Грамадства1515

«Падобна да Польшчы 20 гадоў таму». Палякі-блогеры знялі міні-серыял з вандроўкі па Беларусі — што здзівіла?

Томаш Якімюк з Польшчы вядзе папулярны ютуб-канал пра падарожжы Jak to daleko. Ён пабываў у Пакістане, Судане, Ліберыі, Іраку, Румыніі, Расіі, Афганістане і іншых месцах. Па слядах некалькіх вандровак у яго нарадзіліся аўтарскія кнігі.

Адным з новых пунктаў на мапе для ягоных прыгод стала Беларусь, куды ён адправіўся са спадарожніцай Ханяй і пасля апублікаваў уражанні ў серыі з пяці відэарэпартажаў. На што звярнулі ўвагу палякі?

Томаш і Ханя. Скрыншот: YouTube / Jak to daleko

Гасціннасць людзей, але трывожная праверка тэлефонаў на мяжы

Вандравалі па Беларусі Томаш і Ханя аўтаспынам і грамадскім транспартам. Нават праз польска-беларускую мяжу яны праехалі на аўто беларусаў, якія вярталіся з Беластока. Адсюль вынікае адно з галоўных іх назіранняў пра Беларусь:

«Гасціннасць і ветлівасць людзей тут неймаверныя. Магу параўнаць з яшчэ аднымі суседзямі — украінцамі і, на жаль, не магу сказаць, што яны такія ж цёплыя», — заўважыў Томаш, пацвярджаючы сказанае тым, што адзін з начлегаў ім прапанавала незнаёмая жанчына, якая падвозіла іх — проста ў сваёй кватэры. 

Пры гэтым адразу на мяжы з палякамі здарылася тое, што, як яны заўважылі, не здаралася з імі за ўсе 11 год падарожжаў —

на беларускім баку кожнага з маладых людзей запрасілі на асобную гутарку і забралі тэлефоны, пасля «ўвёўшы там нейкі код». Самі палякі дапусцілі, што гэта магло быць для адсочвання іх геалакацыі.

Пасля гэтага яны ўвесь час перажывалі, што ў іх могуць быць праблемы з выездам назад на радзіму.

«Вандроўка ў мінуўшчыну»

Большую частку часу палякі правялі ў Брэсце, Бярозе і Мінску.

«Мы хацелі паказаць Беларусь у нестабільны час. Краіна мае два твары — з аднаго боку мігранцкі крызіс і брудная гульня на мяжы, з іншага — нармальныя людзі, якія проста хочуць жыць спакойна».

Назіраючы за жыццём мясцовых, замежнік не раз адзначаў, што тут ціхія і спакойныя людзі, выказаўшы здагадку, што гэта можа быць звязана з тым, што «тут нават нязначныя словы і жэсты могуць справакаваць дрэнныя наступствы».

Ацэньваючы ж невялікую колькасць людзей на вуліцах, блогер выказаў здагадку, што гэта можа быць звязана з масавай эміграцыяй: «Вялікі працэнт адсюль эмігравалі, скажам так, па лепшае жыццё». 

Апісваючы ўражанні ад Беларусі, госці таксама часта выкарыстоўвалі фразу «падобна да Польшчы 20 год таму», «Польшча часоў PRL», «вандроўка ў мінуўшчыну» (чаго вартыя помнікі Леніну!). Яны не хавалі захаплення даступнымі цэнамі і чысцінёй не толькі на вуліцах, але нават у публічным туалеце.

«Чалавечыя цэны»

У крамах іх найбольш уразіў багаты выбар малочкі, асабліва глазураваных сыркоў і рассыпістага, а таксама салодкага тварагу. «У нас такога няма», — пракаментавалі госці.

Томаш і Ханя. Скрыншот: YouTube / Jak to daleko

«І чалавечыя цэны, у нас такіх ужо няма: вялікая бутэлька какосавага ліманаду за 1,83 рубля, яйкі ў два разы таннейшыя, чым у нас, цукар і алей таксама танныя». 

Блогеры таксама адзначылі даступнасць паліва, але пры гэтым даволі дарагія для сваіх паслуг і выгляду гатэлі і хостэлы (да 180 рублёў за ноч на дваіх).

У Брэсце вандроўнікі аформілі для сябе інтэрнэт, купіўшы сім-карты пры дапамозе мясцовага жыхара, які ведаў польскую мову, і заўважылі, што гэта, на кантрасце з іншымі краінамі, атрымалася зрабіць вельмі хутка.

У Бярозе іх здзівіла малая колькасць месцаў, дзе можна паесці турыстам, таксама немагчымасць разлічыцца карткамі Visa і MasterCard — «ні разу не атрымалася, як ні спрабавалі». А ў адной з рэстарацый — тое, што жанчыны, а не мужчыны сядзелі за сталом і пілі чыстую гарэлку, «закусваючы» выключна сокам.

У Мінску ж вялікую долю ўвагі блогеры аддалі метро, ацаніўшы жэтончыкі, якія здзіўляюць многіх турыстаў, і тое, што падземка ў сталіцы не вельмі глыбокая. Уразіў іх таксама стыль ГЦ «Сталіца»: «Ашаламляльна».

Блогеры доўга прыкідвалі, чаму гэта падобна да «Макдональдса», але называецца інакш: «Гэта падробка ці стылізацыя?» Есці ў выніку вырашылі ў месцах, дзе падаюць дранікі і іншую традыцыйную кухню. «У нас шмат падобнага ў кухні, але смак адных і тых жа страў розны», — адзначыў Томаш.

Палякі валодаюць даволі шырокім наборам рускіх словаў, але, што цікава, часам, чытаючы назвы рускамоўных шыльдаў, яны лічылі, што гэта напісана па-беларуску: «— Салон прыгажосці як будзе па-беларуску? — Салон красоты, ад «красота».

Вяртанне назад для падарожнікаў сапраўды аказалася стрэсавым. Але гэта было звязана не з чарговай праверкай, а з чэргамі на мяжы. Яны селі ў адзін з аўтобусаў, каб перасячы мяжу, што потым называлі «памылкай», бо аўтобусы там цяпер стаяць доўга.

«Але ў машыну нас ніхто не забіраў, спрабавалі гадзіну».

Так ці інакш, на польскім баку яны былі праз дзевяць гадзін, што ў сённяшніх рэаліях не самы дрэнны сцэнар.

«У мяне экстрэмальна добрыя ўражанні. Хочацца вярнуцца. Але раіць вандроўку вам у сённяшні неспакойны час не будзем. Як мінімум, калі наважыцеся, трэба быць асцярожнымі, таму што цяпер часы няпэўнасці», — падсумаваў Томаш.

Каментары15

  • Białorusin
    31.08.2024
    Вот именно, живя в Польше, понимаешь, что Беларусь отстаёт на лет 10, тут поляки говорят на 20 - и это же ведь истина. Не понимаю пропагандистов, тура того самого, и людей которые пытаются это отрицать и продвигают соответсвующие нарративы, а ведь власть нужно дрючить, что бы страна не отставала от соседей. Любители власти - это самые главные вредители
  • ..
    31.08.2024
    "замежнік не раз адзначаў, што тут ціхія і спакойныя людзі, выказаўшы здагадку, што"
    ёданедастатковасць... у нас нават гарачыя грузины робяцца спакайней
  • Чаркі ды шкваркі
    31.08.2024
    Беларусы маўклівыя, а палякі гаваркія, гэта ёсць. І не таму што беларусы баяцца, а проста так ёсць.
    Малочка танная, бо цана рэгуляваная за кошт бюджэту і дармавой рабскай сілы ў калгасах. Таму малочкі шмат. Але ў Беларусі сыркі глазураваныя на пальмавым алеі і замяняльніках. Толькі "Элітный" ядомы. Сыры, хоць назваў безліч, ужо цалкам абы-што, там і хімоза, і смак ніякі. Польскія непараўнальна і здаравейшыя, і смачнейшыя.
    Гарэлку палякі п'юць без закусі, гэта ў палякаў за норму. І навальваюцца у-га як добра. Здзіўляе, што спажыванне гарэлкі без закусі іх здзівіла. Хронаў і там і тут багата. Наконт спажывання гарэлкі беларусы нашмат культурнейшыя: спажываюць і з закуссю, і з добрым словам. Але пасля польскай гарэлкі не баліць "глова" і назаўтра можна ісці да працы. З беларускай горш. Цэны на харч збольшага роўныя, садавіна і гародніна ў Польшчы даражэйшыя, а мяса таннейшае.

    Чарку і шкварку мы параўналі, а больш і няма чаго: ўсё астатняе разам і блізка не стаяла.

Алепа за тры дні? Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў найбольшы горад Сірыі. Эрдаган ізноў усадзіў ятаган у спіну Пуціна3

Алепа за тры дні? Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў найбольшы горад Сірыі. Эрдаган ізноў усадзіў ятаган у спіну Пуціна

Усе навіны →
Усе навіны

«Цяпер хоць стала можна нармальна зарабляць». Што думаюць таксісты пра працу ў новых умовах8

Аўстралія забароніць падлеткам да 16 гадоў карыстацца сацыяльнымі сеткамі2

У Грузіі ўспыхнулі пратэсты пасля заявы ўрада пра адмову ад еўраінтэграцыі4

У Беларусі затрымалі грузінскага злодзея ў законе, які прарываўся з Расіі без пашпарта

Мінскае «Дынама» прайграла чацверты матч у Лізе канферэнцый ВІДЭА1

Андрэй Дзмітрыеў з'ездзіў у Бундэстаг, каб давесці неабходнасць удзелу Лукашэнкі ў мірных перамовах26

У Беларусі з'явілася новая гандлёвая сетка — Pole Kvetak3

Упершыню за паўстагоддзя вучоныя зрабілі прарыў у лекаванні астмы і хранічнага бранхіту

У Вялікабрытаніі судзяць групу грамадзян Балгарыі, якіх падазраюць у шпіянажы на Расію

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Алепа за тры дні? Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў найбольшы горад Сірыі. Эрдаган ізноў усадзіў ятаган у спіну Пуціна3

Алепа за тры дні? Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў найбольшы горад Сірыі. Эрдаган ізноў усадзіў ятаган у спіну Пуціна

Галоўнае
Усе навіны →