У Турцыі выкрылі буйное махлярства з замежнымі турыстамі. Іх возяць па славутасцях, якіх не існуе

Як паведамляе турэцкая прэса, некаторыя турфірмы ў рэгіёне Кападокія арганізуюць экскурсіі ў няісныя славутасці, выдаючы іх за знакамітыя лакацыі, а таксама дэманструюць ім музеі, якія насамрэч не існуюць.

07.10.2024 / 21:14

Наскальныя дамы ў горадзе Учысар у Кападокіі. Фота: freepik.com

Рэгіянальныя гіды правялі ўласнае расследаванне і выявілі, што некаторыя турфірмы прапануюць экскурсіі па значна заніжаных цэнах, што выклікала падазрэнні.

«Некаторыя гіды адвозяць замежных турыстаў у месцы недалёка ад Іхлары, сцвярджаючы, што гэта Герэме — знакаміты горад, размешчаны каля ўваходу ў аднайменную даліну, вядомы сваімі пячорнымі храмамі візантыйскага часу. Пры гэтым яны расказваюць пра гісторыю і культуру рэгіёну. У асобных выпадках турыстаў нават возяць на склады для лімонаў, выдаючы іх за падземныя гарады, або паказваюць вясковыя дамы ў Чардаку», — паведамляе мясцовая асацыяцыя гідаў.

СМІ адзначаюць, што многія замежныя турысты не падазраюць пра падмену, бо не знаёмыя з мясцовасцю. Калі турыст аказваецца дасведчаным, яму паведамляюць, што ў сапраўдных славутасцях ідуць рамонтныя работы.

Гіды падкрэслілі, што іншаземцы, якія праехалі тысячы кіламетраў, каб убачыць прыгажосці Кападокіі, вяртаюцца расчараванымі і не падазраюць, што сталі ахвярамі падману. Гэта не толькі падрывае імідж Турцыі, але і вядзе да значных страт у даходах ад турызму.

Гіды патрабуюць выяўлення ашуканскіх агенцтваў і прымянення да іх неабходных санкцый.

Старажытныя крэпасці, дзівосныя грузавікі і чайныя бары. Беларусы расказалі, як можна адпачываць у Пакістане

Колькасць беларускіх турыстаў у Турцыі вырасла на траціну, але ў агульнай статыстыцы іх доля мізэрная

«Усе дзівіліся, як мы знайшлі такія цэны». Дзясяткі беларусаў купілі танныя туры, але да мора не даехалі

Nashaniva.com