Партугалія адмовілася выдаваць гуманітарныя візы, нягледзячы на ранейшую згоду

Аб прычыне такога раптоўнага кроку даведалася выданне The Insider.

24.10.2024 / 22:01

Горад Порта ў Партугаліі. Ілюстрацыйнае фота: pexels.com

Парламент Партугаліі адхіліў законапраект, згодна з якім мігранты, якіх пераследуюць на радзіме, маглі б атрымліваць гуманітарныя візы ў краіне. Нягледзячы на тое, што законапраект прайшоў усе чытанні, у фінальным галасаванні яму не хапіла галасоў, бо дзве партыі — Сацыял-дэмакратычная партыя (PSD) і Дэмакратычны і сацыяльны цэнтр (CDS) — раптоўна змянілі сваю пазіцыю.

Аб гэтым паведамляе The Insider са спасылкай на актывіста з Расіі Паўла Елізарава, які з'яўляецца членам партыі «Ліберальная ініцыятыва», якая і прапанавала законапраект аб гумвізах.

Па яго словах, законапраект з самага пачатку выклікаў моцны супраціў з боку антымігранцкай ультраправай партыі Chega, якая сцвярджала, што дакумент падтрымліваюць толькі «здраднікі», якія жадаюць зрабіць з нелегалаў партугальцаў. Потым да іх раптоўна далучыліся PSD і CDS, якія менш за два тыдні таму яшчэ галасавалі ў падтрымку ўвядзення гумвіз.

«Адзін з аргументаў праціўнікаў законапраекта складаўся ў тым, што консульствы не маюць права прымаць рашэнні па пытаннях прытулку іншаземцам. Аднак гэты аргумент некарэктны, бо аб гэтым у дакуменце і не ішло гаворкі», — адзначае член партугальскай партыі «Ліберальная ініцыятыва» Павел Елізараў.

Паводле Елізарава, той крытыкаваў пазіцыю праціўнікаў законапраекту, заяўляючы, што гуманітарная віза, наадварот, упарадкавала б працэс падачы заявак на прытулак, што цяпер і без гэтага часта робіцца праз нелегальныя шляхі або з выкарыстаннем турыстычных віз.

Закон, у выпадку прыняцця, павінен быў дазволіць людзям, якіх пераследуюць на радзіме, асабліва грамадзянам Беларусі, атрымаць гуманітарную візу ў партугальскім пасольстве любой краіны і, прыехаўшы, папрасіць у ёй палітычны прытулак. Турыстычную ж візу трэба атрымліваць у краіне грамадзянства ці ў іншай краіне — пры наяўнасці ДНЖ.

Раней дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка дзякаваў парламенту Партугаліі за тое, што той намагаўся дазволіць выдачу гуманітарных віз.

Як атрымаць шэнгенскую візу ў Беларусі самастойна. Практыка і парады

Беларусам пад міжнароднай абаронай у Польшчы стане прасцей зрабіць запрашэнні на візу для сваякоў

Пасля артыкула «Нашай Нівы» стваральнікі банкноты БРІКС размылі яе выяву. Але памылкі ўсё роўна бачныя

Nashaniva.com