Пасля артыкула «Нашай Нівы» стваральнікі банкноты БРІКС размылі яе выяву. Але памылкі ўсё роўна бачныя
Нагадаем, што Пуціну на саміце ў Казані эксклюзіўна паказалі прататып агульнай валюты БРІКС, але мы адшукалі яе арыгінальны малюнак і знайшлі там шэраг грубых недакладнасцяў, асабліва датычных беларускага дзяржсцяга.
З каталога афіцыйнага сайта расійскага Навукова-тэхнічнага цэнтра АРМ-Рэгістр зніклі ўсе выразныя малюнкі працоўнага прататыпу адзінай банкноты БРІКС наміналам 50 умоўных адзінак, экзэмпляр якой быў учора паказаны Уладзіміру Пуціну на саміце арганізацыі ў Казані.
Цяпер замест выразных малюнкаў на сайце-крыніцы стаяць моцна размытыя выявы з вадзяным знакам кампаніі АРМ-Рэгістр. Адбылося гэта праз некалькі гадзін пасля выхаду артыкула «Нашай Нівы» пра тое, што сабой уяўляюць арыгінальныя выявы банкноты БРІКС, і колькі ў яе дызайне было знойдзена памылак.
Падобнае размыванне выяў звычайна робіцца дзеля таго, каб схаваць агрэхі ад чужых вачэй. Аднак яны ўсё роўна бачныя.
Так, на пярэднім баку банкноты на сцягі асноўных членаў БРІКС непрапарцыйна нагрувасцілі архітэктурныя будынкі і элементы. А ў цэнтральным коле, які ствараюць сабой сцягі, напісаныя назвы ўсіх пералічаных краін, акрамя Кітая, бо, як становіцца бачна, іерогліфы проста не ўлезлі туды з-за выявы высокага цмока.
У той жа час на зваротным баку банкноты сцягі адлюстраваныя ў яшчэ больш дзіўнай форме, быццам крутаверць ці варонка, якая засмоктвае ў сябе ўсе краіны-удзельніцы БРІКС. Засталася і праблема з лукашэнкаўскім дзяржаўным сцягам — зялёны колер апынаецца ўверсе, а чырвоны — унізе, бо ўсе астатнія сцягі глядзяць у цэнтр.
Такім чынам сцяг Беларусі і сцяг ПАР, асноўнага члена БРІКС (сцяг рэспублікі намаляваны дагары нагамі ў адносінах да цэнтра купюры), з'яўляюцца адзінымі няправільна адлюстраванымі сярод усіх астатніх.
Трохі кантэксту: яшчэ да саміту БРІКС у Казані Пуцін станоўча выказваўся пра магчымасць стварэння агульнай валюты БРІКС і новай сістэмы міжнародных разлікаў, альтэрнатыўнай SWIFT, «дзеля эфектыўнай барацьбы з далярам і лепшага пазбягання фінансавых абмежаванняў з боку Захаду».
А ўчора на саміце Пуцін адзначыў, што Расія «вымушана шукаць альтэрнатыву даляру, бо сам Захад абмяжоўвае яго выкарыстанне для Масквы».
Каментуючы падзею, прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў заявіў, што паказаная Пуціну купюра «сімвалізуе агульную працу, якая вядзецца ў рамках БРІКС», але пры гэтым дадаў, што банкнота не спадабалася старшыні Цэнтрабанка Расіі Эльвіры Набіулінай.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары