Дык колькі яек можна з'ядаць у дзень, каб не нашкодзіць здароўю? Навуковец з Гарварда знайшоў адказ, ахвяраваўшы сабой

Яйкі лічацца адным з найбольш пажыўных прадуктаў, багатых на вітаміны, мінералы і якасны бялок. Аднак, з-за высокага ўтрымання халестэрыну ў жаўтках, вакол іх часта ўзнікаюць пытанні наконт бяспечнай колькасці для штодзённага ўжывання.

03.10.2024 / 08:00

Яйкі часта называюць супережай, дзякуючы іх высокай пажыўнай каштоўнасці і шырокаму спектру карысных рэчываў. Яны багатыя якасным бялком, які забяспечвае ўсе неабходныя амінакіслоты для здароўя мышцаў і тканак, а таксама вітамінамі A, D, E і B12, мінераламі, такімі, як жалеза і селен, і антыаксідантамі, якія абараняюць зрок і падтрымліваюць агульнае здароўе. Акрамя таго, яйкі — выдатная крыніца халіну, важнага для здароўя мозгу.

Класічныя рэкамендацыі па спажыванні яек 

Звычайна спецыялісты рэкамендавалі дзецям 2—12 гадоў з'ядаць адно яйка на дзень. Такой колькасці дастаткова для забеспячэння арганізму неабходнымі рэчывамі, такімі, як вітамін D і амега-3, якія асабліва важныя ў перыяды росту.

Падлеткам (13—19 гадоў) можна спажываць 1—3 яйкі штодзённа, бо іх арганізм мае патрэбу ў вялікай колькасці бялку для падтрымкі росту і гарманальнага балансу. Пры гэтым хлопчыкам часцей трэба больш бялку, таму ім будзе карысна тры яйкі ў дзень. А вось дзяўчатам дастаткова аднаго-двух.

Для дарослых 20—50 гадоў звычайна рэкамендуецца 1-2 яйкі на дзень як частка збалансаванага рацыёну, багатага на бялок і карысныя тлушчы. Летам, калі арганізм атрымлівае больш вітаміну D ад сонца, спажыванне яек можна знізіць да аднаго ў дзень.

Пажылым людзям спецыялісты раяць абмяжоўвацца 4—5 яйкамі на тыдзень, бо існуе распаўсюджанае меркаванне, што ўжыванне яек, асабліва іх жаўткоў, павялічвае рызыку сардэчна-сасудзістых захворванняў.

І вось тут трэба адзначыць, што яйкі сапраўды ўтрымліваюць больш халестэрыну ў параўнанні з многімі іншымі прадуктамі, але, паводле апошніх даследаванняў, сувязь паміж ужываннем яек і павышанай рызыкай сардэчных захворванняў можа быць не такой моцнай, як лічылася раней, хаця гэта пытанне ўсё яшчэ выклікае шмат спрэчак.

Экперымент Норвіца

Акрамя навуковых даследаванняў, ёсць энтузіясты, якія праводзяць эксперыменты на сабе. Сярод іх дактарант Гарвардскага ўніверсітэта Нік Норвіц, які цягам месяца з'ядаў 24 яйкі на дзень. Такім чынам, усяго ён з'еў 720 яек за месяц.

Яго мэта была высветліць, ці прывядзе такое інтэнсіўнае спажыванне яек да павышэння ўзроўню халестэрыну, асабліва ліпапратэінаў нізкай шчыльнасці (ЛПНШ), якія вядомыя як «дрэнны» халестэрын.

Норвіц еў яйкі ў розных формах: смажаныя, вараныя ўсмятку і ўкрутую, у выглядзе амлетаў з рознымі спецыямі. Ён спалучаў іх з кетагеннай дыетай, якая ўключала мяса, рыбу, аліўкавы алей, арэхі, цёмны шакалад, сыр і ёгурт. 

Такая дыета характарызуецца нізкім утрыманнем вугляводаў і высокім утрыманнем тлушчаў, што змушае арганізм выкарыстоўваць тлушчы як асноўную крыніцу энергіі замест цукру.

Праз два тыдні Норвіц вырашыў дадаць да сваёй дыеты 60 грам вугляводаў, што эквівалентна двум бананам у дзень, каб паглядзець, як гэта паўплывае на ўзровень халестэрыну.

Вынікі эксперыменту былі вельмі цікавымі і супярэчылі агульнапрынятым перакананням. У той час як агульная колькасць халестэрыну ў яго рацыёне павялічылася ў пяць разоў, узровень «дрэннага» халестэрыну ў крыві (ЛПНШ) знізіўся на 18%. Гэта значыць, што спажыванне такой вялікай колькасці яек не прывяло да пагаршэння здароўя сэрца, а нават наадварот — узровень халестэрыну стаў ніжэйшым.

Доктар Норвіц тлумачыць гэты вынік тым, што ў арганізме існуюць складаныя механізмы рэгуляцыі ўзроўню халестэрыну. Некаторыя навукоўцы мяркуюць, што ў адказ на павелічэнне халестэрыну з ежы печань пачынае выпрацоўваць яго ў меншай колькасці.

У выніку арганізм здольны ўраўнаважваць узровень халестэрыну нават пры яго высокім паступленні з ежы. Таксама ён адзначыў, што кетагенная дыета магла аказаць дадатковы ўплыў, бо яна дапамагае арганізму аптымізаваць абмен тлушчаў і эфектыўна выкарыстоўваць іх для вытворчасці энергіі.

Норвіц лічыць, што змяншэнню колькасці халестэрыну паспрыяла дадаванне да кетагеннай дыеты невялікай колькасці вугляводаў. 

Такім чынам, вынікі эксперыменту паказваюць, што спажыванне вялікай колькасці яек не абавязкова павышае рызыку сардэчных захворванняў. Наадварот, у пэўных умовах, такіх як кетагенная дыета і актыўны лад жыцця, яйкі могуць не мець негатыўнага ўплыву на ўзровень халестэрыну ў арганізме, а нават спрыяць яго зніжэнню.

Дыетолагі рэкамендуюць, якія прадукты трэба есці ў кожнае дзесяцігоддзе свайго жыцця

Ідэя для сняданка: амлет з тварожным сырам і зелянінай у лавашы

Топ амлетаў, якія не пакінуць вас абыякавымі. Рэцэпты

Nashaniva.com