Нікол Пашынян заявіў пра гатоўнасць неадкладна падпісаць мірную дамову з Азербайджанам

Прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян заявіў пра гатоўнасць неадкладна падпісаць мірнае пагадненне з Азербайджанам, адзначыўшы, што бакі ўжо ўзгаднілі 80% дакумента.

27.09.2024 / 22:50

Нікол Пашынян. Фота: AP Photo/Pamela Smith

«Мір паміж Арменіяй і Азербайджанам не толькі магчымы, але і дасягальны. Прэзідэнт Азербайджана і я шмат разоў заяўлялі, што як мінімум 80% мірнага пагаднення ўзгоднена», — сказаў Пашынян на 79-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН.

Ён падкрэсліў, што, каб не страціць гістарычную магчымасць і пазбегнуць тупіковай сітуацыі, Арменія прапануе падпісаць тыя часткі пагаднення, якія ўжо ўзгодненыя, а па астатніх пытаннях працягнуць перамовы.

«Мы гатовыя зрабіць гэта проста цяпер», — дадаў Пашынян.

Прэм'ер-міністр адзначыў, што заключэнне міру на аснове ўжо зацверджаных палажэнняў значна палегчыць далейшае вырашэнне спрэчных пытанняў. Сярод гэтых палажэнняў ён назваў устанаўленне дыпламатычных адносін паміж краінамі і стварэнне сумеснай армяна-азербайджанскай камісіі, якая будзе кантраляваць выкананне мірнага пагаднення.

Пашынян таксама адзначыў, што Канстытуцыя Арменіі не змяшчае тэрытарыяльных прэтэнзій да Азербайджана, і Ерэван гатовы падаць пісьмовыя доказы гэтага сваім міжнародным партнёрам. Акрамя таго, армянскі прэм'ер пацвердзіў гатоўнасць армянскага боку адкрыць транспартныя камунікацыі для Азербайджана і Турцыі, гарантуючы бяспеку перавозак, транспарту і людзей на сваёй тэрыторыі.

Пры гэтым армянскі прэм'ер абверг чуткі пра тое, што бяспеку гэтых камунікацый павінны забяспечваць трэція бакі, заявіўшы, што гэтае абавязацельства Арменія возьме на сябе.

Гэтыя заявы сталі магчымыя пасля таго, як год таму Азербайджан сілай вырашыў шматгадовую праблему Нагорнага Карабаха, аднавіўшы кантроль над спрэчнай тэрыторыяй і ачысціўшы яе ад армянскага насельніцтва. Расія, на дапамогу якой Арменія спадзявалася, засталася падчас гэтага канфлікту пасіўнай. Пасля гэтага армянскія ўлады прынялі рашэнне прыпыніць свой удзел у структурах АДКБ і спрабаваць узяць курс на еўраінтэграцыю. Але для гэтага важна мець хай сабе і зусім не сяброўскія, але прынамсі ўрэгуляваныя адносіны з Азербайджанам і Турцыяй. 

Пашынян: АДКБ стварае пагрозы для бяспекі Арменіі

Арменія пачынае перамовы з ЕС аб лібералізацыі візавага рэжыму

Пашынян заявіў пра замарозку Арменіяй удзелу ў АДКБ

Расія выявіла «масавыя парушэнні» ў армянскім каньяку пасля заяў Пашыняна аб выхадзе з АДКБ

Навошта Пуцін паехаў у Азербайджан

Еўрасаюз пачынае перамовы пра бязвізавы рэжым з Арменіяй

МЗС Арменіі скарыстала 3 ліпеня, каб яшчэ раз дапячы Лукашэнку

Сакратар Рады бяспекі Арменіі: Расія адабрала ў нас Нагорны Карабах і аддала яго Азербайджану

Nashaniva.com