Былы зяць Шайгу пракаціўся ў плацкарце па Беларусі і зняў ролік
«Гэта чысты, але самы дрэнны плацкарт».
30.09.2024 / 12:27
Аляксей Сталяроў (злева), Ліяна і Дамір Садыкаў у плацкартным вагоне цягніка «Брэст-Полацк». Скрын відэа: fitnessstoliarov / YouTube
Расійскі папулярны блогер Аляксей Сталяроў (і былы зяць экс-міністра абароны Расіі Сяргея Шайгу) пракаціўся на цягніку ў Беларусі і апублікаваў відэа аб сваім падарожжы (на яго ютуб-канале 4,8 млн падпісчыкаў). Падарожжа адбылося 21—22 верасня.
Аўтар кажа, што разам са сваімі кампаньёнамі — дзяўчынай Ліянай і папулярным расійскім спартыўным блогерам Tatwole (Дамір Садыкаў) — першы раз у Беларусі.
Перад паездкай маладыя людзі абмянялі грошы, заўважыўшы, што беларускія купюры «трохі падобныя да еўра», і набылі па рэкамендацыях сваіх знаёмых блогераў з Беларусі беларускія прадукты. Сярод іх — вафелькі «Віцьба» і сырок «Панда» (праўда, як пазней высветлілася, замест яго ўзялі «Плюш»). Акрамя гэтага яны набылі чыпсы Lays са смакам дранікаў, напой «Бела-Кола», а ў кулінарыі супермаркета «Санта» — фаршыраваныя дранікі.
На касе крамы блогер падзяліўся: «Мы першы раз у Беларусі і ў дзікім захапленні ад людзей, ад таго, як тут крута, чыста і цудоўна».
Па словах Сталярова, ён набыў білеты да Віцебска ў самы танны плацкартны вагон цягніка №606 «Брэст-Полацк» праз Пінск, Лунінец, Калінкавічы. Яго сябрам увогуле давялося першы раз ехаць у плацкартным вагоне.
Брэсцкі вакзал блогер назваў атмасферным. Яго спадарожнікі звярнулі ўвагу на істотнае адрозненне паміж вакзаламі Беларусі і Расіі — наяўнасць у нас на вакзале і прывакзальнай тэрыторыі крамаў. У Расіі такога няма.
Гаворачы пра сам цягнік, Сталяроў звяртае ўвагу на сіні колер (у Расіі вагоны зялёныя ці шэра-чырвоныя). Другі момант — «відаць, што гэта савецкі цягнік». Сталяроў наракае, што ў вагоне нават няма разетак. А месцы іх былі каля самай прыбіральні.
«Пах, як у бабулінага дома, бабулінай шафы», — дзеляцца маладыя людзі. «Гэта самы дрэнны плацкарт. Ён чысты, але самы стары.(…) Гэта самы стары савецкі цягнік, але надзвычайна дагледжаны. Гэта як да бабулі ты прыйшоў у госці. У яе ідэальная чысціня. Але дом надзвычай стары», — дадае Сталяроў.
Блогеру Tatwole даверылі зрабіць агляд прыбіральні па трох крытэрыях — чысціня, пах, камфорт. Па апошнім параметры яна атрымала тры балы з пяці. Чысцінёю ён застаўся незадаволены.
Не абышлося і без сустрэчы з міліцыяй, якая на станцыі ў Лунінцы папрасіла іх не здымаць цягнік. «У нас тут памежная зона. Падышлі правадніцы і паскардзіліся, што вы здымаеце калёсныя пары. Нельга здымаць», — сказалі блогерам міліцыянты.
У канцы сваёй паездкі Сталяроў звярнуў увагу на спазненне цягніка. Замест 7.37, як прадугледжана ў раскладзе, у Віцебск яны прыбылі ў 7.44.
***
Аляксей Сталяроў у мінулым быў у адносінах з дачкой былога міністра абароны Расіі Сяргея Шайгу Ксеніяй. У пары ў 2021 годзе нарадзілася дачка Мілана.
Літоўскі блогер наведаў Мінск — і вось які раён назваў найлепшым
Мегапапулярны нямецкі блогер аб'ездзіў усю Еўропу і вызначыў свае самыя любімыя і нелюбімыя краіны