Археолагі сцвярджаюць, што старажытны горад на Менцы ўзнік у канцы X стагоддзя

Загадчык аддзела археалогіі Сярэдніх вякоў і Новага часу Інстытута гісторыі НАНБ Андрэй Вайцяховіч, пад кіраўніцтвам якога праходзяць раскопкі на Менцы, паведаміў, што археолагі даказал ўзнікненне старажытнага Менска ў канцы X стагоддзя, піша БелТА.

11.10.2024 / 18:00

У 2022 годзе прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка даручыў гісторыкам разабрацца, дзе менавіта зарадзіўся Мінск. Для гэтага быў складзены план археалагічных даследаванняў комплексу на Менцы. У 2023 і 2024 гадах работы ішлі пад кіраўніцтвам археолага Андрэя Вайцяховіча, іх плануецца працягнуць і ў 2025-м.

Падчас раскопак знайшлі ўнікальныя драўляныя канструкцыі і артэфакты, якія дазволілі зрабіць новыя высновы пра гісторыю беларускай сталіцы. Навукоўцы прыйшлі да высновы, што старажытны Менск зарадзіўся на Менцы і потым быў перанесены на месца зліцця Свіслачы і Нямігі.

«Мы за два гады раскопак ужо атрымалі асноўныя вынікі і шмат чаго дасягнулі. У першую чаргу мы правялі даследаванні ўнутрывальных канструкцый і цалкам вывучылі іх вонкавае аблічча, канструктыўныя асаблівасці, час іх узвядзення і далейшы лёс.

І мы можам са стоадсоткавай упэўненасцю сцвярджаць, што гэта тыповыя дрэва-земляныя ўмацаванні для старажытнарускага горада, якія былі ўзведзеныя ў самым канцы X — пачатку XI стагоддзя. Гэта значыць, горад зарадзіўся ў 990-я гады.

Гэтыя ўмацаванні былі сапраўды значнымі і па сваіх памерах не саступалі ўмацаванням, выяўленым у Мінску на Свіслачы. Гэта ў прынцыпе раўнацэнныя па магутнасці гарадскія сцены, але яны створаныя па розных тэхналогіях, так як будаваліся ў розны час. На Менцы горад з'явіўся раней. Тут класічная гарадская структура — гэта дзяцінец, вакольны горад і гарадскія пасады», — расказаў Андрэй Вайцяховіч.

Археолагі таксама вялі работы на пасадах, на дзяцінцы малога гарадзішча і выявілі сляды пражывання дружыны — рэдкія элітарныя рэчы, дарагую зброю. Яны зафіксавалі шэраг пажараў, выкліканых ваенным умяшаннем, і ўзялі ўзоры на радыевугляродны аналіз, каб атрымаць дакладную дату, калі тут рабіліся ваенныя напады, каб потым супаставіць з гістарычнымі падзеямі.

«Мы можам на 100% сцвярджаць, што гэта буйны горад, росквіт якога прыпаў на XI стагоддзе. У канцы XI стагоддзя ён паступова прыйшоў у заняпад, і да сярэдзіны XII стагоддзя жыццё тут цалкам спынілася. Мы можам гэта звязваць з узнікненнем новага горада на Свіслачы, бо цэнтр быў перанесены туды», — падкрэсліў навуковец.

Паводле яго, адно пытанне яшчэ засталося нявысветленым.

«Падчас раскопак мы знайшлі пахаванні, якіх там быць не павінна. Звычайна пахаванняў не ладзілі на тэрыторыі, дзе жылі людзі, яны маглі ўзнікаць толькі ў адным выпадку — калі на гэтым месцы стаяў храм. Таму ёсць такая гіпотэза, што каля паўднёвага ўваходу ў гарадзішча была драўляная царква, вакол якой рабіліся пахаванні ў XI-XII стагоддзі. Каб даказаць гэтую версію або абвергнуць, мы на наступны год запланавалі раскопкі на меркаваным месцы знаходжання храма. Дарэчы, версія пацвярджаецца тым, што мы летась знайшлі недалёка пераноснае кадзіла», — звярнуў увагу Андрэй Вайцяховіч.

Пасля завяршэння буйных раскопак на Менцы плануецца стварыць музей. Як адзначаюць навукоўцы, гэта знакавае месца не толькі для Беларусі, але і для ўсёй Усходняй Еўропы.

Галоўчанка паабяцаў стварыць музей на гарадзішчы на Менцы

У раскопках на Менцы чарговая сенсацыя: знайшлі могілкі XI стагоддзя

Менка ці Свіслач? Навукоўцы Акадэміі навук, здаецца, паставілі кропку ў дыскусіі, дзе зарадзіўся старажытны Менск

На раскопках на Менцы знайшлі тысячагадовы гузік з пазалотай

На Менцы раскапалі ўжо тры рады гакавых драўляных канструкцый ФОТА

«Унікальнае спалучэнне дзвюх розных традыцый». Пры раскопках старажытнага Менска выявілі дадатковую лінію абароны

Сенсацыйная знаходка на Менцы — для чаго нашы продкі выкарыстоўвалі гэту фігуру 1000 гадоў таму?

«Гэта сапраўдная сенсацыя». Пры раскопках на Менцы знайшлі зааморфную фігуру, якой 1000 гадоў

Nashaniva.com