На святкаванні «Дажынак» у Капыльскім раёне вясковец напаў з «ружачкай» на старшыню калгаса

Трагедыяй ледзь не скончыліся «Дажынкі» ў адной з гаспадарак у вёсцы Вялікая Раёўка на Капыльшчыне, паведаміла прэс-служба пракуратуры Мінскай вобласці.

10.10.2024 / 16:35

 

У канцы жніўня на вясковым свяце 54-гадовы п'яны мужчына дастаў са сметніцы шкляную бутэльку, разбіў яе і з гэтай «ружачкай» накіраваўся на сцэну, дзе кіраўнік сельгаспрадпрыемства якраз узнагароджваў найлепшых работнікаў.

Як паведамляецца, на сцэне абвінавачаны паспрабаваў ударыць старшыні калгаса «ружачкай» у грудзі. Той, аднак, рукой змог адвесці ўдар, а прысутныя вяскоўцы затрымалі нападніка і ўтрымлівалі яго да прыезду міліцыі.

У выніку ў старшыні быў парэз на пальцы правай рукі, які аднеслі да цялесных пашкоджанняў, што не пацягнулі за сабой кароткачасовага расстройства здароўя.

Нападніку інкрымінуюць ч. 3 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (наўмысныя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак і засведчваюць відавочную непавагу да грамадства, якія суправаджаюцца гвалтам з ужываннем прадметаў, якія выкарыстоўваюцца ў якасці зброі для прычынення цялесных пашкоджанняў).

Да суда вясковец застанецца пад вартай.

У Бабруйску мужчына збіў чалавека клюшкай, а пасля пашкодзіў некалькі аўто

На Зыбіцкай іншаземка кінула ў бармена касавы тэрмінал. Што здарылася?

У Бараўлянах пара занялася сэксам у скверы. Цяпер у каханкаў праблемы з законам

Nashaniva.com