Выбірайце пупочныя апельсіны — яны смачнейшыя!
Гэта не проста нейкі бракаваны плод, а асобны гатунак. Чым большы пупок, тым саладзейшы апельсін.
15.11.2024 / 23:44
Пупочны апельсін
Апельсін даўно не экзотыка. Нікога не здзівіш разнастайнасцю відаў памаранчаў — чырвоныя, мандарынавыя або яфскія. Аднак асаблівую ўвагу варта звярнуць на пупочныя апельсіны.
Мы ўпэўнены, што кожны хоць раз за сезон набываў апельсін, які, акрамя асноўнага плоду, мае яшчэ адзін недаразвіты, добра заўважны звонку дзякуючы ямачцы, якая нагадвае чалавечы пупок. Мала хто ведае, што гэта не проста нейкі бракаваны плод, а асобны гатунак.
Аказваецца, упершыню такія плады вывелі ў Бразіліі ў пачатку XIX стагоддзя. У 1820 годзе манахі аднаго з манастыроў у штаце Бая заўважылі на адным з апельсінавых дрэў незвычайную мутацыю звычайнага салодкага апельсіна. Прычым прырода сама падбала пра тое, каб гэты апельсін не меў унутры насення.
За некалькі дзесяцігоддзяў пупочныя апельсіны набылі папулярнасць у іншых краінах. Напрыклад, у канцы XIX стагоддзя іх прывезлі ў Каліфорнію, дзе яны сталі важнай сельскагаспадарчай культурай.
Насення няма, таму гэты гатунак размнажаюць чаранкаваннем, дзякуючы чаму пупочны апельсін, які мы сёння ямо, з'яўляецца генетычна ідэнтычным таму, што елі людзі два стагоддзі таму. Цікавы факт: у каліфарнійскім горадзе Рыверсайд дагэтуль захавалася дрэва гэтага гатунку з першай партыі, калісьці прывезенай з Бразіліі.
У ЗША пупочныя апельсіны з'яўляюцца самым распаўсюджаным гатункам. Яны надта папулярныя, бо і костачак у іх няма, і лічацца больш смачнымі ў параўнанні з іншымі відамі: маюць салодкі з кіслінкай смак і выразны водар.
Пупочныя апельсіны выдатна падыходзяць для соку, салатаў ці перакусу.
Пры выбары ў магазіне эксперты раяць звяртаць увагу на апельсіны з ярка выражаным пупком — з вялікай імавернасцю такі плод будзе з сакавітай і салодкай мякаццю.
Чым большы пупок, тым саладзейшы апельсін.
Акрамя пупка, важна таксама звярнуць увагу на іншыя прыкметы якасці: плод павінен быць цвёрды навобмацак і важкі (высахлы — значыць, пералежалы).
Абавязкова панюхайце апельсін — павінен адчувацца свежы, прыемны цытрусавы пах.
Колер жа цяпер не вырашальны фактар, бо нярэдка вытворцы штучна фарбуюць апельсіны (так, так!) або пакрываюць воскам.
Сацсеткі ахапіў «тэст апельсінавай лупіны», які правярае адносіны з партнёрам на трываласць
Простая задача на логіку: яблыкі ці апельсіны?
Як зрабіць безалкагольны глінтвейн — рэцэпт і сакрэты