кіруючай партыі і ўраду рэчы.
    Праца на дзяржмэдыю, вядома, амаральная. Але гэта не датычыцца сытуацыі з няпропускам чалавека на так званай дзяржаўнай мяжы.
    Відавочна, што ў краіне Грузыя спадар Мялежка мае жытло ці здымае ў такіх асобаў ці асобаў, каму ягоная крытыка грузынскіх партыі і ўраду (побыту, адзеньня, страваў, паветра, няістотна) абыякавая ці нават прыемная.
    Адпаведна не пусьціць дадому чалавека - злачынства.
    Вось і ўсё, што нам трэба ведаць пра ўчорашні выпадак на мяжы. Ў спадара Мялежкі ЁСЬЦЬ даўвол на пражываньне ў Грузыі - ад гаспадара дома, дзе ён жыве.

Сталі вядомыя падрабязнасці жудаснай аварыі з загінулымі дзецьмі пад Лідай

Сталі вядомыя падрабязнасці жудаснай аварыі з загінулымі дзецьмі пад Лідай

Усе навіны →
Усе навіны

Пасля нападу на калону ў Малі загінулі як мінімум шэсць вагнераўцаў1

Як помнікі русіфікуюць Беларусь? Падлікі пра тое, колькі помнікаў прысвечаныя савецкай гісторыі, а колькі — нацыянальнай1

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»37

«У Жодзіне подпісы выпрошваюць нават у царкве». Беларусы расказалі, ці падпісваюцца яны за Лукашэнку2

«Стаіць больш за тры гадзіны без святла і ацяплення». Цягнік Мінск — Гомель спыніўся пасярод свайго шляху

Пуцін заявіў пра пачатак серыйнай вытворчасці «Арэшнікаў»5

ЗША рассакрэцілі даклад аб палітычных забойствах і замахах, якія адбываліся на загад Пуціна2

Іспанія моцна аштрафавала бюджэтныя авіякампаніі за патрабаванні даплачваць за ручную паклажу і выбар месца2

Стась Карпаў пра Каржа: Слухайце: ну, смела!14

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сталі вядомыя падрабязнасці жудаснай аварыі з загінулымі дзецьмі пад Лідай

Сталі вядомыя падрабязнасці жудаснай аварыі з загінулымі дзецьмі пад Лідай

Галоўнае
Усе навіны →