Бондарава заклікала пакараць Марзалюка. Але падвяла сябе пад 15 сутак за рэпост «НН»
Даносчыца Вольга Бондарава працягвае свой актыўны ўдзел ва ўнутраных разборках у асяроддзі лукашыстаў і правяла новую атаку на дэпутата-гісторыка Ігара Марзалюка. Але не ўлічыла адзін нюанс.
20.11.2024 / 23:45
Вольга Бондарава апублікавала ў сваім тэлеграм-канале зварот у Палату прадстаўнікоў з просьбай
«даць ацэнку паводзінам дэпутата Марзалюка І.А. і яго публічным выказванням з выкарыстаннем ненарматыўнай лексікі ў дачыненні да жанчыны, законапаслухмянай грамадзянкі Беларусі».
Пад пацярпелай жанчынай маецца на ўвазе гродзенская доктарка Алена Стэфановіч, пра канфлікт якой з Марзалюком мы пісалі ўчора. Пра гэтую паплечніцу Бондаравай Марзалюк, выступаючы днямі па ТБ, сказаў наступнае.
«Калі нейкая шваль у Гродне, працуючы ў дзяржаўнай медыцынскай установе, заяўляе, што беларускі пашпарт — проста паперка, калі яны грэбуюць беларускай уладай, калі яны цкуюць Міністэрства культуры, але махаюць чырвона-зялёным сцягам, то яны робяць тое самае [што і «змагары»] і ствараюць негатыўны імідж беларускай улады».
Бондарава зачапілася за слова «шваль», якое ў публікацыі «Нашай Нівы» вынесенае ў загаловак, і не прыдумала нічога лепшага, як заскрыншоціць старонку з той публікацыяй і далучыць скрыншот да звароту.
Між тым вядома, што за скрыншоты з выданняў, прызнаных лукашыстамі «экстрэмісцкімі», у Беларусі пацярпелі сотні ды тысячы людзей. Прытым не абавязкова было тыя скрыншоты нават выкладаць публічна, дастаткова таго, што іх знайшлі б у тэлефоне ці камп'ютары пры аглядзе ці ператрусе.
Больш таго — часам рэпрэсавалі, дачапіўшыся да гэтага, нават апантаных лукашыстаў, якія нейкім чынам выбіліся з адпаведнасці генеральнай лініі, як, напрыклад, Эльвіра Мірсалімава ці Арцём Агафонаў.
На здзейснены Бондаравай ідэалагічны грэх ужо публічна звярнулі ўвагу ў апазіцыйным яе лініі лукашысцкім тэлеграм-канале «Для служебного пользования», з'едліва адзначыўшы, што даносчыца чытае «Нашу Ніву» праз VPN. У чым не маюць рацыі, паколькі са спасылкі відаць, што Бондарава выкарыстоўвае для ўваходу на наша выданне сайт-люстэрка.
Па ідэі, лукашэнкаўскія сілавікі павінны былі б пасля таго звярнуць на гродзенскую даносчыцу пільную ўвагу. Але вядома, што чамусьці акурат ёй у Беларусі дазваляюць больш, чым іншым. Цікава, як будзе гэтым разам?
«Нейкая шваль у Гродне». Марзалюк прайшоўся па Бондаравай і яе паплечніках
«Уціхамірцеся!» Азаронак кінуўся абараняць беларускія вуліцы ад Бондаравай. Але матывы ў яго свае