Як беларусы жылі па драўляным календары. Усё жыццё змяшчалася на простым кійку
Адзіны беларускі разьбяны драўляны каляндар, які захаваўся, сёння захоўваецца ў расійскім музеі.
24.11.2024 / 15:55
Фрагмент драўлянага календара. Фота: Ілля Бутаў
Разьбяныя драўляныя календары, якія маюць выгляд бруска ці кія з нанесенымі на іх засечкамі і адмысловымі знакамі, вядомы на тэрыторыі краін Скандынавіі, Балтыі, Рускай Поўначы, Балгарыі і ў іншых рэгіёнах. На іх адмысловай сістэмай засечак пазначаны дні, тыдні, месяцы і нерухомыя царкоўныя святы.
Пра выкарыстанне такіх календароў беларусамі амаль нічога не было вядома. Таксама вядомы карэц-браціна XVI стагоддзя, выяўленая ў Гродне (але да гэтага, магчыма, экспанаваўся ў музеі Магілёва) з меркаванымі выявамі знакаў задыяка альбо сімвалічнымі выявамі месяцаў.
Браціна-карэц, або рытуальны коўш XVI стагоддзя з задыякам. Музей беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах
Нягледзячы на абмежаванасць звестак пра беларускія драўляныя календары, ёсць адзін артэфакт, пра які доўгі час не было вядома.
У пачатку XX стагоддзя знакаміты этнограф Аляксандр Сержпутоўскі выявіў на тэрыторыі Слуцкага павета драўляны кій з засечкамі, які падобны да паўночных календароў. Ён перадаў яго ў Расійскі этнаграфічны музей, дзе той захоўваецца дагэтуль.
У навуковы абарот гэты ўнікальны артэфакт быў уведзены беларускімі навукоўцамі зусім нядаўна. У 2021 годзе быў апублікаваны грунтоўны артыкул Іллі Бутава і Змітра Скварчэўскага, у якім былі раскрытыя падрабязнасці драўлянага календара.
Царква ў Чудзіне ў 1934 годзе. Фота: Wikimedia Commons
Сёння каляндар экспануецца ў раздзеле, прысвечаным Беларусі. Паводле запісу ў вопісе, ён быў атрыманы ад Сержпутоўскага ў 1918 годзе, а да гэтага знаходзіўся ў вёсцы Чудзін Слуцкага павета Мінскай губерні. Цяпер гэтая вёска знаходзіцца ў Ганцавіцкім раёне Брэсцкай вобласці.
Хутчэй за ўсё, каляндар быў выразаны ў XIX ст., але з ранейшага ўзору. Гэта драўляны кіёк з 365 насечкамі на кожны дзень невысакоснага года і вертыкальныя лініямі, якімі ён падзелены на 26 частак-тыдняў. Адзін бок змяшчае паўгоддзе з сакавіка па жнівень, а другі — з верасня па люты.
Таксама на кій нанесены абазначэнні святочных дзён і знакі сахі, касы, сярпа, цэпу і падковы.
Выявы на гранях календара (прамалёўка Д. Собаль)
Выявы сельскагаспадарчых прылад можна суаднесці з адпаведным працоўным перыядам: саха (знаходзіцца паміж 1 і 6 сакавіка) — вясна, каса (паміж 27 чэрвеня і 4 ліпеня) і серп (паміж 25 ліпеня і 1 жніўня) — лета, падкова (паміж 27 кастрычніка і 3 лістапада) — восень, цэп (паміж 29 снежня і 5 студзеня) — зіма. Падобныя выявы сустракаюцца на пераважнай большасці вядомых драўляных календароў у краінах Паўночнай Еўропы.
Выява цэпа на календары. Фота: Ілля Бутаў
На беларускім артэфакце для пазначэння свят выкарыстана не ідэнтыфікаваная да канца сістэма знакаў на бакавых гранях: малыя і доўгія рыскі, касыя рыскі, знак, падобны да літары Т, знакі ў выглядзе лацінскай літары V і г. д. Умоўна ўсе знакі можна падзяліць на асноўныя для гадавых свят, і дадатковыя, якія пазначаюць перыяды галоўных сельскагаспадарчых работ.
Новы год у найбольш пашыраных тыпах разьбяных календароў з іншых праваслаўных рэгіёнаў мог пачынацца ці з 1 сакавіка, ці з 1 верасня, што адпавядае архаічнай вясковай традыцыі. Пачатак года на гарадзенскім каляндарным каўшы знаходзіцца ў сакавіку. У календары-кійку год таксама адлічваецца з сакавіка, на што ўказвае месцазнаходжанне месяца на пачатку грані.
Выявы на календары: серп; падкова. Фота: Ілля Бутаў
Усе адзначаныя на календары святы з’яўляюцца нерухомымі, таму ён актуальны і ў невысакосныя, і ў высакосныя гады. Калі адлічваць год з 1 сакавіка, то ў календары са Слуцкага павета ў вылучаюцца знакамі наступныя даты:
1 сакавіка — Аўдокі (Прападобнай мучаніцы Еўдакіі), 9 сакавіка — Саракі, 25 сакавіка — Дабравешчанне (Звеставанне), 23 красавіка — Юр'я, 8 мая — Мікольны Іван, 9 мая — Мікола, 24 чэрвеня — Купало, 29 чэрвеня — Пятро, 20 ліпеня — Ілля, 1 жніўня — Макавей, 6 жніўня — Іспас, 16 жніўня — Спленне, 29 жніўня — Галавасек, 8 верасня — Багатнік, 14 верасня — Узвіжанне (Чэсны крыж), 26 верасня — Багаслоў, 1 кастрычніка — Пакровы, 8 кастрычніка — невядомае свята, 22 кастрычніка — Казанская, 21 лістапада — Зведзенне, 6 снежня — Мікола, 25 снежня — Першая Каляда, 1 студзеня — Другая Каляда (Васілле), 6 студзеня — Трэцяя Каляда (Вадохрышча), 2 лютага — Грамніцы.
Гэта ўсё святы, характэрныя для праваслаўнай царквы і вядомыя ў народнай традыцыі рэгіёна, з якога паходзіць артэфакт.
Адзіная пазнака, што выклікае цяжкасці ў інтэрпрэтацыі, адносіцца да 8 кастрычніка. У беларускім народным календары гэты дзень фактычна ніяк не адлюстраваны. Ёсць адзіная згадка ў літаратуры, што ў гэты дзень адзначаецца прысвятак Трыфана і Пелагеі. Але гэта занадта дробны прысвятак, каб пазначаць яго сярод астатніх значных свят.
Так што гэта пакуль загадка, якую гісторыкі не разгадалі. Калі ў вас ёсць тлумачэнне, пішыце нам у каментах да артыкула.
Выявы на календары: саха; каса. Фота: Ілля Бутаў
Магчыма, гэта пазнака нейкага мясцовага фэсту, які ўзнік не на падставе царкоўнага свята, а ў выніку нейкага цудоўнага прэцэдэнту ці надзвычайнай сітуацыі. Наяўнасць гэтай даты на разьбяны календара з вёскі Чудзін можна вылучыць у якасці яго адметнай асаблівасці.
У адрозненне ад большасці падобных календароў на беларускім адсутнічаюць пазначэнні дзён шанавання мясцовых святых. Толькі найбольш значныя гадавыя святы, якія маюць важнае значэнне ў беларускай народнай культуры і спалучаюць дахрысціянскія і хрысціянскія звычаі.
Хоць сімвалы, што пазначаюць святы, і маюць стылістычнае падабенства са знакамі на іншых календарах, прамых супадзенняў і аналагаў, якія дазваляюць казаць пра запазычванні ці агульную традыцыю, не выяўлена.
Доўгая прамая лінія на календары пазначае дванадзясятыя гасподнія і багародзічныя святы праваслаўнай царквы. Аналагічны знак пазначае 1 студзеня, дзень Святога Васіля Вялікага, якое злучаецца са святам Абразання. Апошняе, у сваю чаргу, з’яўляецца гасподнім (хоць і не дванадзясятым). Гэта сведчыць пра тое, што разьбяр ці даволі добра ведаў праваслаўны каляндар, ці карыстаўся нейкім правільным узорам.
Другая выразная група свят пазначаецца знакам у выглядзе лацінскай літары V. Гэта дні шанавання значных святых — Георгія Пераможцы, Мікалая, Пятра і Паўла, Іаана Хрысціцеля, Іаана Багаслова.
Выключэннем з’яўляецца свята Нараджэння Іаана Хрысціцеля, пазначанае вертыкальнай лініяй. У той жа час свята Усекнавенне галавы Іаана Хрысціцеля таксама пазначаецца стандартным знакам у выглядзе літары V.
Зразумелым з’яўляецца выкарыстанне выявы крыжа, а не доўгай лініі для пазначэння Хрышчэння, якое адзначаецца 6 студзеня. Т-падобным знакам пазначана 8 кастрычніка, якому адпавядае пакуль неідэнтыфікаванае свята, і 1 жніўня — свята Макавей. Імаверна, гэта можа быць сведчаннем наяўнасці нейкай сувязі паміж святамі.
Рунічныя драўляныя календары на гравюры О. Магнуса з кнігі «Historia de gentibus septentrionalibus» (1555)
Г-падобны знак, якім пазначаная 20 ліпеня, дзень памяці святога Іллі, можна з асцярожнасцю патлумачыць як выяву сякеры, пераасэнсаванне зброі святога ў іканаграфіі. На скандынаўскіх календарах знакам сякеры пазначаецца дзень памяці святога Олафа.
Як адзначала ў 1938 г. К. Крыварукава з сяла Ям Пскоўскай вобласці, час раней «лічылі па тыднях» і «на сцяне зарубачкам і кручочкам адзначалі»». Захаваліся сведчанні пра тое, што на тэрыторыі Беларусі таксама практыкаваліся падобныя спосабы складання календароў.
Каляндар са Слуцкага павета (у цэнтры) у экспазіцыі Расійскага этнаграфічнага музея. Фота: Ілля Бутаў
Засечкі на календары са Слуцкага павета, якія пазначаюць колькасць дзён, аналагічны засечкам на касцяных падліковых бірках, якія былі знойдзены пры раскопках у Брэсце і датуюцца канцом XII — пачаткам XIV ст. Дзве такія біркі знаходзяцца ў экспазіцыі археалагічнага музея «Бярэсце».
Якога святога заступніка выбраць квадроберам?
У вежы Шчытоўка Наваградскага замка збіраюцца зрабіць музей
Гісторык заўважыў заканамернасць у тым, як часта гарэла Берасце
У Будслаўскім касцёле раскрылі невядомыя раней роспісы