Беларуская прапаганда пабаялася паказаць, што Верамейчыка вывозілі самалётамі «Белавія» і «Аэрафлота»
20 лістапада з'явілася інфармацыя пра дэпартацыю экс-каліноўца Васіля Верамейчыка з В'етнама ў Беларусь. Тады ж было высветлена, што Верамейчыка даставілі ў Беларусь на рэйсе авіякампаніі «Белавія» з Масквы ў Нацыянальны аэрапорт «Мінск» 14 лістапада ў 23:48. У сюжэце прапагандыстаў былі прадэманстраваныя кадры з адзінокім Васілём на борце пустога пасажырскага самалёта пад эпічную музыку. Але рэдакцыя канала Motolko.help прааналізавала тыя відэа з іншай перспектывы.
22.11.2024 / 20:02
Як Верамейчыка вывезлі з В'етнама ў Беларусь?
Васіль Верамейчык быў затрыманы ў В'етнаме 13 лістапада, а ўжо 14 чысла на адзіным прамым рэйсе авіякампаніі «Аэрафлот» яго экстрадзіравалі з горада Хашымін у аэрапорт «Шарамеццева» (Масква) на рэйсе SU293, які прыбыў у Маскву ў 18:12.
Расклад рэйса SU293 Хашымін-Масква авіякампаніі «Аэрафлот»
У той жа дзень самалёт «Белавія» рэйсам B2978 вылецеў з «Шарамеццева» ў 22:45. І ўжо ў 23:48 разам са 177 пасажырамі на борце ён прыбыў на стаянку аэрапорта «Мінск». Гэты палёт рабіўся на Boeing 737-800 з рэгістрацыйным нумарам EW-527PA.
Расклад рэйса B2978 Масква-Мінск авіякампаніі «Белавія»
Згодна з правіламі авіяцыйнай бяспекі, спецыяльныя падраздзяленні па канваяванні не пазней чым за суткі пісьмова папярэджваюць службу бяспекі аэрапорта вылету/транзіту і прылёту пра дату і час вылету канвою, нумары рэйса, колькасць канваяваных і від спецыяльнага транспарту, якім канваяваныя будуць дастаўленыя да паветранага судна.
Улічваючы даўжыню фармальнага ланцужка (дзве авіякампаніі, транзітная краіна і тры аэрапорты) ды хуткасць дастаўкі, можна зрабіць выснову, што затрыманне 13 лістапада ў В'етнаме было спланавана загадзя.
Пасадка канваяванага на борт паветранага судна і высадка з борта робіцца ў першую чаргу. Акрамя таго, для такіх пасажыраў выдзяляюцца месцы ў задняй частцы салона.
Такім чынам Верамейчыка ў Мінску павінны былі першым вывесці з самалёта, а затым зноў вярнуць для запісу відэа.
Відэа — пастаноўка з карэктаваннем колеру і блюрам самалёта
Усё, што далей адбываецца на кадрах АНТ, было запісана ўжо пасля высадкі пасажыраў і выгрузкі багажа ў ноч з 14 на 15 лістапада. Інтэр'ер паказанага самалёта адпавядае і мадэлі, і канкрэтнаму варыянту аздаблення салона борта EW-527PA (а яго аздабленне ўнутры ўнікальнае ў «Белавія»).
Па незразумелай прычыне ў КДБ вырашылі перафарбаваць на постпрадакшне каляровую схему «Белавія» з сіняй на зялёную (унутры) і на чырвоную (звонку), прыбраўшы ўвесь брэндынг авіякампаніі і заблюрыўшы асобныя часткі самалёта на планах, знятых звонку.
Злева — Boeing 737-800 рэг. нумар EW-527PA на 13-й стаянцы аэрапорта «Мінск» 14 лістапада 2024 года з «перафарбаваным» у чырвоны капотам гандолы рухавіка
Злева — «перафарбаваныя» кадры з фільма АНТ (сурвэткі падгалоўнікаў, фіранкі паміж класамі). Справа — салон рэальнага борта EW-527PA
Злева — «перафарбаваныя» кадры з фільма АНТ. Справа — салон рэальнага борта EW-527PA з брэндынгам «Белавія»
Навошта? Можа быць, яны не хацелі наклікаць на перавозчыка дадатковыя санкцыі? Ці проста набівалі сабе ачкоў перад гледачом, нібыта пракруціўшы ўсю аперацыю на таямнічым уласным самалёце проста з В'етнама невядома калі?
На самай справе самалёт быў у распараджэнні сілавікоў усю ноч, і толькі а 9-й раніцы 15 лістапада паляцеў далей. Што таксама даволі паказальна з улікам наяўных праблем у «Белавія» з адменай рэйсаў праз недахоп бартоў.
Справай Васіля Верамейчыка зацікавіўся ГУР Украіны
На падтрымку Васіля Верамейчыка меней чым за суткі сабралі палову сумы
Жонка Верамейчыка: Паспеў напісаць дачцэ адно слова — дэпартацыя
«Сказаў: я тут нічога прасіць не буду». Жонка расказала, як Верамейчыка прызналі пагрозай у Літве
Стрыжак расказаў, чаму Верамейчык не змог легалізавацца ў Еўрасаюзе