Дзіцячыя малюнкі з краказябрамі Юрый Іваноў выдае за рукапісы беларускага першадрукара Францыска Скарыны часоў яго малдаўскага перыяду. На інфармацыі з танных фальшывак ён будуе фантастычную альтэрнатыўную гісторыю, якую ахвотна тыражуюць у беларускіх навуковых часопісах. Распавядаем, хто ён такі і навошта яму гэта трэба.
На гэтую гісторыю мы выйшлі яшчэ ў часе напісання артыкула пра выдуманае імя Скарыны «Георгій». Тады мы проста пасмяяліся і адклалі яе ў шуфлядку, але зноў да яе вярнуцца прымушаюць адразу дзве падзеі — смерць наіўнага беларускага вучонага і новае развіццё гісторыі.
Радша, які збудаваў Каложу
Новым развіццём стала нядаўняя публікацыя пра продка Пушкіных, які быццам бы пабудаваў Каложскую царкву. Пры чым тут Скарына?
Па паданні нейкі цівун кіеўскага князя Радша быў прамым продкам Пушкіных, што дазваляла рускаму паэту Аляксандру Пушкіну даводзіць сваё шасцісотгадовае дваранства. У маі 2024 года на адным расійскім сайце з’явіўся дзівосны па сваім змесце артыкул «Паходжанне «сумленнага мужа» Радшы — заснавальніка роду Пушкіных у малдаўскіх талкавінскіх летапісах Георгія Францыска Скарыны» за аўтарствам нейкага Юрыя Іванова.
Артыкул з першага погляду выглядае грунтоўным і навукападобным: тут ёсць і цытаты, і спасылкі на крыніцы, падрабязныя апісанні ілюстрацый з датамі — ўсё як мае быць. Пакачаваўшы па некалькіх расійскіх сайтах, ён нарэшце трапіў на вочы гродзенскаму краязнаўцу і блогеру Яўгену Аснарэўскаму, на чыю кнігу аўтар спасылаецца, апісваючы Каложскую царкву.
Краязнаўца заўважыў, што ў артыкуле аўтар даводзіць, што Радша Уласціміравіч быў ваяводам князя Рагвалода, сына знакамітага полацкага манарха Усяслава Брачаслававіча, і разбіў у раёне Гродна літоўскія раці ў XII стагоддзі. У гонар гэтай перамогі над язычнікамі, ён быццам бы пабудаваў у горадзе Каложскую царкву на месцы больш старога храма і з выкарыстаннем яго фрагментаў.
Гэтыя звесткі Іваноў быццам атрымаў з фрагментаў русінска-ціверскага (талкавінскага) летапіснага зводу жыхара малдаўскага горада Рышканы. Гэтыя талкавіны быццам бы былі язычнікамі-качэўнікамі з тэрыторыі сучаснай Малдовы. І вось тут на сцэну раптам урываецца беларускі першадрукар — аркушы, дзе быццам бы змешчаны звесткі пра Радшу і ягоны радавод, стварыў Георгій (Юрга) Францыск Скарына ў «малдаўскі перыяд» свайго жыцця з 1550 па 1572 год.
Аўтар не спыняецца на гэтым, ён публікуе фотаздымкі гэтых аркушаў, выкананых быццам Скарынам італьянскім алоўкам у 1552 годзе. Яны, па словах Іванова, служылі макетам у працэсе выканання заказу Уласціміравічаў, якія жылі ў Старой Рашцы (цяпер Вадул-Рашкаў). Калі чытаць толькі гэты тэкст, то ў простага абывацеля можа скласціся ўражанне, што ўсё гэта магло быць.
Але дастаткова паглядзець на гэтыя аркушы Скарыны, каб усё стала зразумела. Паверыць у сапраўднасць гэтых дзіцячых малюнкаў з тэкстам, набраным з краказябраў, можа зусім наіўны чалавек або такі ж ашуканец, як і сам Юрый Іваноў.
Вядома, што царква ў Каложы была закладзена гарадзенскім князем Мсціславам Усеваладавічам у гонар святых заступнікаў яго памерлых братоў-князёў Барыса і Глеба. Пра іхнюю сястру, якая збегла пасля смерці мужа да палавецкага хана, мы таксама нядаўна пісалі.
Ніякага імя «Георгій» Скарына ніколі не насіў, яно ўзнікла як памылка нядбайнага канцылярыста, які пры стварэнні копіі з «прагматычнай санкцыі» Скарыны прыняў эпітэт egregius (выдатны) за ўласнае імя Georgij. Гэтая адзінкавая згадка была падхоплена ў Расіі, каб прылічыць Скарыну да руска-праваслаўнага пантэону выдатных дзеячаў, куды з відавочна каталіцкім імем Францыск уваход быў непажаданы. Гэты міф быў канчаткова разбураны выяўленнем арыгіналу «прагматычнай санкцыі», складзенай Скарынам. Але, відаць, не для ўсіх.
Ужо толькі з гэтых фактаў можна зрабіць выснову, што змест артыкула даволі маргінальны. Але адкуль увогуле ўзялася гісторыя пра малдаўскі перыяд у жыцці Скарыны?
Архівы талкавінаў і Юрга Скарына
Гісторыя пра малдаўскія прыгоды Скарыны паходзіць з таямнічых архіваў Юрыя Іванова. У 2017 годзе ў акадэмічным часопісе «Часопіс Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Сацыялогія», у якім, як сцвярджаецца, усе навуковыя артыкулы праходзяць абавязковае падвойнае сляпое рэцэнзаванне, быў апублікаваны артыкул Івана Чароты «Не хавацца ад ісціны: да скарыназнаўства без зыходнай зададзенасці».
Іван Чарота, які памёр тыдзень таму, быў заслужаным беларускім славістам і літаратуразнаўцам, доктарам філалагічных навук і загадчыкам кафедры славянскіх літаратур БДУ. Ён шмат перакладаў з іншых славянскіх моў на беларускую, асабліва з сербскай. З'яўляўся акадэмікам Сербскай Акадэміі навук і мастацтваў, членам прэзідыума праўладнага Саюза пісьменнікаў Беларусі і нават атрымаў прэмію «За духоўнае адраджэнне».
Ніякай заўважнай крытычнай рэакцыі артыкул не атрымаў. Яго ізноў надрукавалі ў 2019 годзе, ужо па-руску і з каляровымі ілюстрацыямі, у часопісе «Беларуская думка», які выдаецца Адміністрацыяй Лукашэнкі.
У артыкуле, як сам Чарота піша, ён знаёміць з вынікамі супрацоўніцтва з Юрыем Івановым, які даслаў яму копіі дакументаў, што быццам бы дасталіся яму ад бацькоў. Гэтыя дакументы, па ягоных словах, з’яўляюцца радавым архівам, што належыў «вялікім талкавінам Маладавіі», якімі былі ягоныя продкі.
На жаль, той артыкул занадта вялікі, каб разбіраць кожны сказ на праўдзівасць. Але і сам Чарота згаджаецца, што «жанр гэтай публікацыі не дазваляе грунтоўна разгледзець усё выяўленае, а тым больш разгорнута пракаментаваць яго».
Чарота піша, што атрымаў ад Іванова копіі некалькіх аркушаў. На першым дзве фігуры сядзяць адна насупраць іншай, паміж якімі стос кніг. Падпісаныя яны як «Вялікі Талкавін Цвердабой» і «Юрга Скарына Палацкі». Іваноў «расшыфраваў» і частку тэксту. Там аказалася дата ад нейкіх Вялікіх Дароў, ад якіх быццам вядзецца талкавінскае летазлічэнне, а па нашаму гэта 1542 год. На іншым баку тэкст з тлумачэннем, што Скарыну на малдаўскія землі запрасіла Алена Сербская, жонка гаспадара Пятра Стафанавіча, бо дала зарок надрукаваць пісанні пра сваіх сербскіх продкаў.
Звярніце ўвагу, што ў гэтыя гісторыі Івановым уплецена і сербская лінія, якая з'яўляецца магістральнай у даследаваннях Чароты.
У лютым 2017 года Чарота асабіста сустрэўся з Івановым на Міжнародным сімпозіуме літаратараў у Мінску, дзе той быццам бы паказаў яму арыгіналы тэкстаў. Пасля гэта Чарота пачаў выступаць з інфармацыяй пра рукапісы на навуковых канферэнцыях.
Іваноў аказаўся проста бяздонным калодзезем інфармацыі пра Скарыну, пасля ад'езду з Мінска ён раптам адшукаў у архіве яшчэ тры дакументы. У тым ліку прыбыццё Скарыны ў Малдаўскае княства ў 1520 годзе, а таксама пра паспешныя ўцёкі яго сюды з Прагі ў 1550 годзе.
А пасля ўвогуле дакумент, які сведчыў, што Скарына памёр 22 верасня 1572 года ў цяперашніх Рышканах, раённым цэнтры, дзе цяпер жыве Іваноў. Як зручна! Дзякуй Богу, што шкілет беларускага першадрукара ён яшчэ не раскапаў на мясцовых могілках.
У канцы Іваноў разышоўся яшчэ мацней, заявіўшы, што трымаў у руках, але пакуль не адшукаў талкавінскія рукапісы пра сустрэчу Скарыны з Іванам Фёдаравым, а таксама сенсацыйнае паданне пра падарожжа друкара ў Святую Зямлю, Персію і Індыю! Ахвотна верыцца, думаю, што калі добра пашукаць у архіве Іванова, то можна будзе адшукаць і крыж Ефрасінні Полацкай.
Усё ж, здаецца, варта трохі сказаць пра гэтыя аркушы. Яны зроблены на быццам бы старой паперы. Гэта не новая штука, для падробак часта выкарыстоўваюць чыстыя аркушы са старых выданняў.
Але самі выявы, наіўныя ў сваёй прастаце, абнуляюць любыя старанні прадставіць гэтыя аркушы за сапраўдныя. Яны намаляваныя каляровымі алоўкамі, а першая партыя алоўкаў для малявання была выпушчана ў 1908 годзе кампаніяй Faber-Castell. Зрэшты, у апошніх аркушах «ад Скарыны», ён перайшоў на звычайны чорны аловак, які выдае за італьянскі аловак на сажавай драўняна-вуглявой аснове. Нягледзячы на прыгожую назву, такія алоўкі прадаюцца ў любой канцылярскай краме.
Элементы афармлення і тэкст, напісаны загадкавым алфавітам, не маюць гістарычных аналагаў, іх немагчыма суаднесці ні з адной з эпох ці рэгіёнам — так не малявалі нідзе і ніколі. Здаецца, нават загадкавы манускрыпт Войніча, які многія лічаць містыфікацыяй, прасцей упісаць у стылістычны шэраг іншых твораў еўрапейскага пісьменства, чым аркушы Іванова.
І гэта яшчэ калі не закранаць розных дробязяў, як тое, што асобы на гістарычным малюнку сядзелі б не ў профіль, твар да твару, як у яго намалявана, а хутчэй бок у бок, тварам да чытача.
Няўмелы фальсіфікатар нават не пацікавіўся, навошта ў аркушаў старадаўніх кніг заўсёды такія шырокія палі, якіх на яго аркушах няма зусім. А робяць іх, каб не сціраць пальцамі тэкст пры гартанні і каб мышы, цвіль ці, не дай Бог, полымя, не адразу дабраліся да каштоўных ведаў.
Іваноў састарыў свае аркушы, як многія ў дзяцінстве — хаатычна вырываючы з розных бакоў невялікія кавалачкі матэрыі ці трохі падпальваючы запалкамі краі. Сапраўдныя пашкоджанні паперы выглядаюць зусім па-іншаму, кожны можна пераканацца ў гэтым, пашукаўшы ў інтэрнэце фотаздымкі рэстаўрацыі кніг і рукапісаў.
Чарота робіць у артыкуле некалькі нягеглых рэверансаў у бок сумневаў у сапраўднасці дакументаў, але далей сам жа сябе пераконвае ў іх праўдзівасці, прыгадваючы, што і сам знаходзіў нейкія кароткія запісы пра Скарыну, у якіх ён называецца сакратаром караля Дакіі («secretaries regis Datie» ці «Daciae»), то-бок тагачаснай Валахіі. Але тады яму быццам бы было «няёмка» іх публікаваць. Затое на схіле гадоў, навуковец, відаць, страціў былы сорам. Варта сказаць, што сёння з’яўляецца даказаным, што ў часы Скарыны Datiae называлася Данія, а не Дакія.
Артыкул Чароты завяршаецца безапеляцыйна:
«Аднак недавер да матэрыялаў Ю. Іванова, пра якія мы павялі гаворку, усё роўна можа захоўвацца. Каб развеяць яго, застаецца хіба што знайсці аргументаваны адказ на няхітрае пытанне: «Якая ж карысць магла быць камусьці ў Малдавіі ад прысваення нашага Георгія (Францыска) Скарыны?»
Сапраўды, якая і каму была карысць? І хто такі Юрый Іваноў, з якога ўсё пачалося?
Вялікі талкавін
Юрый Васільевіч Іваноў нарадзіўся 22 чэрвеня 1962 года. Сваёй роднай вёскай ён называе Нагараны Рышканскага раёна, што на поўначы Малдовы. У гэтым рэгіёне дагэтуль пражывае шмат украінцаў, а ў Нагаранах яны складаюць аж дзве траціны насельніцтва. Праўда, сам Іваноў да іх сябе не прылічае. Ягоны дзед быццам бы яго пераканаў, што яны ніякія не ўкраінцы, а хахлы-руснакі. Карыстаючыся русіфікаванасцю ўкраінцаў, Іваноў на сваёй радзіме змагаецца з «гвалтоўнай украінізацыяй».
Гэтая барацьба зайшла настолькі далёка, што Іваноў пачаў лічыць сябе нашчадкам славянскага племя талкавінаў, або ціверцаў, усходнеславянскага племені, якое рэальна існавала і рассялілася на тэрыторыі Малдовы ў IX стагоддзі. У якасці доказу ён паказваў журналістам нейкія «старадаўнія скрыжалі», на якіх быццам бы запісаныя дзеянні ягоных продкаў.
Талкавіны, паводле Іванова, былі жрэцкім саслоўем у ціверцаў. Яго продкам быццам бы ўдалося зберагчы невялікую частку архіва, а некаторыя дакументы нават змог па памяці (sic!) аднавіць ягоны дзед па вяртанні з вайны. Іваноў сцвярджае, што сёння ў ягоным архіве (ацэначна!) каля сотні аркушаў, якія ён патроху «дэшыфруе» і публікуе ў навуковых і краязнаўчых часопісах.
Сябе Іваноў называе пісьменнікам, паэтам, публіцыстам, краязнаўцам, папулярызатарам гісторыі, культуры і традыцый русінаў Малдовы. Характэрна, што пры гэтым ён мае, па ягоных словах, вышэйшую тэхнічную адукацыю. Іваноў з’яўляецца не толькі членам рускамоўнага Саюза пісьменнікаў Малдовы імя А. С. Пушкіна, але і членам лігі састарэлых джэнтльменаў — Партыі камуністаў Рэспублікі Малдова, на пленумах райкамаў якой перыядычна выступае.
Як ужо згадвалася вышэй, Іваноў бываў у Беларусі і сустракаўся з Чаротам на пісьменніцкім форуме. І не толькі бываў. Яго прынялі ў члены праўладнага Саюза пісьменнікаў Беларусі, членам прэзідыума яго быў Іван Чарота, а намеснікам старшыні з’яўляецца ягоны сын Аляксей Чарота. Пад Іванова нават была прыдумана пасада старшыні Малдаўска-беларускай літаратурнай секцыі, у якой ён з’яўляецца адзіным членам.
На лацкане яго піджака можна заўважыць медаль «За вялiкi уклад у лiтаратуру», якім узнагароджвае Саюз пісьменнікаў Беларусі, але ў якім жанры быў ягоны ўклад — удакладніць не атрымалася.
Гэтага Іванову было мала, сябе ён называе таксама вучоным сакратаром міжнароднага творчага аб'яднання імя Скарыны, звестак пра якое адшукаць не ўдалося, і лаўрэатам не названых міжнародных літаратурных прэмій. Нават членам-карэспандэнтам Пятроўскай акадэміі навук і мастацтваў, напаўмахлярскай грамадскай арганізацыі, якая дае прыгожы навуковы статус любому ахвотнаму.
Тактыка Іванова выглядае прыкладна так. Спачатку ён падсоўвае свае сенсацыйныя рукапісы навукоўцам. Калі тыя, а такіх, відаць, было большасць, ніяк не рэагуюць на відавочную фальшыўку, каментаваць якую ніжэй за іхнюю годнасць, то Іваноў згадвае пра іх так: «былі сумневы, гэта натуральная рэакцыя, але мяне ніхто не абвінавачваў у тым, што я прадставіў нейкую фальшыўку». Калі знаходзяцца тыя, хто чапляецца за прыманку, Іваноў пачынае ўжо іхнім імем даказваць сапраўднасць сваіх фальшывак. Так сталася і з Чаротам.
Увогуле дзейнасць Іванова расквітнела на ўрадлівай беларускай глебе. Разумеючы гэта, ён быў гатовы ствараць усё новыя і новыя сенсацыі, дастаючы са свайго бязмежнага радавога архіва, як фокуснік з цыліндра, самаробны аркуш за аркушам. Было відавочна, што неспрактыкаваная беларуская публіка праглыне ўсё пра Скарыну, што ён народзіць. Самаабвешчанага нашчадка талкавінаў не на жарт панесла.
Ён пачаў сцвярджаць, што Скарыны атрымаў зямельныя надзелы ў Сучаве і Рышканах, што бацька Скарыны Лука быў сябрам і паплечнікам малдаўскага гаспадара Стэфана Вялікага, і нават што па пратэкцыі апошняга Францыск Скарына навучаўся ў Італіі ў самога Леанарда да Вінчы!
Гэта не ўсё. Скарына, па словах Іванова, стаў першым горадабудаўніком Аргеева. А за выратаванне народа ад эпідэміі беларускаму першадрукару печанежскі цар аддаў у жонкі сваю 15-гадовую дачку Ірку Печанежскую, якая стала асабістай сакратаркай Скарыны. Менавіта яе руцэ ён прыпісвае многія дакументы, якія захоўваюцца ў архівах.
І гэта яшчэ не ўсё! Іваноў быў гатовы паказаць месца пахавання Францыска Скарыны ў Малдове. Магілу першадрукара яму быццам бы ў свой час паказаў дзед.
Не адным Скарынам багатая гісторыя Беларусі. Іваноў пачаў заходзіць усё далей, звязваючы з Малдовай усё больш постацяў беларускай гісторыі. Так ён заяўляў, што Усяслаў Чарадзей бываў там не адзін раз і нават кінуў сваё княства на сыноў, вярнуўшыся ў Малдову да каханай Любляны. Там і быў пахаваны.
Трыбунай для прасоўвання гэтага трызнення служаць тэлеканал «Мір», расійскі «Спутнік», а таксама мноства маргінальных прарасійскіх рэсурсаў і сацсеткі праўладнага Саюза пісьменнікаў Беларусі.
У канцы 2019 года для прасоўвання фантазій Юрыя Іванова беларускім пасольствам у Кішынёве нават была праведзена цэлая канферэнцыя «Малдаўскі след у жыцці Георгія Францыска Скарыны».
Cui bono?
Але ўсё ж дзеля чаго ўсё гэта робіцца? Для таго ж, відаць, дзеля чаго прыдумалі псеўданавуковую «новую храналогію», Велесаву кнігу, арыяў, гіпербарэйцаў і іншых жыхароў Нібіру — каб пахіснуць існы парадак і паспрабаваць навязаць новы, свой.
Як можна было ўжо зразумець, Юрый Іваноў з’яўляецца прыхільнікамі «рускага свету». Усе яго высілкі скіраваныя на тое, каб перапісаць гісторыю Малдовы і славянскай меншасці ў краіне, якую сёння пераважна складаюць украінцы, са сваіх русафільскіх пазіцый.
Дзеячы з далёкай Беларусі яго цікавяць настолькі, наколькі дазваляюць надаць ягоным маргінальным ідэям хоць нейкую вагу. Заўважце, што хапаецца ён толькі за першарадных асоб — Скарыну і Усяслава Чарадзея, якія могуць даць найбольш эфект. Эфект ёсць, бо, на вялікі жаль, у Беларусі дастаткова людзей, гатовых хапацца за выдумкі.
Карыстаючыся фрагментарнасцю звестак пра Францыска Скарыну, ён дапісвае тое, што навукоўцы нават не палічаць вартым згадваць у сваіх публікацыях — настолькі ўжо яно неверагоднае, а менш абазнаныя людзі могуць прыняць за чыстую манету.
Мы звяртаем увагу толькі на той пласт лухты, які быў створаны Івановым пра нашых дзеячаў, але гэта не адзін кірунак яго дзейнасці. Бачым, што сёння гэты прайдзісвет ухапіўся і асобу рускага паэта Аляксандра Пушкіна, чыя сустрэча з талкавінам у Малдове ў 1822 годзе быццам бы адлюстраваная ў ягоных аркушах.
У дзейнасці Іванова ёсць элемент міфатворчасці, ён не толькі выдумляе гістарычнае фэнтэзі, але і ўплятае ў яго сябе і ўласную сям’ю як носьбітаў таемных ведаў. Магчыма, што на сёння Юрый Іваноў — самы таленавіты аўтар з усіх членаў праўладнага Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Ці можна казаць, што літаратуразнавец Іван Чарота стаў ахвярай падману? З такой паслужной біяграфіяй цяжка паверыць, што навуковец мог не бачыць настолькі грубай фальсіфікацыі. Варыянтаў застаецца няшмат, або Чарота зрабіў гэту памылку з-за ўзросту, або ён свядома займаўся фальсіфікацыяй беларускай гісторыі пад прыкрыццём сваіх тытулаў і ранейшых заслуг.
Зрэшты, на карысць другога варыянта ўскосна сведчыць ягоная ідэалагічная прыхільнасць: ён абураўся русафобіяй беларускай моладзі і лічыў рускасць «нарожным каменем нацыянальнай сутнасці беларуса». Менавіта на павелічэнне рускасці Скарыны і скіраваная выдумка пра «малдаўскі перыяд» ягонага жыцця. Здаецца, гэта добры адказ на пытанне самога Чароты — «каму ад гэтага карысць?»
Ягоны ўдзел, свядомы ці не, у гэтай махінацыі, можа дыскрэдытаваць увесь ягоны ўнёсак у навуку — да кожнага сцвярджэння, пакінутага ім у навуковых публікацыях, цяпер варта ставіць некалькі пытальнікаў і пераправяраць.
Можа быць, мы проста недаацэньваем прастадушнасць людзей навукі, а тым больш у паважным узросце. Але гэтая гісторыя выкрывае і яшчэ адзін сумны факт — у беларускай навуцы аўтарытэт асобы значыць больш, чым ісціна.
У краіне няма не толькі палітычных дыскусій, але, здаецца, і культуры навуковай крытыкі. Можа быць, нехта з навукоўцаў проста грэбуе развянчаннем такіх грубых фальшывак, але тым часам яны шырацца, іх фрагменты пранікаюць у свядомасць людзей, не сустракаючы асаблівага супраціву.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
Я у разгубленнасцi...