У Расію праз Беларусь вярнуліся з Украіны амаль паўсотні жыхароў Куршчыны
Сорак шэсць жыхароў Суджанскага раёна Курскай вобласці, значная частка якога застаецца пад кантролем Украіны, вярнуліся ў Расію, паведаміў губернатар вобласці Аляксей Смірноў.
22.11.2024 / 19:18
Скрыншот з відэа
Паводле слоў курскага губернатара, жыхары Суджанскага раёна, сярод якіх 12 дзяцей, перасеклі мяжу Украіны і Беларусі і цяпер вяртаюцца дадому.
Крыху раней пра вяртанне 46 жыхароў Курскай вобласці паведаміла ўпаўнаважаная па правах чалавека Расіі Таццяна Маскалькова. Таксама яна паведамляла, што сярод гэтых людзей адно немаўля, адно дзіця да трох гадоў і адзін чалавек, які перасоўваецца на інвалідным вазку.
Маскалькова сцвярджала, што ўсе гэтыя людзі былі вывезеныя на тэрыторыю Украіны «ўкраінскімі ўзброенымі фармаваннямі з тэрыторыі Курскай вобласці пасля ўзброенага нападу на рэгіён у жніўні гэтага года».