Хацелі як лепш, а выйшла як заўсёды. Пра што сведчаць малдаўскія выбары

У гэтую нядзелю прайшло галасаванне на прэзідэнцкіх выбарах у Малдове, сумешчаных з рэферэндумам па замацаванні ў канстытуцыі курсу Малдовы ў Еўрапейскі саюз. Гэта паказальная падзея для ўсяго нашага рэгіёна, у якім ідзе тое самае «змаганне цывілізацый», і вывады з яе трэба зрабіць і беларусам, піша Алесь Сантоцкі.

22.10.2024 / 00:11

Не тое, чаго чакалі. Прэзідэнтка Малдовы Мая Санду з прэм'ер-міністрам Дорынам Рэчанам на другі дзень пасля галасавання. Фота: AP Photo/Vadim Ghirda

Пра што можна сцвярджаць дакладна ўжо цяпер — што ў настроях малдаўскага грамадства, нягледзячы на падзеі апошніх гадоў, не адбылося пералому, якога многія чакалі.

Малдова здаўна адзначаецца тым, што праеўрапейскія і прарасійскія (ва ўсіх іх адценнях) настроі тут — калі не браць Прыднястроўе — ішлі ўпоравень, дзелячы грамадства прыблізна напалову. І гэта засведчвалі любыя выбары, якія ў гэтай краіне праводзіліся цягам апошніх дзесяцігоддзяў, фактычна ўвесь час незалежнасці. Адпаведна і кожная электаральная кампанія стварала немалую інтрыгу — хто ж гэтым разам?

Апагеем гэтага электаральнага расколу краіны стала сітуацыя, калі нацыянальны парламент з 5 красавіка 2009 па 23 сакавіка 2012 года, то-бок амаль тры гады, не мог абраць прэзідэнта, паколькі ніводзін з бакоў не меў для гэтага неабходнай колькасці галасоў. І не дапамагалі нават датэрміновыя парламенцкія выбары, паколькі яны толькі паўторна фіксавалі статус-кво. Уласна кажучы, з-за гэтага ў Малдове ўрэшце і прынялі рашэнне перайсці ад абрання прэзідэнта парламентам да яго ўсенародных выбараў. Хоць гэта дапамагала пазбегнуць палітычнага крызісу толькі часткова: яшчэ свежая памяць пра тое, як прарасійскія ініцыятывы прэзідэнта Ігара Дадона блакаваліся і пераадольваліся парламентам шляхам часовага пазбаўлення яго паўнамоцтваў.

У апошнія гады ўзнікла ілюзія, што гэта ўсё засталося ў мінулым і ў Малдове нарэшце стварылася праеўрапейская большасць, што празаходнія сілы гэтым разам пераканаўча перамогуць. Прытым гэтая ілюзія стварылася, падобна, не толькі ў назіральнікаў за межамі краіны, але і ў саміх уладных колаў, пра што сведчыць прызначэнне з падачы Маі Санду рэферэндуму аб еўраінтэграцыі.

Выступаючы з такой ініцыятывай, Санду разлічвала на тое, што яе падтрымае прыкметная большасць грамадзян і гэта галасаванне, тым больш калі ягоныя вынікі будуць аформленыя канстытуцыйна, стане важкім аргументам для таго, каб курс на еўраінтэграцыю Малдовы працягваўся без залежнасці ад зменаў ва ўладзе. Хоць сама патрэба — унесці праўкі ў канстытуцыю — прапагандысцкая, эфемерная. Можна ўнесці — і не ўступіць. А можна не ўносіць — і ўступіць (і большасць краін рабілі так).

Атрымалася ж фіксацыя старога падзелу. Папярэднія вынікі галасавання (50,5% «за» і 49,5% «супраць») сведчаць пра тое, што прыхільнікі еўраінтэграцыі сапраўды нібыта складаюць большасць у грамадстве, але гэтая большасць зусім мізэрная, як кажуць, у межах статыстычнай памылкі.

Чыста фармальна гэта нібыта перамога праеўрапейскіх сіл у цэлым і Маі Санду ў прыватнасці, але фактычна гэта параза.

Паколькі замест таго, каб давесці, што большасць малдаван, нягледзячы на іх палітычныя погляды, у цэлым за Еўрасаюз, рэферэндум паказаў, што акурат ніякага нават адноснага адзінства няма, грамадства расколатае напалову.

І гэта відавочна будзе ўплываць не толькі на ўнутраны палітычны працэс, але і на стаўленне замежных чыннікаў.

Вынікі рэферэндуму, з аднаго боку, дадаткова натхняць Расію на актывізацыю сваёй палітыкі на малдаўскім палітычным полі, а з другога — выб’юць некаторыя казыры з рук тых, хто лабіруе малдаўскія інтарэсы ў Еўропе.

Не сакрэт, што ў Еўрасаюзе таксама няма адзінства адносна мэтазгоднасці яго пашырэння, і тое, што прынамсі палова малдаван самі не гараць жаданнем еўраінтэгравацца, стане сур’ёзным аргументам для еўрапейскіх праціўнікаў гэтага працэсу.

Што да вынікаў выбараў прэзідэнта, то ў першым іх туры перамагла Санду, але святкаваць перамогу ёй пакуль вельмі рана. Так, у яе каля 42,4%, у галоўнага суперніка Аляксандра Стаяногла каля 26%.

Разрыў вялікі, дабіраць да 50% засталося нібыта не так і шмат. Але пытанне, за кошт чаго дабіраць.

Сярод тых іншых прэтэндэнтаў на прэзідэнцкае крэсла, якія занялі наступныя месцы за Санду і Стаяногла, яўных палітычных саюзнікаў Санду няма. Рэната Усаты набраў каля 14%, Ірына Улах — каля 5,5%, Вікторыя Фуртунэ — каля 4,5%, Васіль Тарлеў — каля 3%, Іон Кіку — каля 2%. Гэта ўсё людзі, якія палітычна куды больш блізкія да прарасійскіх сацыялістаў, ад якіх балатуецца Стаяногла, чым да Санду. І падчас першага туру адбіралі галасы яны хутчэй ад яго, чым ад яе. І ў другім туры, калі прыйдуць на выбары, то найхутчэй будуць галасаваць за Стаяногла, асабліва калі палітычныя фаварыты іх да таго заклічуць.

Зрэшты, папуліст Рэната Усаты, у руках якога цяпер у значнай ступені будучыня краіны, не адзначаецца палітычнай прынцыповасцю і ў залежнасці ад бягучай кан'юнктуры можа займаць розную пазіцыю. На мінулых выбарах, дзе ў другі тур выйшлі з адрывам усяго ў 3,5% тая ж Мая Санду і тагачасны прарасійскі прэзідэнт Ігар Дадон, Усаты ў першым туры таксама быў трэцім, набраўшы 16,90%. І тады ён у другім туры падтрымаў Санду, па нейкіх сваіх разліках палічыўшы яе меншым злом у параўнанні з Дадонам. У той час як на выбарах 2016 года, дзе трэцяе месца пасля тых жа Дадона і Санду заняў з 6,03% Дзмітрый Чубашэнка, за плячыма якога стаяў Усаты, падтрымкі ўдастоіўся, наадварот, Дадон.

Але гэтым разам падчас выбарчай кампаніі Усаты агітаваў супраць Санду і ўжо казаў, што ў другім туры падтрымліваць яе не будзе. Ці стрымае слова — пакажа найбліжэйшы час. У кожным разе можна без асаблівай рызыкі памыліцца сцвярджаць, што вырашаць вынікі другога туру будуць у значнай ступені галасы ягонага электарату.

Ёсць таксама такая думка, што Санду ў другім туры можа дасягнуць патрэбнага выніку дзякуючы мабілізацыі свайго электарату, калі тыя, хто не прыйшоў на выбарчыя ўчасткі ў першым туры, зробяць гэта ў другім і падтрымаюць цяперашнюю прэзідэнтку, каб не дапусціць да ўлады прарасійскія сілы. Нешта такое адбылося на папярэдніх выбарах, калі ў першым іх туры яўка была 42,76%, а ў другім — 52,78%.

Аднак не факт, што гэтым разам зноў удасца ўвайсці ў тую ж раку, паколькі на цяперашніх выбарах мабілізацыі (магчыма, максімальна магчымай для Малдовы з яе спецыфікай) дзякуючы рэферэндуму ўдалося дасягнуць ужо ў першым туры — 51,64%. І магчыма, што акурат гэтага рэзерву для яе цяпер не існуе. Дарэчы, на выбарах 2016 года, на якіх Санду спаборнічала з Ігарам Дадонам і прайграла яму, яўка была падобная, прытым амаль аднолькавая для абодвух тураў — 50,95% і 53,45% адпаведна.

Вынікі галасавання на прэзідэнцкіх выбарах 2024 года. Жоўтым пазначаныя раёны, дзе большасць атрымала Мая Санду, чырвоным — дзе ў асноўным галасавалі за Аляксандра Стаяногла. Сінім пазначаны Фалешцкі раён — адзіны, дзе перамог Рэната Усаты. Гэты раён, дарэчы — радзіма і яго, і самой Маі Санду

Выхад Малдовы з прарасійскай палітычнай арбіты, які ў апошнія гады здаваўся непазбежным хоць бы нават з-за самога геаграфічнага становішча краіны і нібыта дыскрэдытацыі прарасійскага вектара пасля развязвання Пуціным поўнамаштабнай вайны ва Украіне, ставіцца пад пытанне.

Відавочна, што арыентацыя на Усход, а не на Захад (ці прыхільнасць да ідэі «нейтралітэту», што на практыцы грае на карысць толькі Маскве), мае ў гэтай краіне вельмі шмат прыхільнікаў, і гэта не толькі жыхары маленькай Гагаузіі ці населенага збольшага балгарамі суседняга Тараклійскага раёна на поўдні, дзе падтрымка такіх ідэй увогуле татальная.

Вынікі галасавання па рэгіёнах Малдовы на прэзідэнцкіх выбарах 2016 года. Фота: Wikimedia Commons

Вынікі галасавання па рэгіёнах Малдовы на прэзідэнцкіх выбарах 2016 года. Фота: Wikimedia Commons

Застаецца актуальным і ранейшы рэгіянальны электаральны падзел на ў асноўным прарасійскую поўнач і ў асноўным праеўрапейскі цэнтр, а таксама поўдзень, які вагаецца (за выключэннем татальна прарасійскіх Гагаузіі і Тараклійскага раёна). Несумненна, што прарасійскія і антызаходнія сілы падтрымліваюць не толькі прадстаўнікі нацыянальных меншасцяў, але шмат хто і з саміх малдаван. Тым больш што і ў тых раёнах, дзе праеўрапейскія сілы нібыта перамагаюць, іх перавага, як правіла, не татальная.

У Тараклійскім раёне за Санду гэтым разам прагаласавала ўсяго 4,4% выбаршчыкаў, а ў Гагаузіі — увогуле толькі 2,3% (падобныя лічбы і па рэферэндуме).

У Кішынёве ж, сталіцы Малдовы, у цэлым, як і заўсёды, перамагла Санду, але і там ёсць раён Батаніка, які галасаваў супраць еўраінтэграцыі (хоць Санду ўсё ж і там набрала там больш за Стаяногла). І нават немалдаўскае паходжанне канкурэнта цяперашняй прэзідэнткі (Стаяногла гагауз), для прарасійскіх выбарцаў калі і мае значэнне, то не асабліва вялікае.

У цэлым выглядае на тое, што нават калі Маі Санду ўдасца захаваць свае паўнамоцтвы на другі тэрмін, то яе перавага будзе, як і на рэферэндуме, зусім мінімальная. І гэта, як і хутчэй няўдалы рэферэндум, будзе мець уплыў на магчымасць эфектыўнага правядзення ёй сваёй палітыкі.

Праўда, у Малдове прэзідэнт не мае вырашальнага ўплыву на палітыку, гэта ўсё ж парламенцкая рэспубліка, а ў парламенце пасля выбараў 2021 года партыя Санду «Дзеянне і салідарнасць» пакуль што мае большасць. Але новыя выбары ўжо не за гарамі, і таму празаходнім сілам трэба ўжо цяпер брацца за працу над памылкамі. Думаючы ў тым ліку не толькі пра тое, як павялічыць ці ўтрымаць сваю ўласную папулярнасць, але і пра тое, як нейтралізаваць прамы ці ўскосны ўплыў на вынікі выбараў з боку Расіі. Апошні вырашае, вядома, не ўсё, але Крэмль укладае ў затрыманне Малдовы ў сваёй арбіце вялізныя сродкі і дзейнічае праз сетку сваіх агентаў уплыву.

І тое самае адносіцца і да Беларусі, у якую Масква ўкладае нашмат больш, чым у Малдову. Праўда, у ёй пакуль што магчымасці рэальна галасаваць няма зусім. Але так будзе не заўсёды.

Санду заявіла аб беспрэцэдэнтных фальсіфікацыях і паабяцала зрабіць высновы

Інтрыга захоўваецца на выбарах і рэферэндуме ў Малдове

Азаронак перастараўся, перажываючы за малдаван Расіі

У Малдове выбары і рэферэндум па курсе на Еўрасаюз. Расія пайшла ва-банк

Хто такія гагаузы і чаму выступаюць у падтрымку Расіі

Алесь Сантоцкі