«Вялікі абсалютна чалавек». Коля Лукашэнка расказаў, што для яго бацька і ў чым ягоная апазіцыйнасць
Малодшы сын Аляксандра Лукашэнкі Мікалай апошнім часам бярэ актыўны ўдзел у прапагандысцкай кампаніі свайго бацькі, якая вядзецца перад ягоным «пераабраннем», прызначаным на 26 студзеня наступнага года. Падчас канцэртаў у рамках «Марафона адзінства» ён звычайна грае на раялі, а перад чарговым выступленнем у Віцебску прапагандысты з БелТА ўзялі ў яго першае інтэрв'ю.
30.11.2024 / 21:04
Мікалай Лукашэнка. Фота: БелТА
Сярод іншага падчас размовы згадалі, што Аляксандр Лукашэнка жартам называў малодшага сына «галоўным апазіцыянерам у сям'і», і пацікавіліся, у чым гэта праяўляецца.
Аказалася, што Колева апазіцыйнасць у тым, што ён чытае розныя крыніцы інфармацыі і на аснове гэтага стараецца «сфармаваць максімальна аб'ектыўнае меркаванне пра ўсе падзеі».
Пры гэтым ён, маўляў, мае магчымасць «сказаць тое, што я бачу, прамалінейна. І я ніколі не змаўчу, калі я ў чымсьці ўпэўнены». А паколькі нібыта часта выказвае сваё меркаванне, то таму яго і можна назваць «апазіцыянерам».
З наступных слоў, аднак, выглядае, што гэтая «апазіцыйнасць» не распаўсюджваецца на стаўленне да бацькі і ягонай палітыкі.
«Але я не магу быць апазіцыянерам у адносінах да дзяржавы, да кіраўніка нашай дзяржавы, таму што я яго абсалютная копія. Некаторыя людзі кажуць, што я адрозніваюся ад свайго бацькі. Але гэтыя людзі ці не ведаюць мяне, ці не ведаюць майго бацькі», — заяўляе Лукашэнка-малодшы.
І хоць, паводле ягоных слоў, ён «ніколі не пераносіць нейкіх ілжывых захапленняў», бацьку ён лічыць «вялікім абсалютна чалавекам».
Прытым не адмаўляе, што бацька будзе мець вырашальны ўплыў і на яго асабістае жыццё, у тым ліку ў справе выбару спадарожніцы жыцця:
«Не сумняваюся, што да пытанняў майго асабістага жыцця ён будзе ставіцца з вельмі вялікай увагай. Вядома, я яму цалкам давяраю і прыслухоўваюся да яго меркавання. Многія падлеткі спрабуюць адпрэчваць меркаванне бацькоў. Можа быць, калісьці ў мяне такое і было, але дакладна не цяпер. Я з абсалютнай павагай і вельмі вялікай увагай стаўлюся да парад бацькі. Не проста таму, што так трэба і прынята, а таму што я ў гэтым пераканаўся на прыкладзе многіх падзей: ад самых глабальных да самых маленькіх, асабістых».
Коля Лукашэнка гастралюе па краіне
Коля Лукашэнка стаў героем расісцкіх мемаў
Лукашэнка пра свой выхад з аўтаматам у 2020-м: Коля бронекамізэльку накінуў — маці яго завыла
Канада ўвяла санкцыі супраць Колі Лукашэнкі
«Нікому не кажа, чый сын». Як у Пекіне вучыцца Коля Лукашэнка