Папулярны брытанскі відэаблогер наведаў Беларусь і расказаў, што яго здзівіла
Адно з назіранняў — на вуліцах сталіцы дзяўчат прыкладна ў два разы больш, чым хлопцаў.
07.10.2024 / 08:00
Брытанскі відэаблогер Гары Джагард. Скрын відэа: harryjaggardtravel / YouTube
Брытанскі відэаблогер Гары Джагард, ютуб-канал якога мае звыш 1,5 мільёна падпісчыкаў, наведаў Беларусь. Відэа з паездкі (яна была ў ліпені) ён размясціў у сваім канале.
Блогер захацеў прыехаць сюды, «каб даведацца, да чаго падобнае жыццё ў краіне, дзе дзейнічаюць санкцыі ЗША». А таксама высветліць, ці праўда ў Беларусі яго могуць арыштаваць за здымкі і ці тут «усё падтрымліваюць Пуціна», як яму казалі. Гэтыя словы суправаджаюцца кадрамі мірных пратэстаў 2020 года.
Пазней у сваім відэа Джагард коратка расказвае пра палітычную сітуацыю ў Беларусі і паказвае архіўныя відэа пратэстаў розных гадоў.
У падарожжа Джагард выбраўся з трыма сваімі сябрамі на рэйсавым аўтобусе з Вільні да Ліды.
Блогер не хавае хвалявання ў пачатку паездкі. Адзін з яго сяброў расказвае, што на мяжы іх «прымусяць разблакаваць тэлефон і будуць весці пошук па ключавым слове «Беларусь». Яны правераць ваш інстаграм, тыкток і фэйсбук».
Ліда ў вачах блогера выявілася горадам, у якім «няма чаго рабіць».
З адным са сваіх сяброў Джагард вырашыў з'ездзіць у Мінск на адзін дзень. Яны набылі білеты ў плацкартны вагон цягніка «Гродна-Мінск».
Знаходзячыся на вакзале ў Лідзе, Джагард адзначае, што Беларусь пакуль уражвае: «Такое адчуванне, што мы перанесліся ў мінулае гадоў на 20 назад. Але ўсё тут добра, усё чыста». У кавярні на вакзале блогер набыў кубачак кавы і здзівіўся яго кошту ў 70 цэнтаў.
У цягніку блогеру з сябрам давялося ехаць на верхніх паліцах. «Не вельмі зручна, але весела», — заўважыў Джагард, а цягнік назваў «савецкім купэ для сну».
На першых кадрах з Мінска блогер дэманструе прывакзальную плошчу і просіць звярнуць увагу на тое, якая там прыгожая архітэктура і чыстыя вуліцы, адзначаючы, што горад быў разбураны ў гады Другой сусветнай вайны. «Савецкі Саюз адбудаваў усё нанава. І гэта было зроблена з вялікім размахам».
«Гэта проста ганьба, што мы не гаворым па-руску. Таму што ў такім выпадку мы маглі б проста размаўляць з людзьмі на вуліцы і па-сапраўднаму пазнаваць людзей.
Тут людзі, безумоўна, закрытыя, асабліва таму што ў іх [у Беларусі] няма турыстаў. Іх трэба неяк разварушыць і наладзіць з імі кантакт. Я ўпэўнены, што яны добрыя людзі. Яны падказваюць нам дарогу і імкнуцца дапамагчы. Але [для іх] гэта вельмі складана, калі ты не гаворыш па-англійску»,
— дзеляцца хлопцы назіраннямі.
Па дарозе хлопцы зайшлі ў бар і папрасілі беларускага піва. Джагард дэманструе келіх з рэкламай лідскага піва, сцвярджаючы, што яно самае папулярнае ў Беларусі, і дзівіцца цане — «даляр і 50 цэнтаў за пінту».
Блогер і яго сябар здзіўляюцца тым, што на вуліцах горада дзяўчат прыкладна ў два разы больш, чым хлопцаў. «Я думаю, што шмат хто з мужчын Беларусі прызыўнога ўзросту адправіўся на фронт».
Джагард дзеліцца, што заўважыў на вуліцах мужчын прыкладна свайго ўзросту, якія апрануты ў вайсковую форму.
Падчас прагулкі Джагард з сябрам наведалі стадыён «Дынама». Блогер заўважае, што сябар парэкамендаваў туды схадзіць, назваўшы стадыён «адным з найлепшых у свеце».
Гары Джагард на стадыёне «Дынама». Скрын відэа: harryjaggardtravel / YouTube
«Я здзіўлены, што ў Мінску ёсць такі стадыён. Гэта сапраўды вельмі прыгожае месца», — дзеліцца ўражаннямі Джагард, знаходзячыся на пустых трыбунах.
«Думаю, што адзіныя матчы, якія тут праводзяцца — гэта хатнія матчы ў рамках чэмпіянату Беларусі, што вельмі засмучае, бо стадыён сапраўды прыгожы. Ён лепшы за шмат якія стадыёны, на якіх я бываў у Еўропе», — дадае сябар блогера.
«З усіх еўрапейскіх гарадоў, у якіх я пабываў за час гэтай паездкі (а гэта ў асноўным Усходняя Еўропа), гэты мне падабаецца больш за ўсе», — адзначае блогер, ідучы па вуліцы Карла Маркса.
Джагард заўважае, што некаторыя могуць сказаць, што ім плаціць беларускі ўрад, але гэта не так. Ён шчыра ўпэўнены ў тым, што Мінск — цудоўнае месца. «Тут сапраўды прыгожа, прыемна і спакойна. (…) І нашмат танней».
Акрамя стадыёна на блогера вялікае ўражанне зрабіў манументальны гарэльеф «Салідарнасць» на будынку Дома мадэляў на скрыжаванні праспекта Пераможцаў і вуліцы Няміга.
Джагард дэманструе гарэльеф «Салідарнасць». Скрын відэа: harryjaggardtravel / YouTube
«Пад ім знаходзіцца KFC. Гэта супрацьпастаўленне старога і новага. Капіталізм і камунізм зноўку сустракаюцца. А затым мы ўбачылі [побач] шмат магазінаў. І гэта паказвае, што Мінск сёння такі сучасны».
У парку імя Горкага блогер звярнуў увагу на кола агляду: на яго погляд, такі атракцыён — сімвал савецкіх гарадоў. А на плошчы Леніна мужчына акцэнтаваў увагу на помніку, які назваў «адной з апошніх статуй Леніна, якія захаваліся».
Джагард на Плошчы Леніна. Скрын відэа: harryjaggardtravel / YouTube
«Яны ўсе былі знішчаны ў былых савецкіх рэспубліках акрамя Беларусі і Прыднястроўя. Гэта паказвае, што Беларусь падтрымлівае савецкую ідэалогію», — заўважае Джагард.
Але не ўсё падчас паездкі было добра. Хлопцы наракаюць на тое, што ў Беларусі не працуюць іх карткі. З-за гэтага яны не змаглі скарыстацца метро.
Нягледзячы на гэта, блогер быў вельмі ўражаны Мінскам:
«Гэта горад, у які я хачу вярнуцца, каб па-сапраўднаму яго даследаваць і вывучыць трохі рускай мовы. Адзіны мінус — я не магу камунікаваць з мясцовымі. І гэта не іх, а мая віна. (…) Гэта сапраўды цікавае месца і я б з задавальненнем вярнуўся сюды».
Былы зяць Шайгу пракаціўся ў плацкарце па Беларусі і зняў ролік
Літоўскі блогер наведаў Мінск — і вось які раён назваў найлепшым
Астапеня прапанаваў, як ціхенька пазбавіцца ад помнікаў Леніну
Мегапапулярны нямецкі блогер аб'ездзіў усю Еўропу і вызначыў свае самыя любімыя і нелюбімыя краіны