Канал, які звязваюць з Мінабароны Беларусі, распальвае нянавісць да Зяленскага з асаблівым цынізмам

Тэлеграм-канал «Невольфович» дазволіў сабе заявы, якія выходзяць за рамкі.

21.10.2024 / 19:28

Уладзімір Зяленскі, 2 кастрычніка 2024 года. Фота: AP Photo Efrem Lukatsky

Тэлеграм-канал «Невольфович» звязваюць з ідэолагамі Міністэрства абароны Беларусі. Яго пасты перапошчваюць іншыя каналы з праўладнай сеткі. Сам «Невольфович», у сваю чаргу, арыентуецца на метадычныя ўказанні з Масквы.

У новай вялікай публікацыі канал беларускіх сілавікоў параўноўвае дэмакратычна абранага прэзідэнта Украіны з Адольфам Гітлерам.

Абодва, сцвярджае ідэолаг, «маніякальныя асобы з незадаволеным пачуццем велічы», хоць пад гэтую характарыстыку падыходзяць прэзідэнты некаторых зусім іншых краін. «Невольфович» мае доказ: ён праводзіць паралель паміж вегетарыянствам Гітлера і распрацоўкай ва Украіне веганскіх сухпайкоў для вайскоўцаў. 

Пайкі з улікам рэлігійных, медыцынскіх і этычных патрэбаў вайскоўцаў плануюць увесці ва ўкраінскай арміі са снежня гэтага года. Такія існуюць у арміях многіх іншых дзяржаў свету, у беларускай такога пакуль няма.

Іншы доказ «Невольфовича» — «у 1939 годзе кіраўніка Трэцяга рэйху намінавалі на Нобелеўскую прэмію міру. У 2024 годзе на гэтую ж прэмію быў намінаваны Зяленскі».

Гэты фэйк запусціў расійскі палітык Сяргей Міронаў яшчэ ў 2022 годзе, калі Уладзімір Зяленскі быў упершыню намінаваны на гэтую ўзнагароду. Сапраўды, Гітлера намінавалі на Нобелеўскую прэмію міру ў 1939 годзе, але то быў жэст сарказму і крытыкі, а не сапраўднае вылучэнне, як у выпадку Зяленскага.

У 1939 годзе 12 шведскіх парламентарыяў вылучылі прэм'ер-міністра Брытаніі Невіла Чэмберлена на Нобелеўскую прэмію міру за падпісанне Мюнхенскай дамовы з Гітлерам, якая перадала Судэцкую вобласць Чэхаславакіі Германіі. На той момант існавала спадзяванне, што такое рашэнне прывядзе да захавання міру. У адказ дэпутат Эрык Брант іранічна вылучыў Гітлера на прэмію, каб паказаць, што ні Чэмберлен, ні Гітлер не заслугоўваюць такой узнагароды. Пазней Брант адклікаў сваю прапанову, тлумачачы яе як сарказм.

У якасці чацвёртага факту падабенства прапагандысты называюць нарказалежнасць Гітлера і Зяленскага. Пры гэтым, калі пра першага яны прыводзяць вядомыя факты, то пра прэзідэнта Украіны замест прывядзення рэальных доказаў абмяжоўваюцца фразай: «Нарказалежнасць Зяленскага не патрабуе лішніх абмеркаванняў».

Насамрэч, фэйк пра нарказалежнасць Зяленскага быў запушчаны расійскай прапагандай у 2022 годзе. Прапагандысты выкарыстоўвалі падробленыя інтэрв'ю і фальшывыя здымкі. Скрупулёзна выкрылі той фэйк фактчэкеры французскага тэлеканала France 24. А запушчаны ён быў не проста так: ёсць усе падставы меркаваць, што Расія планавала пры захопе Украіны Зяленскага забіць, каб пазбавіць дзяржаву легітымнага кіраўніка. Не выключана, што фэйк пра «наркаманію» Зяленскага выкарыстоўваўся б для інсцэніроўкі яго забойства. Аднак расійскія войскі не здолелі ўзяць Кіеў і вымушаныя былі адступіць у Беларусь у сакавіку 2022 года.

У апошнім, пятым «факце» аўтары згадваюць распараджэнне Гітлера ў красавіку 1945 года аб затапленні метро ў Берліне, у выніку якога, паводле розных ацэнак, загінула да 20 тысяч чалавек. Поруч з гэтым агульнавядомым фактам прапагандысты сцвярджаюць, што такімі ж метадамі Уладзімір Зяленскі вынішчае ўкраінскі народ. Кіеўскае метро, аднак, функцыянуе, як і функцыянавала.

Трагедыю ў Бучы падчас бітвы за Кіеў «Невольфович» называе «інсцэніроўкай». Пры гэтым прыводзіцца хлуслівая лічба ўкраінскіх ахвяр — звыш 780 тысяч чалавек. У рэальнасці эксперты ацэньваюць страты ўкраінскай арміі як прыкладна ўдвая меншыя за расійскія. Праўда, лічба ахвяр сярод мірнага насельніцтва большая ва Украіне, таму што баявыя дзеянні ідуць на ўкраінскай тэрыторыі і толькі Расія мае ракетныя ўзбраенні для ўдараў па глыбокім тыле.

Заходнія дзяржавы не верылі, што Украіна выстаіць, і рэкамендавалі Зяленскаму пакінуць Кіеў. Ён, аднак, застаўся верны свайму прэзідэнцкаму абавязку і ўзначаліў абарону. Дзякуючы гэтаму Украіна захавалася як дзяржава і, можа быць, Беларусь таксама. Для «Невольфовича» гэта, як выглядае, вялікае расчараванне.

«Я думаў, што людзі змятуць нас». Спецназавец у 2020-м стаяў з аўтаматам у ачапленні перад Лукашэнкам, а цяпер ваюе за Украіну

Каб даказаць, што зверстваў у Бучы не было, лукашэнкаўцы звярнуліся да француза

Рэсурсы Мінабароны РБ распаўсюдзілі новы брудны фэйк пра Украіну

Каб распаўсюдзіць фэйк пра жонку Зяленскага, расіяне стварылі фальшывы французскі СМІ

Nashaniva.com