Беларус, якога закранула апошняя масавая аблава КДБ, расказаў, як праходзілі ператрус і допыт
Дзмітрый (імя зменена) разам з сям'ёй жыў у беларускім райцэнтры. У канцы кастрычніка да яго дадому прыйшлі супрацоўнікі КДБ. Мужчына стаў адным з тых, каго закранула маштабная хваля затрыманняў, падчас якой, паводле ацэнак «Байсол», затрымалі каля 80 чалавек. Беларус расказаў «Люстэрку», як праходзіў ператрус і чым цікавіліся супрацоўнікі КДБ.
06.11.2024 / 22:30
Будынак КДБ у Мінску. Здымак ілюстрацыйны
«Тэлефон, ноўтбук — усё гэта адразу прынялі»
«Была восьмая раніцы. Да мяне дадому прыйшлі пяцёра мужчын: трое — супрацоўнікі КДБ, двое — панятыя. Я паспеў у тэлеграме, што там было стромнае, выдаліць, — успамінае Дзмітрый. — Ператрус быў не такі, як у фільмах, што ўсё перавярнулі. Проста акуратна лазілі, глядзелі. Тэлефон, ноўтбук — усё гэта адразу прынялі. Знайшлі адразу там падпіску ў інстаграме [на старонку, якую беларускія ўлады лічаць экстрэмісцкай]. Яна ў мяне была адзіная, я забыўся пра яе, калі шчыра. І ўсё, тыпу, гэтага ўжо хапае [для затрымання]».
Падчас ператрусу Дзмітрый даведаўся, што прычына візіту сілавікоў — удзел у адной з анлайн-ініцыятыў (яна не называецца дзеля бяспекі суразмоўцы). Пастанова аб правядзенні ператрусу падпісаная генеральным пракурорам Беларусі Андрэем Шведам. Згодна з дакументам, справай займаецца цэнтральны апарат Следчага камітэта.
Сутнасць справы ў дакуменце не выкладзеная, аднак пералічаныя шэсць крымінальных артыкулаў: ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве); ч. 1 арт. 357 (змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу або ўтрымання дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам); ч. 3 арт. 361 (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый)); чч. 1-3 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім); арт. 361-2 (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці); ч. 2 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
Імя самога Дзмітрыя ў гэтым дакуменце не было, але быў адрас і фармулёўка, што «ў названай кватэры і падсобных памяшканнях могуць знаходзіцца прылады і сродкі здзяйснення злачынства, прадметы, дакументы і каштоўнасці, якія могуць мець значэнне для крымінальнай справы».
Сілавікі вывучылі гаджэты тых, хто быў дома, і знайшлі ў перапісках Дзмітрыя згадку ініцыятывы, якая іх цікавіць. У выніку менавіта яго забралі на допыт у мясцовы аддзел КДБ.
«Мы хочам, каб вы хоць неяк нам аказаліся карысныя»
Дзмітрыя па чарзе дапытвалі некалькі супрацоўнікаў. Першапачаткова гаворка ішла пра анлайн-ініцыятыву, згадку якой знайшлі ў перапісках. Мужчына сцвярджаў, што ні ў чым не ўдзельнічаў, а суразмоўцы ціснулі, што іх даныя кажуць пра адваротнае. Былі і больш агульныя пытанні.
«Яны мяне пыталіся, ці знаёмы я з Ціханоўскай, з Латушкам, нейкія яшчэ прозвішчы называлі, якіх я не ведаю. Ці ўмею я бомбы збіраць і весці бой. Напэўна, у іх ёсць такі стандартны набор пытанняў для «экстрэмістаў». Дарэчы, увогуле не палохалі. Ветліва, карэктна. Толькі два супрацоўнікі — суровыя, [звярталіся] на ты, з матам. Не казалі «мы цябе закрыем, ніколі не выйдзеш». Наадварот, я так разумею, ім хацелася неяк мяне схіліць да нейкага супрацоўніцтва».
Допыт праходзіў у родным горадзе Дзмітрыя. Ён звярнуў увагу: сілавікі то гаварылі, што не знаёмыя з горадам, то — што знаёмыя. Мужчына не зразумеў, што з гэтага было праўдай.
Па асабістых прычынах Дзмітрый рэгулярна бывае за мяжой. Супрацоўнікаў КДБ гэты факт зацікавіў. Яны задалі мноства пытанняў пра мэту паездак і ягоныя знаёмствы ў іншай краіне. Таксама яны вельмі зацікавіліся матэрыяламі, якія знайшлі на прыладах мужчыны.
«Прапаноўвалі, натуральна, каб я каго-небудзь выдаў. Ну, гэта значыць я так зразумеў, — тлумачыць Дзмітрый. — Адкрыта не сказалі, але былі такія напаўпразрыстыя намёкі: «Мы хочам, каб вы хоць неяк нам аказаліся карысныя», «А можа, вы ведаеце нейкіх пратэстоўцаў, хто яшчэ не панёс пакаранне?», «А можа, нейкія касякі ў міліцыянераў ці ў выканкаме?» Я кажу: «Ні з кім я не знаёмы, нічога такога не было».
«Супрацоўніцтва» па чарзе прапаноўвалі некалькі супрацоўнікаў КДБ, яны спрабавалі ціснуць на мужчыну, лавілі яго на хлусні, у нейкі момант «матам паднаехалі». Дзмітрый настойваў, што нікога не ведае.
«Яны ўсе пайшлі раіцца. Потым прыйшоў гэты начальнік каманды, які мяне браў. «Апошняя вам прапанова: ведаеце якіх-небудзь «пратэстуноў», якіх можна яшчэ закрыць?» — «Не ведаю». — «Ну, окей, тады паехалі афармляцца ў ГУУС», — успамінае беларус».
«Нейкім цудам выпусцілі»
У міліцыю Дзмітрыя прывезлі разам са смартфонам. Там на яго аформілі пратакол за «падпіску» паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама выраб, выданне, захоўванне альбо перавозка з мэтай распаўсюджвання такой інфармацыі).
«Міліцыя ўжо была жорсткая. Не білі, але ўжо да мяне на ты. Казалі: «Што вы тут усё робіце? З'язджайце, калі вам не падабаецца краіна і радзіму не любіце — валіце на хрэн», — успамінае ён.
Мужчыну адвезлі дадому, дазволілі пераапрануцца ў «камернае» — спартыўныя штаны і красоўкі без шнуркоў. Далей ён трапіў у ізалятар, суткі правёў у чаканні суда. Суд даў яму штраф.
«Шчыра кажучы, я думаў, што будзе ці 15 сутак, а потым крымінальную справу завядуць, ці адразу завядуць крымінальную справу. Але нейкім цудам яны ўсё ж такі выпусцілі. Ці ў іх яшчэ шмат працы, як я цяпер бачу», — разважае суразмоўца.
Дзмітрый вырашыў пакінуць Беларусь з-за боязі за ўласную бяспеку. Падчас допыту яму намякалі, што «цяпер будуць часта з ім бачыцца».
Мужчына змог перасячы мяжу самастойна. У новай краіне ў яго ёсць дзе спыніцца, але пра доўгатэрміновыя планы пакуль казаць не даводзіцца.
«Гэта значыць маё жыццё ператварылася незразумела ў што, — разважае ён. — Меў сацыяльны багаж і працу дома, і сям'ю. Цяпер я беспрацоўны, палітычны эмігрант хрэн ведае дзе. Такая вось гісторыя. Ужо калі я чытаў гэтыя навіны — зразумеў, што не адзін».
Сацыял-дэмакраты паведамілі пра затрыманні сярод сваіх сяброў
На мінулым тыдні ў Бабруйску прайшоў рэйд сілавікоў
Сталі вядомыя новыя падрабязнасці затрыманняў і ператрусаў на мінулым тыдні
Вялізная хваля затрыманняў — стала зразумела, на каго гэтым разам палявалі КДБ і ГУБАЗіК
На зіму запланаваныя масавыя затрыманні, складзеныя «першы і другі спісы»